Дык гэта ж Мележ!

№ 7 (979) 12.02.2011 - 18.02.2011 г

Мазыр — Мінск: з Палесся на “Дугласе”

/i/content/pi/cult/309/5317/pic_7.jpgПершыя старонкі рукапісаў хрэстаматыйнай "Палескай хронікі", вершы Івана Мележа, лісты да яго ад сяброў і прыяцеляў, фотаздымкі і першыя выданні кніг народнага пісьменніка... Усе гэтыя ўнікальныя рэчы сабраны ў межах выстаўкі, што адкрылася ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры і сабрала даследчыкаў і прыхільнікаў творчасці Івана Мележа, яго родных і сяброў.

 

Гарбата з малінавых галінак

Ніхто не ведае чалавека лепш, як яго родныя. А таму - як не пагутарыць з блізкімі Івана Паўлавіча? Пад час сустрэчы ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры цёплымі ўспамінамі пра класіка айчыннай літаратуры з карэспандэнтам "К" падзялілася яго родная сястра Любоў Паўлаўна Мележ.

- Я помню свайго старэйшага брата толькі ў пасляваенны час, бо нарадзілася ў 1937 годзе. Вядома ж, калі Івана забралі на фронт, я была яшчэ зусім маленькая. І тым не менш, Вялікую Айчынную вайну добра памятаю. Ці не ўсе гады акупацыі сядзелі ў балоце. Бацька ж быў сувязным у партызанскім атрадзе. Увесь гэты час мы не ведалі, ці быў жывы Іван, што з ім: за гады акупацыі не было аніякіх вестак ад старэйшага брата. Маці часта паўтарала: "Няхай усё багацце, няхай усё прападзе! Галоўнае - каб усе дзеці былі жывыя і здаровыя!" Іван пазней расказваў, што пад час вайны таксама пастаянна імкнуўся атрымаць хоць якія звесткі пра сям'ю.

І толькі ў 1944-м ён даведаўся, што ўся яго вялікая сям'я (нас разам з бацькамі было пяць чалавек) - жывая! Але ад прасторнай хаты засталося адно папялішча... Бацька ў вялізным сховішчы пакінуў вопратку, каштоўныя побытавыя рэчы, збожжа. Нічога не засталося... Ацалеў толькі хляўчук, які стаяў наводдаль. Адзінае ж, што захавалася з сялянскага багацця,- медны самавар, які ляжаў ля хлеўчука, і заварачны чайнік.

Калі Іван прыехаў першы раз, чым маглі яго парадаваць? Хіба гарбатай, заваранай у тым самым ацалелым чайніку. Мы надраілі да бляску самавар, наламалі галінак маліны, парэчкі ды вішні. Шкада, што ніякіх яго слядоў цяпер не знаходзіцца. Мая задума- неяк здабыць гэты самавар і размясціць у музеі на такім самым стале, засланым ільняным ручніком...

Адметнай была і мая першая свядомая сустрэча з Іванам. Асабліва ўлічваючы той факт, што ніколі яго дагэтуль не бачыла. У прадастаўленай нам пасля вайны калгасам хаце бачу, як аднойчы заходзіць нейкі хлопец, з відавочна пашкоджаным правым плячом. Тут жа маці пачала мітусіцца. Не магу забыць і слёзы радасці ад таго, што наш герой вярнуўся з вайны жывы.

Іван першы раз прыехаў як толькі змог у 1945-м. А ўжо праз год ён нам прыслаў сваю першую кніжку - "У завіруху". Увесь тытульны ліст быў спісаны зваротамі да кожнага з родных яму людзей па імені. Іван заўсёды вельмі часта прыязджаў і як мог дапамагаў.

