Мецэнаты з роду Завішаў

№ 4 (976) 22.01.2011 - 28.01.2011 г

Першыя ў найноўшай гісторыі насельнікі гэтай старадаўняй абіцелі пачалі з'яўляцца ў сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагоддзя. У перыяд свайго чарговага адраджэння Свята-Дабравешчанскі мужчынскі манастыр у невялікай вёсцы з адпаведнай назвай Малыя Ляды Смалявіцкага раёна меў прыстасаваны ў савецкі час пад складскія памяшканні велічны храм, створаны ў стылі позняга барока. Ды шэраг будынкаў мясцовай базавай школы, вучняў якой даўно не ставала нават на адзін клас. Сёння гэта паўнавартасны манастыр са сваім укладам, прыведзеным да ладу храмам і ўтульнымі келлямі для браціі абіцелі. І што самае галоўнае, ён мае багатую, часам нават неверагодную, гісторыю.

/i/content/pi/cult/306/5229/pic_41.jpg

 

Ацаленне праз цудадзейны абраз

Паданне сцвярджае, што ў XVII стагоддзі мясцоваму селяніну з'явілася Багародзіца і паказала месца ўзвядзення храма. Неўзабаве драўляная царква была пабудавана жыхарамі навакольных вёсак. А адной са святынь храма стала копія цудатворнага абраза Жыровіцкай Божай Маці, якую ў 1732 годзе падарыла жонка мінскага ваяводы Завішы Тэрэса Тышкевіч у падзяку за ацаленне ад цяжкай хваробы.

Пашыраная далёка за межамі павета слава пра цудадзейны абраз заахвоціла Завішаў пабудаваць замест струхлелай новую драўляную царкву і заснаваць пры ёй манастыр для базылянаў. Да таго ж, на ўтрыманне створанага манастыра Тэрэса Завіша перадала яму вёскі Слабодку і Грыву, а таксама 4000 польскіх злотых і права бясплатнага перамолу хлеба на смілавіцкім млыне.

Чарговы цуд, звязаны з родам Завішаў, адбыўся ў 1737 годзе. Маршал Вялікага Княства Літоўскага граф Завіша даў зарок: у выпадку ацалення сваёй жонкі Марцыбелы Агінскай пабудаваць у Лядах каменную царкву і манастырскі корпус. І хоць гэтае абяцанне не ажыццявілася, сама Марцыбела з 1746 па 1756 год ахвяравала ўніяцкаму манастыру ў агульнай суме прыкладна 14 000 польскіх злотых.

Менавіта па хадайніцтве і садзейнічанні роду Завішаў у Лядах былі заснаваны кірмашы ў дні Дабравешчання Багародзіцы і нараджэння Іаана Хрысціцеля, што значна павялічыла манастырскія прыбыткі. Дзякуючы ім і з'явілася магчымасць распачаць новае будаўніцтва, што скончылася ўзвядзеннем у 1794 годзе мураванай царквы і ў 1850-м манастырскага комплексу.

 

Вялікая семінарыя ў Малых Лядах

 Сёння царква ўяўляе з сябе трохнефавую бязвежавую базіліку з прамавугольнай апсідай з бакавымі нізкімі рызніцамі. Храм накрыты агульным двухсхільным дахам з вальмай над апсідай. Акрамя таго, на цэнтры даху ўзведзены гранёны барабан з цыбулепадобнай галоўкай. З інвентарнага вопісу 1805 года вядома, што грабяні валют вянчалі драўляныя дэкаратыўныя вазы, а фасад быў "распісаны на оптыку". У прыватнасці, водгукі барочнай стылістыкі яскрава праявіліся ў арганізацыі інтэр'ера царквы. Цікава, што ў ХІХ ст. на месцы з'яўлення Багародзіцы знаходзілася капліца з драўляным абразом Божай Маці, да якой па святах ладзілі хрэсны ход з манастыра. На пачатку XIX ст. пры манастыры была заснавана багадзельня, а ў 1809 г. па ініцыятыве настаяцеля, іераманаха Мялеція Сержбутоўскага адкрылася чатырохкласнае духоўнасвецкае вучылішча, у якім выхоўваліся і навучаліся дзеці розных саслоўяў. Яе куратарам быў доктар права Казімір Манюшка. На базе шырока вядомай на той час ляданскай школы ў 1834 г. паўстала духоўная семінарыя.

