Хто склеіў цудадзейны глечык?

№ 5 (977) 29.01.2011 - 04.02.2011 г

Варэнікі з макам, піражкі, каўбаска і, вядома, куцця... Пачаставацца ўкраінскімі прысмакамі, даведацца пра культуру і традыцыю зімовых украінскіх святаў, паслухаць і паспяваць украінскія “колядкі та щедрівкі” — добры падарунак сваім землякам і сябрам зрабіла Пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь, зладзіўшы свята “Украінскія зімовыя вечарніцы”.

/i/content/pi/cult/307/5264/14-4.jpg

Прадстаўнікі дыпмісій розных краін, актывісты грамадскіх украінскіх аб'яднанняў, харавыя, выканальніцкія калектывы, сем'і прадстаўнікоў Пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь... Свята праходзіла ва ўрачыстай і, разам з тым, нязмушанай атмасферы, калі кожны прысутны мог выступіць у ролі як артыста, так і гледача.

- Зімовыя святы на Украіне пачынаюцца 4 снежня, калі адзначаецца Увядзенне ў храм Прасвятой Багародзіцы,- распавяла вядучая імпрэзы, намеснік старшыні Беларускага грамадскага аб'яднання ўкраінцаў "Ватра" Таццяна Бей. - 7 снежня - дзень вялікапакутніцы Кацярыны, 13 снежня - Андрэеўскія вечарніцы. Далей - дзень святой Варвары, святога Мікалая Цудатворца; 7 студзеня - улюбёнае свята - Ражджаство Хрыстова, Шчодры Вечар; 14 студзеня- стары Новы год - Святы Васіль; 19 студзеня - Вадохрышча...

 На Андрэеўскія вечарніцы ў пэўных рэгіёнах Украіны ладзіўся абрад "Разбіты глечык". Дзяўчына з добрымі пажаданнямі частавала людзей на вечарніцы прысмакамі з глечыка. Калі посуд пусцеў, глечык разбівалі- яго аскепкі лічыліся "цудадзейнымі" і разбіраліся "на шчасце". Жвава і запамінальна інсцэніраваў цікавы абрад продкаў фальклорны ансамбль украінскай песні і абраду "Ватра". І толькі разляцеліся кавалачкі чароўнага глечыка, як самыя кемлівыя з гасцей паспелі падабраць парачку "цудадзейных" аскепкаў.

Трэба адзначыць, што ўсе словы, песні, вершы, якія прагучалі на імпрэзе, былі напоўнены асаблівым пачуццём. І, сапраўды, каб выказаць любоў да роднай зямлі, дастаткова нават маленечкага чатырохрадкоўя, куплета, які спяваецца з душою. Песні пра каханне ў выкананні ансамбля "Ятрань", калядкі, віншаванні, гімны ў выкананні калектываў "Украінская песня", "Крыніца", "Ватра" - былі выкананы менавіта так.

 - Я рыхтавалася да сённяшніх вечарніц з вялікім імпэтам, - распавяла артыстка народнага хору "Крыніца" Вольга Круцько. - У невялічкай інсцэніроўцы мая гераіня мусіць распавесці сваёй дачцэ аб святым Мікалаі, які прыходзіць да ўсіх дзетак - паслухмяных і непаслухмяных. Вершык быў адпаведнага рытму, а я не знайшла гатовай калыханкі - яна патрэбна там па сцэнарыі. Што рабіць? У выніку мелодыя нарадзілася сама. Я вывучыла яе і праспявала на выступленні...

Спадарыня Вольга, якая жыве ў Беларусі ўжо каля дзесяці гадоў, прызналася, што для яе вялікае задавальненне і гонар спяваць у народным хоры. "Цяпер я на пенсіі і, можна сказаць, сваёй творчасцю выконваю гуманітарную місію", - усміхаецца яна. Артыстка ахвотна распавяла і пра свой сцэнічны касцюм, які стварала, абапіраючыся на досвед даследчыкаў украінскіх строяў.

 - Вядома, гэта не аўтэнтыка, але ён адлюстроўвае маё ўяўленне пра тое, як мусіць выглядаць украінка ХХІ стагоддзя, - падкрэсліла яна.

Свае стаўленне да культуры і традыцый продкаў выказала і Таццяна Бей.

- Я была гарадскім дзіцем, але заўжды ў дзяцінстве прыязджала на зімовыя святы да бабулі, ведала ўсе звычаі, - дзеліцца яна ўспамінамі. - Памятаю, як маленькая насіла вячэру суседзям напярэдадні Каляд, 6 студзеня, увечары... Дзіця - нібы анёлак!..

Куццю на свята рабілі з жыта, удакладняе намеснік старшыні Беларускага грамадскага аб'яднання ўкраінцаў "Ватра". Яна была зварана пэўным чынам: так, каб яе немагчыма/i/content/pi/cult/307/5264/14-3.jpg было з'есці многа - толькі пачаставацца. І гэтая традыцыя - варыць куццю на зімовыя святы - захавалася па сёння амаль у кожным украінскім доме. Каб упэўніцца ў гэтым, дастаткова было кінуць вокам на святочны стол - і, не ўтрымаўшыся, пачаставацца.

Пад час сумеснага выканання артыстамі калектываў і гасцямі ўлюбёнай украінцамі каляднай песні "Добры вечір тобі, пане господарю!" знаёмлюся з адэсіткай Кацярынай Пятровай. Яна вучыцца ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце па парадзе маці, беларускі, якая настаяла на тым, каб дачка атрымала адукацыю менавіта ў адной з беларускіх ВНУ.

- Так, я заўважыла, што ў Беларусі часцей гатуюць куццю з грэчкі, рысу,- адзначае адрозненні ў прыгатаванні святочных страў дзяўчына. - У нашай сям'і традыцыя рыхтаваць святочны стол з 12-ці абрадавых страў шануецца кожны год.

- Увогуле ж, - кажа Кацярына,- мяне беларусы вельмі ўражваюць сваёй лагоднасцю. - Украінцы, падаецца, больш тэмпераментныя. Аднак і ўкраінцы, і беларусы - людзі вельмі добрай душы.

 На "Украінскіх зімовых вечарніцах" гэта асабліва адчувалася.

 На здымках: народны хор "Крыніца"; святы Мікалай завітаў на вечарніцы.

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"