Мала хто ведае і пра наступны выпадак. /i/content/pi/cult/309/5317/pic_8.jpgУ 46-м я страціла зрок, а трэба было ўжо хадзіць у школу. Давялося лячыцца ў Мінску. Дзякуючы Івану ўпершыню маці паляцела на самалёце "Дуглас" з Мазыра ў Мінск. Яна надта ж хвалявалася, угаворвала Івана паехаць поездам. Затое пасля хвалілася, што пабывала ў нябёсах і нават не спалохалася. Яно і не дзіва: Іван сядзеў з ёю побач і казаў: "Матуля, спявайце любую песню". І вось яны там, у нябёсах, спявалі народныя песні...

Вядома, пасля вайны была нястача. Неяк мы з маці па вясне нават збіралі жалуды, сушылі іх. Нельга не згадаць яшчэ адзін выпадак, звязаны з братам. Аднойчы бацька прывёз з Мінска ад Івана два чамаданы, адзін з якіх быў з боханамі хлеба, другі - запоўнены кнігамі.

Павел Фёдаравіч, наш бацька, быў надзвычай адукаваны для свайго часу. Ведаў на памяць многія вершы Аляксандра Пушкіна і Міхаіла Лермантава, часта цытаваў "Палескіх рабінзонаў" Янкі Маўра. Брат перадаваў шмат кніг нам, асабліва- класіку. Вельмі падабалася чытаць гогалеўскі "Вій" узімку. Пры гэтым чыталі пераважна пры адмысловай самаробнай лямпе: у гільзу з-пад снарада была наліта газа.

Іванам Мележам ганарыліся ўсе Глінішчы. А тыя кнігі з аўтографамі, што перадаваў нам брат, чыталі ўсёй вёскай, перадавалі з хаты ў хату...

 

Не пазнаў класіка

Хто, як не Генадзь Гарбук, так блізка звязаны з творчасцю Мележа? Сотні спектакляў, тэлепастаноўкі, экранізацыя - ва ўсіх іх быў задзейнічаны і Генадзь Міхайлавіч. У дзень нараджэння Івана Мележа народны артыст Беларусі падзяліўся з "К" сваімі ўражаннямі ад знакамітага пісьменніка, з якім яму давялося неаднаразова сустракацца.

- Літаральна праз год пасля майго пераезду з Віцебска ў Мінск я распачаў працу над першай, чатырохсерыйнай, тэлеверсіяй рамана "Людзі на балоце" - аднаго з першых беларускіх тэлесерыялаў, які даў вялізарны штуршок для майго акцёрскага развіцця.

 Першая сустрэча адбылася з Іванам Паўлавічам, калі здымалі сцэну для першай серыі тэлефільма пра перадзел зямлі, бойку Васіля і Яўхіма. Пакуль толькі рыхтаваліся, узаралі кавалачак зямлі. У гэты час я заўважыў высокага незнаёмага чалавека, які хадзіў побач. Я падумаў, што гэта нейкі журналіст, запытаўся пра яго ў нашай здымачнай групы. А мне і кажуць: дык гэта ж Мележ!

Тады, калі распачаліся здымкі, я ўжо не мог стрымаць свайго хвалявання. Пры гэтым запомнілася, што Іван Паўлавіч уважліва глядзеў, але ні слова не сказаў. У далейшым, пад час пастановак спектакля, ні разу не бачыў, як Мележ выказваў якія крытычныя заўвагі. Але самае галоўнае - ён нам прывіў любоў да палескіх слоў, вучыў іх правільна, з мяккасцю вымаўляць.

Што і казаць, лепшыя ўспаміны, лепшыя гады звязаны з творчасцю Мележа. Якіх толькі герояў "Палескай хронікі" я не іграў: і Васіля, і Чарнушку, і асабліва- з вялікім задавальненнем - Апейку. І для мяне вялікая радасць, што наш рэжысёр Аляксандр Гарцуеў у верасні будзе ставіць у Купалаўскім тэатры спектакль "Людзі на балоце".

 Адно шкада, што сёння мала хто памятае, як адразу пасля выхаду ў свет "Людзей на балоце" на Беларускім радыё была зроблена ўнікальная радыёпастаноўка. Думаецца, калі б хто гэта зараз пачуў, я ўпэўнены, не адарваўся б слухач ад прыёмніка.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"