У 1830-я, у сувязі з пачаткам ганенняў на ўніяцкую царкву ўзнікла верагоднасць закрыцця і Свята-Дабравешчанскага манастыра. І толькі дзякуючы звароту яго браціі ў праваслаўе манастыр не толькі не спыніў свайго існавання, але і працягваў далей развівацца.

У прыватнасці, у 1878 годзе па блаславенні мінскага епіскапа Яўгена манастырская царква істотна абнавілася: былі заменены купал і дах, павялічаны іканастас, зроблены мастацкія роспісы. Як сведчаць архіўныя дакументы, работы завяршыліся да 20 жніўня 1878 г.- Свята Праабражэння Гасподняга. А ў 1900-м быў ажыццёўлены яго першы і апошні ў ХІХ ст. капітальны рамонт.

Што ж уяўляў з сябе тагачасны манастыр? У ХІХ ст. у ім знаходзілася ўсяго 13 чалавек: настаяцель, пяць іераманахаў, два іерадыяканы і пяць паслушнікаў. Найбольш урачыстымі падзеямі ў манастыры былі святы ў гонар нараджэння Іаана Хрысціцеля, а таксама святых апосталаў Пятра і Паўла, на якія збіралася шмат вернікаў з навакольных вёсак і нават з Мінска.

 

Паўстанне з нябыту

Як адзначылі ў манастыры, на пачатку 1920-х гадоў абіцель у вёсцы Малыя Ляды была зачынена, а брація выселена. Пры гэтым пэўны час царква працягвала дзейнічаць як прыхадская. Аднак у 1939-м яе закрылі, пасля разрабавання царкоўных абразоў. Мясцовай уладай меркавалася ў памяшканні царквы размясціць спіртзавод, але яго дырэктар адмовіўся ад такіх варварскіх планаў, і тады манастырскі корпус заняла школа.

У першыя гады Вялікай Айчыннай вайны храм быў ізноў адкрыты. Да таго ж, 2 чэрвеня 1942 г. у манастыр быў дастаўлены мітрапаліт Панцеляймон са сваім кялейнікам Юльянам. Захаваліся звесткі, што пад час служэння ў Лядах ім склікаўся прадстаўнічы сабор, які быў распушчаны нямецкімі акупацыйнымі ўладамі.

Па заканчэнні вайны дырэктар школы, што па-ранейшаму размяшчалася ў манастырскім корпусе, дамагаўся закрыцця царквы, матывуючы сваю ініцыятыву тым, што набажэнствы ў храме адмоўна ўплываюць на дзяцей і замінаюць ім добра вучыцца. У выніку ў 1960 годзе храм быў зачынены, а галоўная яго святыня - Жыровіцкая ікона Божай Маці - знікла. З храма сарвалі купал, а будынак ператварылі ў склад. Доўгі час храм стаяў без дагляду і, вядома ж, не рамантаваўся. Праз некалькі дзесяцігоддзяў бяздзейнасці будынак храма знаходзіўся ўжо ў аварыйным стане: з прагнілымі дахам і падлогай, пашкоджанымі роспісамі, выламанымі вокнамі і дзвярыма...

 Толькі ў 1992 годзе адбылося афіцыйнае адкрыццё прыхадской царквы ў вёсцы Вялікія Ляды. Праз два гады рашэннем Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы быў адноўлены і Свята-Дабравешчанскі мужчынскі манастыр, першым настаяцелем якога стаў архімандрыт Сафроній, які цяпер з'яўляецца епіскапам Магілёўскім і Мсціслаўскім. З-за адсутнасці вучняў мясцовая школа была зачынена, а ў яе памяшканнях паўсталі келлі манахаў, якіх сёння, таксама як і стагоддзе таму, зусім няшмат: усяго 17 чалавек.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"