Геаграфія ”...Радавання”

№ 13 (985) 26.03.2011 - 01.04.2011 г

На падрыхтоўку фундаментальных даследаванняў часам патрэбны не адзін дзясятак гадоў, сотні тамоў вывучаных архіўных дакументаў і, што самае галоўнае, плённая праца апантанай каманды стваральнікаў. Гэтыя словы можна аднесці і да кнігі “Полацкае Радаванне”, укладанне якой пачалося літаральна ў адзін час з адраджэннем самога Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку.

/i/content/pi/cult/315/5537/14-3.jpg На старонках выдання можна знайсці не толькі агляд мінуўшчыны Полацкай абіцелі. Галоўнай задачай стваральнікаў кнігі стала, найперш, адлюстраванне гісторыі вяртання мошчаў святой Ефрасінні на Радзіму, у тым ліку падрабязнае апісанне шляху руху святыні і хронікі саміх урачыстасцей. Да таго ж, у кнігу ўключана інфармацыя пра старажытныя каштоўнасці Полацкай зямлі, храмы і манастыры, што знаходзіліся па шляху руху мошчаў прападобнай Ефрасінні з Кіева ў Полацк, а таксама архірэяў, якія кіравалі Полацкай епархіяй, і непасрэдных удзельнікаў цырымоніі 1910-га.

 Як адзначыла ігумення Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра Еўдакія пад час прэзентацыі кнігі ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі, падрыхтоўка выдання стала для абіцелі вялікай, але вельмі прыемнай працай. Па словах манашкі Сергіі, сумесна з фотамастаком Уладзімірам Суцягіным быў пройдзены і зафіксаваны ці не ўвесь шлях вяртання святыні з Кіева ў Полацк. У прыватнасці, здымкі вяліся ў Кіева-Пячэрскай лаўры, Рэчыцы, Жлобіне, Рагачове, Магілёве, Оршы. Акрамя гэтага, стваральнікі кнігі наведалі Растоў, які пад час Першай сусветнай вайны - у 1915 г. - стаў месцам эвакуацыі сясцёр полацкага манастыра і мошчаў святой Ефрасінні, а таксама Самару.

І тым не менш, найбольш важнай часткай даследавання стала, бяспрэчна, праца ў айчынных і замежных архівах. Да прыкладу, у Гістарычным архіве Санкт-Пецярбурга быў знойдзены фотаальбом з выявамі Полацка 1910 г., падораны імператару Мікалаю II самім аўтарам - Мікалаем Міронавым. Як адзначыла манашка Сергія, даследчыкі працавалі таксама ў Нацыянальным гістарычным архіве Рэспублікі Беларусь, Інстытуце гісторыі і матэрыяльнай культуры Расійскай акадэміі навук, Гістарычным архіве Масквы, бібліятэцы Акадэміі навук Літвы, Полацкім занальным архіве. Да таго ж, перыядычныя выданні пачатку ХХ ст. вывучаліся ў Дзяржаўнай публічнай бібліятэцы імя Салтыкова-Шчадрына ў Санкт-Пецярбургу, а таксама ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі.

 Між іншым, да прэзентацыі кнігі ў акадэмічнай бібліятэцы была арганізавана выстаўка "Заступніца Зямлі Беларускай", на якой прадстаўлены выданні 1862- 2010 гг., прысвечаныя святой Ефрасінні Полацкай. Сярод іх - два выданні "Жития преподобной Евфросинии, княжны Полоцкой с кратким описанием основанного ею в городе Полоцке женского монастыря", што пабачылі свет у 1888 і 1894 гг., а таксама "Віленскі каляндар за 1911 г." з падрабязным апісаннем урачыстасці з нагоды перанясення мошчаў святой з кіеўскіх пячор у Полацк. Таксама ў календары можна ўбачыць рэпрадукцыі ікон з выявай святой Ефрасінні, сярэбранай усыпальні з яе мошчамі, фота Спаса-Праабражэнскага храма.

 Дзякуючы плённай працы стваральнікаў кнігі, выданне вылучаецца багатым ілюстрацыйным матэрыялам. У прыватнасці, у ім прадстаўлены ўнікальныя фотаздымкі другой паловы XIX - пачатку ХХ стагоддзя, якія да гэтага часу былі даступныя толькі спецыялістам.

На здымку: у час перанясення мошчаў святой Ефрасінні ў Полацку. 1910 г.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"