Гродзенскі фарпост

№ 14 (985) 02.04.2011 - 08.04.2011 г

Не так даўно “К” пісала пра ўнікальны аб’ект — узноўленую партызанскую стаянку, што ўзведзена непадалёк ад Дзяржынска. Тым часам ужо сёння рыхтуецца да адкрыцця унікальны комплекс “Гродзенская крэпасць. Партызанскі лагер”.

Яго адметнасцю мусяць стаць драўляныя скульптуры беларускіх партызанаў, над якімі працуюць разьбяры па дрэве Мікалай Скляр і Валянцін Багдзевіч.

Як паведамілі ў Гродзенскім аблвыканкаме, чатыры фігуры вышынёй ад 1,9 да 2,6 метра будуць устаноўлены ля ўвахода ў партызанскі лагер. З мэтай даўгавечнасці скульптурнага ансамбля выкарыстоўваецца выключна якасная драўніна, узрост якой складае не менш за 100 гадоў.

Да таго ж, сам партызанскі лагер у лесе пад Гроднам аднаўляюць да драбнюткіх падрабязнасцей. Будаўнікоў кансультуюць удзельнікі тых далёкіх падзей. А таму ўжо на Дзень Перамогі першыя наведвальнікі комплексу змогуць ацаніць створаныя зямлянкі, бліндажы ды навесы.

Партызанскі лагер плануецца ўключыць ва ўсе гродзенскія турыстычныя маршруты, а ў перспектыве - у рэспубліканскія і нават замежныя. І, відавочна, ахвотных наведаць комплекс будзе нямала.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"