Арт-хаўсны “Лістападзік”

№ 45 (965) 06.11.2010 - 12.11.2010 г

З 4 па 11 лістапада ў рамках Мінскага міжнароднага фестывалю "Лістапад", па традыцыі, праходзіць Міжнародны фестываль дзіцячага і юнацкага кіно "Лістападзік". Сёлета ў конкурснай праграме для маленькіх гледачоў - шэсць поўнаметражных стужак з розных краін свету. Падрыхтаваў кінафорум і некалькі праграм поўнаметражных і кароткаметражных анімацыйных стужак. Пра падрабязнасці праграмы "Лістападзіка" і перспектывы фестывалю карэспандэнт "К" даведаўся ў праграмнага дырэктара "Лістападзіка" Ксеніі ДАНІНАЙ.

/i/content/pi/cult/295/4912/pic_15.jpg- Ксенія, галоўнай навацыяй сёлетняга "Лістападзіка" стала ўзроставае абмежаванне для фільмаў конкурснай праграмы: цяпер яны прызначаны для аўдыторыі дзяцей ад 6 да 12 гадоў. Чым вы кіраваліся ў прыняцці гэтага рашэння?

- Звычайна ў конкурсе "Лістападзіка" прымалі ўдзел самыя розныя стужкі: былі і карціны для маленькіх дзяцей, і для падлеткаў. Гэта выклікала пэўныя нестыкоўкі. Узнікала складанасць аб'ектыўнай ацэнкі фільмаў, і, адпаведна, пытанне: каму ўсё ж аддаць прыз? - патрабавала дадатковых і часам зусім непатрэбных высілкаў журы. Не кажу ўжо пра тое, як успрымалі стужкі конкурснай праграмы гледачы ў зале, сярод якіх былі як самыя маленькія, так і, скажам, шаснаццацігадовыя. Таму сёлета мы прынялі рашэнне зрабіць конкурс фільмаў, мэтавая аўдыторыя якога - дзеці ад 6 да 12 гадоў. У той жа час, на будучых форумах мы прадугледжваем магчымасць стварэння конкурсу работ, прызначаных ужо менавіта для моладзі.

- З якіх жа карцін складаецца сёлетняя праграма? /i/content/pi/cult/295/4912/pic_16.jpg

- Праграма ў нас вельмі разнастайная: і казкі, і прыгоды, і фэнтазі... Мы імкнуліся зрабіць яе як мага больш цікавай. Нагадаю, што ўсе ўдзельнікі конкурсу - прызёры або лаўрэаты прэстыжных дзіцячых фестываляў, таму можна смела сказаць: спаборніцтва будзе праходзіць сярод лепшых. Першы ўдзельнік - расійская стужка "Прыгоды ў Трыдзесятым царстве" рэжысёра Валерыі Іваноўскай, лаўрэат "Кінашоку". Гэта сучасная казка, з выкарыстаннем камп'ютарнай графікі, маляўніча распавядае пра прыгоды дзяўчынкі Мані і хлопчыка Сані ў гэтым самым "3х10 царстве". Фільм у нечым нагадвае знаёмую нам беларускую стужку "Навагоднія прыгоды ў ліпені", ды ўсё ж уяўляе з сябе самастойны і адметны кінатвор. Другі ўдзельнік конкурснай праграмы - нямецкая карціна Франсіска Буха "А вось і Лола". Яна - пра вельмі цікаўную, забаўную дзяўчынку, што марыць аднойчы знайсці сябра. Наступны ка/i/content/pi/cult/295/4912/pic_17.jpgнкурсант - польская стужка "Чароўнае дрэва" вельмі вядомага рэжысёра дзіцячага кіно Анджэя Малежкі. Гэта сучасная казка пра неверагодную сілу чароўнага дуба. Фільм "Мяне завуць Калам" Ніла Мадхаба Панды прадстаўляе сумесную вытворчасць Індыі і Велікабрытаніі. Як заяўляюць стваральнікі стужкі, іх гісторыя - гэта своеасаблівы рымэйк знакамітага твора Марка Твена "Прынц і жабрак". Наступная казка "Фея дажджу" - з Чэхіі. Адзначу, што яе на фестывалі кіно будзе прадстаўляць рэжысёр - Мілан Сьеслар. Пра што стужка? Фея дажджу спускаецца на зямлю, каб адшукаць чалавека, які здольны шчыра і аддана кахаць. І апошні ўдзельнік конкурсу - нарвежскі фільм "Чароўнае срэбра" Катарыны Лаўнінг і Рора Утхаўга. Гэта фэнтазі пра маленькіх гномаў, якія, выкарыстоўваючы чароўнае срэбра, вырашаюць, калі ж наступяць дзень і ноч.

- Мяркую, "Лістападзік" падрыхтаваў шмат цікавага для гледача і ў іншых "секцыях"?

