![]() |
Так, замест авангардысцкай “рэвалюцыі” ён прапанаваў шлях паслядоўнай эвалюцыі, па якім і пайшло новае кампазітарскае пакаленне 1970 — 80-х, дасягнуўшы шырокага міжнароднага прызнання.
А яшчэ ён змяніў сам “імідж” беларускай музычнай культуры, надаў яму тую філасофскую разважлівасць і памяркоўнасць, што заўсёды была ўласціва беларусам. На беларускіх
![]() |
Стаяць (злева направа): Р.Пукст, А.Багатыроў, І.Жыновіч, М.Пігулеўскі, П.Падкавыраў, У.Алоўнікаў, Л.Абеліёвіч; сядзяць: Я.Цікоцкі, Л.Залатарова, В.Залатароў, Д.Лукас, С.Нісневіч. |
Галіна ГАРЭЛАВА, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, кампазітар:
— Упершыню я ўбачыла Абеліёвіча, калі вучылася ў Мінскім музычным вучылішчы і прыходзіла ў Саюз кампазітараў на “музычныя серады”: там кампазітары паказвалі свае новыя творы, а ўсе прысутныя іх абмяркоўвалі. Памятаю, як мяне тады здзівіла, што Абеліёвіч заўсёды вельмі шчыра выказваў свае думкі, нават тады, калі даваў не вельмі высокую ацэнку старэйшым калегам. Я па натуры была жудаснай баязліўкай, ды яшчэ выхавана была так, што старэйшыя заўсёды маюць рацыю, таму для мяне яго сумленныя выказванні былі наўпрост адкрыццём. Я нават думала: чым чалавек старэйшы, тым ён больш свабодны. Я тады не ведала, якой бездапаможнай бывае старасць, і спазнала гэта толькі перад смерцю Льва Майсеевіча.Ён жыў у вуглавой аднапакаёвай “хрушчоўцы”. У Саюзе кампазітараў яму прапаноўвалі новую кватэру, але ён адмовіўся: маўляў, не зможа ў іншым месцы працаваць. Яму і сапраўды нічога не было патрэбна, акрамя магчымасці займацца творчасцю, — у адасобленасці ад іншых і нават адзіноце. Ён неяк расказваў мне: “Саамы страшны для мяне час — 5 гадзін раніцы. Я прачынаюся з пачуццём безвыходнай адзіноты, іду ў скверык насупраць дома і хаджу, хаджу, хаджу, пакуль у вокнах не пачне запальвацца святло. Тады я разумею, што не адзінокі, і з палёгкай вяртаюся дамоў”.
Сяргей КАРТЭС, народны артыст Беларусі, кампазітар:
— На жаль, афіцыйна вучыцца ў Абеліёвіча мне не давялося: ён ніколі не выкладаў у Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. Але калі я скончыў гэтую навучальную ўстанову, дык звярнуўся да яго з просьбай крыху пазаймацца са мной аркестроўкай. Падчас тых заняткаў я зразумеў, чаму ён так і не паспрабаваў сябе ў педагагічнай дзейнасці, хаця яго і запрашалі: думаю, пры яго эрудыцыі, ведах і вопыце ён усё ж не быў прыроджаным педагогам. Бо калі я прыносіў яму свае накіды, ён імгненна забываў пра маю прысутнасць і ўвесь час імкнуўся не столькі папраўляць, колькі пісаць далей, быццам гэта яго ўласны твор. Я асцярожна нагадаю пра сябе — ён схамянецца, пачне штосьці тлумачыць, але праз хвіліну зноў змоўкне на паўслове — і ўсё паўтараецца. Але галоўнае, чаму ён навучыў,— гэта пісаць адразу ў партытуры без папярэдніх клавірных эскізаў. У той час для многіх беларускіх кампазітараў такая практыка была ў навіну.
