Па два бакі “Брамы неўміручасці”

№ 10 (982) 05.03.2011 - 11.03.2011 г

Першыя літары на “Фартуне”

/i/content/pi/cult/312/5419/pic_26.jpgАктуальнасць твораў гэтага славутага майстра беларускага слова не гублялася дзесяцігоддзямі. Ды і сёння вершаваныя радкі Кандрата Крапівы, якія высмейваюць самыя розныя заганы чалавечай прыроды, застаюцца злабадзённымі і, што немалаважна, запамінальнымі з дзяцінства. Разам з унучкай пісьменніка Аленай Атраховіч зазірнем у творчую майстэрню класіка, судакранемся з яго нататнікамі, лістамі аўтографаў, а таксама перагорнем колькі старонак з асабістага фотаальбома...

Нагодай чарговы раз прыгадаць славутага творцу, патрыярха беларускай сатыры сталася аднайменная выстаўка, арганізаваная Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры, прымеркаваная да 115-годдзя з дня нараджэння пісьменніка. У праекце прадстаўлены рукапісы найбольш вядомых твораў Кандрата Крапівы, яго асабістыя рэчы - ад шахмат да пёравай ручкі, а таксама шэраг разнастайных дакументаў і пасведчанняў. Усе гэтыя каштоўнасці пасля смерці Кандрата Кандратавіча былі перададзены яго роднымі ў Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры. Тым не менш, яго блізкія маюць не менш каштоўныя скарбы - памяць пра класіка нашай літаратуры і, у першую чаргу, пра чалавека, з якім давялося пражыць не адно дзесяцігоддзе.

Да адкрыцця выставачнага праекта сваімі ўспамінамі пра Кандрата Крапіву з карэспандэнтам "К" падзялілася яго ўнучка - кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Алена Ігараўна Атраховіч.

- Мне пашанцавала пражыць побач з Кандратам Кандратавічам 35 гадоў. А таму памятаю яго з самага маленства. Зараз прыгадваецца, як я, зусім яшчэ маленькая, сяджу за сталом у дзедавым кабінеце, а ён паказвае маленькія нататнічкі. Памятаю, як побач стаяла яго нямецкая трафейная машынка маркі "Фартуна", да якой вельмі хацелася дакрануцца. І, заўважыўшы маю цікаўнасць да гэтага прадмета, дзядуля дазваляў вывучаць на ёй літары. Адметна, што ў свой час і мая дачка Варвара, а потым маленькі ўнук Глеб таксама на гэтай жа машынцы спазнавалі беларускі алфавіт.

Дарэчы, гэтая даволі масіўная і цяжкая "прылада" суправаджала дзядулю літаральна паўсюдна з 44га года да канца жыцця - і на адпачынку, і ў камандзіроўках. Калі Кандрату Кандратавічу было ўжо за 90, мы, выпадкова зазірнуўшы ў працоўны кабінет, бачылі, як, напрыканцы свайго зямнога шляху, ён пагладжваў машынку, на якой былі створаны многі/i/content/pi/cult/312/5419/pic_27.jpgя вядомыя яго творы.

Цікавая дэталь: нават рукапісы ў яго былі літаральна заўсёды вельмі чыстыя. Ён мала правіў, бо, відаць, у думках складаў цалкам скончаныя фразы, сказы. У яго была фенаменальная памяць, ён усё помніў. Адзінае, як і кожны творца, пад час працы патрабаваў цішыні.

Як займаўся творчасцю Кандрат Кандратавіч? Пасля працы прыходзіў дадому, з гадзіну адпачываў і да глыбокай ночы пісаў. Ягоны дэвіз - "Ні дня без радка!"

У побыце ж дзядуля быў вельмі простым, можна нават сказаць, аскетычным, непатрабавальным. Прыгадаю яскравы прыклад. У яго меліся два прыгожыя гальштукі, прывезеныя з Лондана, які ён наведаў з беларускай дэлегацыяй у 1946 годзе. Дык вось, Кандрат Кандратавіч імі карыстаўся больш за паўстагоддзя! Дзядуля быў даволі камунікабельным чалавекам. Вельмі сябраваў яшчэ з даваенных часоў з Пятром Глебкам, Петрусём Броўкам. Што і казаць, яго дом быў заўсёды адкрыты для гасцей.

Пра гэта сведчыць і такі цікавы выпадак. Калі Кандрат Кандратавіч напісаў сваю апошнюю п'есу "На вастрыі", яму было ўжо 86 гадоў. Гэты твор паставілі ў Коласаўскім тэатры, але дзядуля не змог трапіць на прэм'еру ў Віцебску. І таму, калі тэатр прыехаў на гастролі ў Мінск, то ўсёй трупай завітаў у госці да аўтара п'есы і паказаў асобныя сцэны

/i/content/pi/cult/312/5419/pic_29.jpgКалі ж казаць пра яго творы, дык варта, найперш, прыгадаць "Браму неўміручасці", якую ён пісаў цягам шасці гадоў. За гэтай камедыяй ляжыць вялікая асабістая драма, у ёй шмат аўтабіяграфічнага. Задума стварыць твор на тэму бессмяротнасці ці неўміручасці ў яго ўзнікла, калі памерла яго жонка і мая бабуля Алена Канстанцінаўна. Кандрат Кандратавіч глыбока перажываў гэту страту. Таксама, як і ў галоўных герояў п'есы, у нашага дзядулі ў час Вялікай Айчыннай вайны загінуў сын Барыс.

Цікава адбывалася і абмеркаванне гэтай п'есы ў сямейным коле. Калі Кандрат Кандратавіч скончыў "Браму неўміручасці", ён запрасіў усіх родных "на чытку" і ўголас прачытаў гэты твор, прапанаваў выказваць свае заўвагі. Незалежна ад узросту, усім даў слова. Яму патрэбная была жывая рэакцыя. Не дзіўна, што гарачыя абмеркаванні працягваліся некалькі гадзін.

За час працы ў Акадэміі навук, шматгадовай творчай дзейнасці ў Кандрата Кандратавіча сабраўся велізарны архіў. А таму застаюцца спадзяванні, што калі-небудзь паўстане і музей патрыярха беларускай сатыры, дзе кожны зможа пабачыць унікальныя рукапісы і іншыя матэрыялы, якія пакуль захоўваюцца ў фондах.

Фотаздымкі і аўтографы з архіва Алены Атраховіч.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"