 - Так. У пазаконкурснай праграме будуць дэманстра/i/content/pi/cult/295/4912/pic_18.jpgвацца стужкі для дзяцей усіх узроставых груп. У тым ліку мы пакажам і вядомы кінахіт "Тры арэшкі для Папялушкі" ў межах рэтраспектывы чэшскага кіно. Што да анімацыйнай праграмы, якая, нагадаю, ужо другі год запар не мае конкурснага спаборніцтва, гэты блок разбіты на дзве "секцыі". У першай, так бы мовіць, кароткаметражнай, мы пакажам праграму латышскай студыі "Анімацыйная брыгада", праграму расійскага "Майстарфільма" і знаны для многіх пакаленняў гледачоў чэшскі серыял пра прыгоды маленькага крацяняці. У поўнаметражным анімацыйным блоку гледача чакае сустрэча з польскім фільмам "Зорка Каперніка", нямецкай стужкай "Пясочны чалавечак: прыгоды ў Краіне сноў", карцінай "Брыдкае качаня" Гары Бардзіна... Адкрываць фестываль будзе амерыканская анімацыйная стужка "Мегамозг". Нагадаю, галоўнай пляцоўкай "Лістападзіка" па-ранейшаму з'яўляецца кінатэатр "Піянер".

- Ці запланавана ў пазаконкурсным паказе праграма беларускай анімацыі?

- Так, але яна будзе дэманстравацца ў сталічным Доме міласэрнасці. Мы штогод паказваем стужкі рэжысёраў "Беларусьфільма", часам нават забягаем наперад, дэманструючы іх, так бы мовіць, напярэдадні прэм'еры, але не заўжды колькасць новых работ можа скласціся ў цэлую праграму. Сёлета, дарэчы, новых беларускіх фільмаў сем, але і гэтага не дастаткова для паўнавартаснага сеанса. І таму мы вырашылі паказаць невялікі блок айчыннай анімацыі на нашай іншай пляцоўцы, з якой мы, дарэчы, працуем не першы раз. Мяркую, налета будзе мэтазгодна аналізаваць ужо новы назбіраны матэрыял, і тады мы пакажам спецыяльную праграму студыі "Беларусьфільм". Адзначу, што яшчэ адной паўнавартаснай пляцоўкай "Лістападзіка" з'яўляецца і Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

/i/content/pi/cult/295/4912/pic_19.jpg- Якой вам бачыцца будучыня Фестывалю дзіцячага і юнацкага кіно, улічваючы той факт, што "Лістападзік" усё ж такі знаходзіцца ў ценю "вялікага" "Лістапада"?

- Вы, на маю думку, маеце рацыю, слушна выказаўшы думку пра неабходнасць набыцця фестывалем статуса самастойнага кінафоруму. Над ім тады працавала б пастаянная каманда, меўся б асобны штат і з'явіліся б падставы казаць пра пэўныя ўласныя дасягненні. Пакуль жа - што і казаць!- "Лістападзік" не мае свайго дырэктара вось ужо два гады. І гэта не ідзе ў "залік" фэсту.

- Ці дапамагае вам каманда "Лістапада"?

- Мы працуем вельмі дружна і падтрымліваем адно аднаго. Але.. Другая праблема фестывалю, што наўпрост звязана з першай, - вызначэнне канцэпцыі форуму. Нам не хацелася б дубліраваць праграмы дзіцячых фестываляў, і ў першую чаргу - тых, якія ладзяцца ў нашай краіне. Мяркую, не памылюся, калі скажу, што ні Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў "Анімаёўка", ні "Лістападзік" ніяк не зацікаўлены ў тым, каб паказваць гледачу адно і тое ж. Таму сёлета мы і паспрабавалі пайсці сваім шляхам, прапанаваўшы конкурс дзіцячага кіно для пэўнай аўдыторыі. Ні для кога не сакрэт, што сёлета на постсавецкай прасторы назіраецца крызіс дзіцячага кіно. Стужак, аўдыторыя якіх - менавіта дзеці, становіцца вельмі мала. Дастаткова прывесці прыклад нашай кінастудыі "Беларусьфільм": яна не ўдзельнічае ў конкурсе фестывалю з-за адсутнасці карціны. На жаль, патэнцыйнага кандыдата на ўдзел у конкурсе - стужку "Рыжык" Алены Туравай - не паспелі завяршыць. У Еўропе існуе такі ж дэфіцыт на дзіцячае кіно, але там вырашаюць гэтую праблему праз стымуляванне фестывальнага руху. Нават у маленькіх гарадках у Еўропе ладзяцца форумы дзіцячага кіно, дзе сустракаюцца, абменьваюцца ідэямі, інфармацыяй, дамаўляюцца паміж сабой прадзюсары, рэжысёры, фестывальшчыкі, пракатчыкі. І ў выніку гэтых сустрэч, заключэння кантрактаў нараджаецца штосьці новае. У нас, на жаль, такіх фестываляў-кірмашоў амаль і не згадаеш, а калі яны ёсць, акцэнт жа на іх робіцца ўсё ж на дарослы кінематограф. Сёння склалася такая сітуацыя, што дзіцячае кіно пераходзіць амаль у статус арт-хаўснага: яно не прыносіць прыбытку (хоць так было ва ўсе часы, за рэдкім выключэннем), яго цяпер можна ўбачыць адно на фестывалях, яно часам ужо не зусім зразумелае сучаснаму гледачу, выхаванаму на галівудскіх стандартах.

- І якое ж выйсце?

- Яно ў тым, каб не спыняцца і ствараць сваё якаснае кіно, паказваць яго на шматлікіх форумах менавіта дзіцячага кіно і запрашаць гасцей: каб усе бачылі нашы дасягненні і прапаноўвалі супрацоўніцтва.

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"