Новы Статут і новыя задачы

№ 9 (981) 26.02.2011 - 04.03.2011 г

Тое, што сацыяльнае партнёрства паміж прафсаюзамі і дзяржаўнымі структурамі пашырае межы ўзаемадзеяння, пацвердзіў VII (пазачарговы) З’езд Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, які адбыўся 22 лютага ў Доме прафсаюзаў.

 

Агучанае вышэй пацвярджаецца шырокім прадстаўніцтвам супрацоўнікаў міністэрстваў, іншых органаў улады на форуме.

"Аснова ўзаемастасункаў з нашымі партнёрамі - гэта заключэнне мясцовых калектыўных дагавораў", - падкрэсліла ў сваім дакладзе старшыня ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў культуры Наталля Аўдзеева. Так, высветлілася, што на 1 студзеня 2011-га 1059 арганізацый маюць свае калектыўныя дагаворы, якія распаўсюджваюцца на 103 тысяч чалавек. Гэтая лічба значна перавышае адпаведныя паказчыкі ў мінулых гадах.

Таксама адзначыла станоўчую дынаміку старшыня ЦК і ў дачыненні да набліжэння суадносін узроўню заработнай платы работнікаў бюджэтных галін да ўзроўню сярэднямесячнага заробку работнікаў прамысловасці. "Натуральна, што гэтыя суадносіны патрабуюць далейшай карэкціроўкі, аднак зрухі таксама належыць заўважаць", - зазначыла Наталля Аўдзеева.

Што да другога пытання парадку дня - аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Статут Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, - дык яно выклікала абмеркаванні. Змяненні ў "законе" прафсаюзаў выкліканы, у першую чаргу, састарэласцю пэўных пунктаў дзеючага Статута. Дакумент патрабуе элементарнай карэкціроўкі адносна Статута Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. І гэта не выклікае непаразуменняў.

Спрэчкі ў дачыненні да дапаўненняў выклікала прапанова выбіраць старшынёй, намеснікам старшыні прафсаюза работнікаў культуры прадстаўнікоў прафсаюзаў іншай цэхавай прыналежнасці, агучаная Наталляй Аўдзеевай. Занепакоенасць членаў прафсаюза была выклікана магчымай стратай спецыфікі прафсаюза работнікаў культуры. Аднак своеасаблівы кансэнсус быў знойдзены дзякуючы ўдакладненню, што кіраўніком ячэйкі прафсаюзаў работнікаў культуры можа стаць толькі той чалавек, які разам з пачэснай пасадай абавязкова прымае членства менавіта ў галіновай арганізацыі. Такім чынам, Статут Беларускага прафсаюза работнікаў культуры ў новай рэдакцыі быў прыняты.

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"