Нягледзячы на розніцу ва ўзросце, я пачуваў сябе з ім, як са сваім сябрам-аднагодкам, чым далей, тым больш. А на маё 50-годдзе ён падарыў вялізны альбом з жывапісам Босха. Дагэтуль мы з ім ніколі не абмяркоўвалі працы гэтага мастака, але ён адчуў, наколькі яны сугучныя мне і маёй творчасці паводле сваіх ідэй. Я адкрыў той альбом і літаральна “пачуў” у некаторых рэпрадукцыях сваю музыку.
Алег КРЫМЕР, прафесар:
— Першае, што мяне так уразіла ў Абеліёвічы, былі, як ні дзіўна, яго вочы. Ён быў блізарукі, заўсёды хадзіў у акулярах, але нават скрозь таўшчэзныя лінзы была бачна пульсуючая думка ў поглядзе. Памятаю такі выпадак. Я павінен быў выконваць Яго Другую фартэпіянную санату на Пленуме Саюза кампазітараў. І раптам мне прынеслі, акрамя яе, яшчэ некалькі фартэпіянных твораў маладых тады кампазітараў Галіны Гарэлавай і Ніны Усцінавай. Намагаюся вывучыць і тое, і гэта, але адчуваю, што не паспею. Што рабіць? Абеліёвіч гаворыць: “Пакінь маю санату, сыграеш яе пазней. Вучы лепей астатнія творы: моладзі важней паказацца менавіта на Пленуме, а не ў якой чарговай канцэртнай праграме”.Сапраўды, выкананне новых твораў у канцэртах кампазітарскага пленума ці з’езда значыла вельмі многа, мела вялізны грамадскі рэзананс. Таму пры складанні такіх праграм ішлі ледзь не бойкі. І каб аўтар па ўласнай волі, ды яшчэ на карысць іншых адмовіўся б ад выканання свайго твора, — такое было ўпершыню.Апошнім часам я жыву і працую ў Германіі. І калі выконваю музыку Абеліёвіча (у тым ліку ў Чэхіі, Польшчы), яна заўсёды выклікае захапленне слухачоў. З задавальненнем іграюць яго творы і мае цяперашнія вучні: немцы, карэйцы, кітайцы. Для мяне гэта — быццам незалежная экспертыза. Бо сусветная фартэпіянная літаратура настолькі багатая і разнастайная, што ў ёй ёсць з чаго выбіраць. І замежных піяністаў не прымусіш складаць рэпертуар з нейкіх “патрыятычных” мэт: яны іграюць тое, што адпавядае самаму высокаму сусветнаму ўзроўню.
Ларыса МАКСІМАВА, заслужаная артыстка РБ:
— Яшчэ калі я вучылася на 4-ым курсе Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, дык прыйшла працаваць канцэртмайстрам на Беларускае радыё. Натуральна, пачала цікавіцца запісамі, зробленымі да мяне, нотамі, што былі ў бібліятэцы. Наткнулася на вельмі цікавы вакальны цыкл — зусім не такі, як іншая беларуская музыка. Але што гэта за аўтар такі — Леў Абеліёвіч? Даведалася яго нумар тэлефона, пазваніла: маўляў, хачу зрабіць запіс. Я тады не ведала, што ён, аказваецца, вельмі не любіў кампліменты, быў чалавекам дастаткова іранічным, самакрытычным. А тут яшчэ нейкая дзяўчынка ў захапленні пра штосьці просіць. Тым не менш, ён адказаў: “Паспрабуйце”. Не быў ні на адной рэпетыцыі (пэўна, думаў, наўрад ці што з гэтага атрымаецца), але, паслухаўшы зроблены запіс, даў яму высокую ацэнку. І з таго часу пачаў прапаноўваць мне ўсе свае вакальныя цыклы.
