“Белавежа” з Буэнас-Айрэса

№ 50 (970) 11.12.2010 - 17.12.2010 г

Цікавымі экспанатамі папоўніўся аргенцінскі Музей лялек. Яго наведвальнікі ў бліжэйшы час змогуць пазнаёміцца з новымі адметнымі беларускімі лялькамі і такім чынам больш даведацца пра нашу культуру і традыцыі.

Днямі супрацоўнікі Пасольства Рэспублікі Беларусь у Аргенціне прынялі ўдзел ва ўрачыстых мерапрыемствах, прысвечаных 30-годдзю Музея лялек горада Ла-Плата, што ў правінцыі Буэнас-Айрэс. Як адзначылі ў прэс-службе нашага дыпламатычнага прадстаўніцтва, з установай падтрымліваюцца трывалыя культурныя сувязі пачынаючы з 2000 года. За гэты час у яго залах экспанаваліся разнастайныя калекцыі нацыянальных беларускіх лялек, якія заўсёды выклікалі зацікаўленасць у гасцей музея. Перададзеныя сёлета супрацоўнікамі пасольства экспанаты будуць размешчаны ў абноўленай зале, прысвечанай краінам Еўропы.

Тым часам на базе Цэнтра беларускай культуры імя Кастуся Каліноўскага ў горадзе Лаваёл правінцыі Буэнас-Айрэс адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае ўручэнню дыпломаў выпускнікам Цэнтра па выніках навучальнага года. Як паведамляе прэc-служба пасольства, у мерапрыемстве прыняў удзел фальклорна-інструментальны ансамбль "Белавежа", які выканаў беларускія народныя песні. Да таго ж, усе госці Цэнтра змаглі пачаставацца ласункамі беларускай кухні.

Знакавая падзея адбылася ў Латвіі. Дзякуючы высілкам нашай дыяспары ўпершыню пабачыў свет беларуска-латышскі і латышска-беларускі слоўнік, які змяшчае каля 40 тысяч слоў. Як паведамілі ў Пасольстве нашай краіны ў Латвіі, 16 снежня запланавана прэзентацыя слоўніка ў будынку Рыжскай думы. Плануецца, што ўдзел у мерапрыемстве прымуць прадстаўнікі органаў дзяржаўнай улады Латвіі, беларускай дыяспары.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"