Па старонках Мележавага дзённіка

№ 6 (978) 05.02.2011 - 11.02.2011 г

Шэраг разнастайных мерапрыемстваў чакаецца ў межах святкавання 90-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа.

Гэтымі днямі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрылася выстаўка "Пясняр палескага краю", дзе экспануюцца 270 дакументаў, сярод якіх дзённікі, першыя выданні раманаў і аповесцей класіка айчыннай літаратуры. Да таго ж, у межах праекта прадстаўлены творы Івана Мележа ў перакладзе на розныя мовы свету, а таксама матэрыялы, прысвечаныя экранізацыі "Палескай хронікі".

А непасрэдна ў дзень нараджэння пісьменніка, 8 лютага, у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры мусіць адбыцца вечар памяці "Летапісец Палескай зямлі". Як адзначылі ў музеі, у імпрэзе плануюць узяць удзел родныя пісьменніка, даследчыкі яго творчасці, сябры і знаёмыя Івана Мележа. Пад час святочнай імпрэзы адбудзецца і прэзентацыя аднайменнай выстаўкі, унікальныя матэрыялы для якой былі сабраны з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.

Не пакінуць па-за ўвагай юбілей свайго знакамітага земляка і на Хойніччыне. У прыватнасці, на малой радзіме пісьменніка ва ўстановах культуры і адукацыі цягам гэтага месяца адбудуцца святочныя імпрэзы і навукова-практычныя канферэнцыі.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"