Уладзімір СКАРАХОДАЎ, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі:
— Мы жылі з Львом Майсеевічам у адным пад’ездзе. Ва ўсёй яго кватэры былі хіба ложак, стэлажы з кнігамі і старэнькае піяніна. Каб не дакучаць суседзям, ён яго “ўдасканаліў”: на струны зрабіў спецыяльныя накладкі з воўны. Атрымліваўся нават не гук, а нейкае лёгкае, амаль нячутнае шамаценне. Але бліжэйшым сябрам стаў для яго нават не я, а мой маленькі сын. Як і ўсе дзеці, Валодзя любіў гуляць у хованкі. Хаваўся ён звычайна ў кустах пад вокнамі Абеліёвіча, і той даволі доўга яго “шукаў” і ніяк “не знаходзіў”. А потым прывязваў на нітачку цукеркі ды іншыя прысмакі і ціхенька спускаў уніз — быццам падарунак ад нейкага чараўніка.
Дзмітрый СМОЛЬСКІ, народны артыст Беларусі, кампазітар:
— Памятаю, як Абеліёвіч працаваў над Чацвёртай сімфоніяй. Напісаў яе, паказаў на пасяджэнні рэпертуарна-рэдакцыйнай камісіі Міністэрства культуры рэспублікі, камісія твор ухваліла і набыла, выплаціўшы аўтару адпаведны ганарар. Здавалася б, чаго яшчэ кампазітару трэба? Але праз некалькі гадоў ён вярнуўся да гэтага твора, пачаў яго рэдагаваць. Прычым, адну з частак цалкам знішчыў і напісаў абсалютна новую музыку. Ён не мог дазволіць сабе тое, што, можа, і падабалася іншым, але не задавальняла яго самога як мастака. Таму, мабыць, і напісаў, у параўнанні з іншымі, не так і многа, што кожны твор даводзіў да абсалютнай дасканаласці.
Міхаіл ФІНБЕРГ, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі, народны артыст краіны, прафесар:
— Пазнаёміў нас Яўген Глебаў. Я ў той час кіраваў аркестрам цырка, але Глебаў запрыкмеціў мяне не на “арэне”, а ў канцэртных праграмах, якія рыхтаваў наш аркестр: мы шмат ігралі беларускай музыкі, у тым ліку твораў Глебава, рабілі іх запісы. І вось ідзем мы неяк з Яўгенам Аляксандравічам, а насустрач — Абеліёвіч. Спыніліся, разгаварыліся: Абеліёвіч вельмі паважаў Глебава, а той — яго. З таго часу я часцяком сустракаўся з Львом Майсеевічам, бываў у яго дома. Але часцей мы бачыліся ў Саюзе кампазітараў — у калідорчыку ля ўвахода, насупраць акна, дзе кампазітары зладзілі “курылку”. Абеліёвіч паліў без перапынку, але на горцы акуркаў увага засяроджвалася хіба ў канцы размовы, настолькі цікава ўсё было. І гэта пры тым, што гутарылі мы выключна на прафесійную тэму, найперш пра аркестроўкі: ён расказваў мне, як лепей пісаць кантрапункт, я яму — пра асаблівасці эстраднага аркестра. Я запытваў у яго, а ён — у мяне. На роўных! Я нават здзіўляўся, што такі знакаміты кампазітар штосьці ў мяне запытвае.
Пры жыцці ён не атрымаў звання народнага артыста, пасмяротна іх не прысвойваюць. І сёння вельмі шмат залежыць ад нас, ад таго, як мы зможам данесці яго музыку, яго ўклад у развіццё нацыянальнай культуры да нашчадкаў. Мы ў стане зрабіць яго імя і творы народнымі— гэта значыць вядомымі ўсяму народу. Я ганаруся, што два гады таму нашаму калектыву ўдалося падрыхтаваць і правесці суцэльны фестываль у Мсціславе, прысвечаны музыцы і асобе Абеліёвіча. Але, спадзяюся, гэта толькі пачатак…
Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі
тэатральнай і музычнай культуры РБ