Як “гучаў” калаўрот?

№ 47 (967) 19.11.2010 - 19.11.2010 г

Ад радыёгазет да “Радыёфакта”

/i/content/pi/cult/297/4986/14-2.jpg

Ці не самай чаканай ноў-хаў 1920-х гадоў у нашай краіне поруч з электрыфікацыяй было з'яўленне радыё. Для большай часткі грамадства радыёфікацыя дазваляла атрымліваць аператыўную інфармацыю і, што немалаважна, знаёміцца са светам мастацтва. І вось прайшло 85 гадоў. Сёння прапануем звярнуцца да гісторыі першых дзесяцігоддзяў айчыннага эфіру.

Першыя радыёсімфоніі

Першапачаткова на хвалях айчыннага радыё выходзілі запатрабаваныя радыёгазеты: "Беларуская радыёгазета", "Беларуская вёска", "Камсамольская радыёгазета", "Піянер Беларусі". Разам з тым, менавіта ў 20-я гады адбывалася станаўленне і мастацкага вяшчання. У прыватнасці, быў створаны сімфанічны аркестр Радыёцэнтра. Знаёмілі са сваёй творчасцю ўсе тэатральныя трупы рэспублікі. Дзякуючы радыё многія беларусы пачулі галасы класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы, Якуба Коласа, Паўлюка Труса, Міхася Чарота, пазнаёміліся з творамі Кузьмы Чорнага, Максіма Гарэцкага, Міхася Лынькова, Змітрака Бядулі, музыкай кампазітараў Мікалая Аладава, Яўгена Цікоцкага, Аляксея Туранкова...

 У 1930-я гады пачалі актыўна праяўляцца першыя спробы стварэння твораў арыгінальнай беларускай радыёдраматургіі. Сярод іх варта адзначыць радыёп'есу Міхася Лынькова "Баян", што мела шмат станоўчых водгукаў. Атрымаў прызнанне і музычны "Радыётэатр", поспех якога ў немалой ступені вызначыла дзейнасць кіраўніка мастацкага вяшчання Беларускага радыё, кампазітара Ісака Любана.

З цікавых фактаў першых дзесяцігоддзяў Беларускага радыё можна прыгадаць рэпартаж з сустрэчы лётчыкаў, удзельнікаў знакамітага пералёту "Масква - Паўночны Полюс - Амерыка" Чкалава, Байдукова, Белікава 26 чэрвеня 1937-га. Мала хто ведае, што звыклы нам "Радыёфакт" сягае сваімі каранямі ў далёкі 1932 год, калі 1 снежня стварылі рэдакцыю "Апошніх вестак".

Голас Купалы і схаваны прыёмнік

Далейшаму развіццю айчыннага радыё перашкодзіла акупацыя Беларусі нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Пад пагрозай расстрэлу ў першыя дні вайны насельніцтва мусіла здаваць радыёпрыёмнікі.

Тым не менш, у Мінску ўжо ў 1941 - 42 гг. падпольшчыкі налічвалі дзясяткі кватэр, дзе яны маглі слухаць па радыё зводкі Савецкага інфармбюро і іншыя праграмы. Вядома, што на пачатку вайны ў калгасе "Чырвоны кастрычнік" Любанскага раёна сяляне слухалі савецкія перадачы. А ў вёсцы Загібаны Рудзенскага раёна ў лістападзе 1941 года П.К. Кукарэка арганізаваў для суседзяў праслухоўванне перадач савецкага радыё. Пры гэтым прыёмнік быў схаваны ў хаце, а электраэнергію давала дынамамашына, што працавала ад калаўрота.

Ужо 1 студзеня 1942 г. у Маскве, на базе Усесаюзнага радыё, свае пазыўныя перадала станцыя "Савецкая Беларусь". З фронту былі адкліканы лепшыя айчынныя радыёжурналісты, пісьменнікі, у тым ліку- Кастусь Губарэвіч і Міхась Машара.

Улічваючы важнае значэнне радыё ў варожым тыле, Цэнтральны штаб партызанскага руху ў 1943 годзе зрабіў заказ на выпуск для партызанскіх атрадаў эканамічных лямпа/i/content/pi/cult/297/4986/14-3.jpgвых і дэтэктарных прыёмнікаў. У выніку да восені 1943-га перадачы Беларускага радыё ўжо прымалі больш за 180 партызанскіх радыёстанцый і сотні прыёмнікаў партыйных і камсамольскіх падпольных арганізацый рэспублікі.

Першапачаткова аснову вяшчання радыёстанцыі "Савецкая Беларусь" складалі перадачы палітычнага аддзела, які рыхтаваў выпускі аператыўнай інфармацыі і праграмы для партызанаў і падпольшчыкаў. З цягам часу і з пашырэннем аб'ёму беларускага вяшчання быў створаны аддзел маладзёжнага вяшчання, літаратурна-драматычны і музычны аддзелы. Такім чынам, 3 лютага 1942 года ЦК КП(б)Б зацвердзіў аб'ём сутачнага вяшчання радыёстанцыі, што складаў дзве з паловай гадзіны, а да восені 1943-га ён павялічыўся да сямі гадзін. У гэты час радыёстанцыя "Савецкая Беларусь" перадавала штодзень да сямі разнастайных праграм, у тым ліку і на культурную тэматыку.

1 лютага 1942 года на хвалях "Савецкай Беларусі" звярнуўся да суайчыннікаў Янка Купала і заклікаў "вышэй трымаць сваю нацыянальную годнасць, змагацца за радасць нашага жыцця, за мілую нашу зямлю, за яе волю і шчасце". Выступілі ў эфіры таксама Кандрат Крапіва з фельетонам "Мы аддзячым..." і Кузьма Чорны з палітычнымі памфлетамі "Тонкая душа тоўстай гадзіны", "Выдатная педагогіка" і многімі іншымі.

Паводле архіўных звестак, толькі подзвігу Мікалая Гастэлы "Савецкая Беларусь" прысвяціла больш за дваццаць нарысаў і радыёкампазіцый. Пра генерала Льва Даватара станцыя распавяла ў цыкле нарысаў пісьменніка Кузьмы Чорнага "Леў Даватар" і ў кампазіцыі "Леў Даватар - мужны сын беларускага народа".

Таму нават у складаны час Вялікай Айчыннай вайны Беларускае радыё было разам са слухачамі і сваім словам набліжала Вялікую Перамогу.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"