“Кінабастыёны” Макаёнка

№ 46 (966) 13.11.2010 - 19.11.2010 г

12 лістапада, да 90-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Андрэя Макаёнка, у Музеі гісторыі беларускага кіно адбыўся паказ экранізацыі адной з п’ес драматурга — “Лявоніха на арбіце”.

Мастацкая стужка "Рагаты бастыён" (прэм'ера яе адбылася ў Мінску ў 1964 годзе) шмат у чым адметная. У прыватнасці, яна стала першым каляровым шырокаэкранным фільмам, створаным на студыі "Беларусьфільм". Да таго ж, менавіта ў "Рагатым бастыёне" дэбютаваў у кіно - і адразу ў галоўнай ролі - народны артыст Беларусі, "купалавец" Павел Кармунін.

Мала хто ведае, што Андрэй Макаёнак быў яшчэ і сцэнарыстам. Дзякуючы яго апрацоўцы у 1958 годзе пабачыў свет мастацкі фільм "Шчасце трэба берагчы", створаны па матывах аповесці Аляксея Кулакоўскага "Нявестка". Адметна, што ў гэтай стужцы дэбютаваў эпізадычнай роляй кінарэжысёр Ігар Дабралюбаў. Акрамя гэтага, славуты драматург быў аўтарам сцэнарыяў тэлекарціны "Пасля кірмашу", пастаўленай у 1973-м, дакументальных фільмаў "У адзінай сям'і" і "Кандрат Крапіва", знятых адпаведна ў 1957 і 1961 гг. У 1978-м на савецкія экраны выйшаў тэлеспектакль па п'есе Макаёнка "Таблетку пад язык", створаны Маскоўскім акадэмічным тэатрам сатыры ў пастаноўцы Валянціна Плучака. А праз два гады пасля смерці драматурга пабачыў свет "Зацюканы апостал" у рэжысуры Барыса Луцэнкі.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"