Лялька? Лістападзік!

№ 45 (965) 06.11.2010 - 12.11.2010 г

Сёлета пачэсную пасаду старшыні журы ХІІ Мінскага міжнароднага фестывалю дзіцячага і юнацкага кіно “Лістападзік” займае генеральны дырэктар Міжнароднага фестывалю дзіцячага анімацыйнага кіно “Залатая рыбка” і Міжнароднага дзіцячага фестывалю “Артэк” Вікторыя ЛУКІНА. На цырымоніі адкрыцця мінскага дзіцячага кінафоруму вядомы кінапрадзюсар распавяла карэспандэнту “К” пра свае ўражанні ад нашага фэсту.

/i/content/pi/cult/295/4913/pic_20.jpg- Пра фестываль "Лістапад" я чула даўно, і ўсе водгукі былі самыя найлепшыя, - кажа Вікторыя Барысаўна. - А калі форум дзіцячага кіно ўключаны ў такое знанае мерапрыемства, ён, безумоўна, абавязаны выступаць заўважнай прафесійнай падзеяй. І я пагадзілася ўзначаліць журы "Лістападзіка" таму, што была ўпэўнена: гэта кінафорум, які робяць прафесіяналы. Я- чалавек дасведчаны ў фестывальнай справе, і, паглядзеўшы цырымонію адкрыцця, хачу зазначыць: уражанні мае - самыя станоўчыя. Цудоўная атмасфера свята, бачная рэжысура, ёсць прыдумкі. Вельмі важна, што запрошаныя ўдзельнікі і госці форуму - людзі, якія сапраўды могуць даць дзецям шмат пазітыўных эмоцый, пазнаёміць іх з Кіно. Бо фестываль - гэта заўжды радасць сустрэч, стасункі, кантакты. Я сама чакаю новых адкрыццяў! І добра, што дзеці маюць магчымасць пазнаёміцца з вядомымі кінематаграфістамі, фестывальшчыкамі... Вы, зараз, напэўна, будзеце здзіўлены, але "Лістападзік" мне вельмі нагадаў нямецкі форум дзіцячага кіно "Шлінгель". У перакладзе з нямецкай "шлінгель" - гэта "гарэза", і там сімвалам фестывалю з'яўляецца гэткі гарэзлівы хлопчык. У вас таксама ёсць яскравы персанаж кінафоруму, яго вядучы, герой - Лістападзік. Гэта цудоўная прыдумка! Я нават зараз гатова падзяліцца з дырэкцыяй фестывалю прапановай аб стварэнні сувенірнай лялькі з адпаведнай назвай - "Лістападзік". У цэлым, бачна, што над фестывалем працуе добрая каманда, з вялікім жаданнем развівацца, ствараць, і таму я хачу падтрымаць усе іх добрыя пачынанні і пажадаць "Лістападзіку" выправіцца ў самастойны шлях.

Фота аўтара

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"