“Бум”, які нарадзіў фотафеномен

№ 44 (964) 30.10.2010 - 05.11.2010 г

Пяцьдзясят “Крокаў” за пяцьдзясят хвілін

/i/content/pi/cult/294/4891/pic_4.jpgМенавіта столькі доўжылася мая гутарка з Яўгенам КАЗЮЛЕМ. А гісторыя народнага фотаклуба "Мінск" пачалася з невялічкай аб'явы ў адной з рэспубліканскіх газет паўстагоддзя таму. У паведамленні прапаноўвалася аб'яднацца ўсім фотааматарам горада ў калектыў, які займаўся б папулярызацыяй гэтага віду візуальнага мастацтва. Мяркую, калі б у той час хто-небудзь распавёў заснавальнікам клуба, што іх ініцыятыва ў будучым атрымае статус народнага аматарскага калектыву, набудзе папулярнасць і сёлетняй восенню адзначыць 50-годдзе, дык не кожны з іх тады паверыў бы ў гэта. Пра мінулае і цяперашняе беларускай фатаграфіі гутарым са старажылам клуба.

 - Яўген Карпавіч, калі вы прыйшлі ў клуб?

- У 1965 годзе. Але, як вы ведаеце, фотаклуб быў створаны на пяць гадоў раней на агульным сходзе фотааматараў горада. Ганаровым старшынёй абраны тагачасны прэзідэнт Акадэміі навук БССР Васіль Купрэвіч, а мастацкім кіраўніком - Ісак Салавейчык, адзін са старэйшых фотамайстроў Беларусі, "генератар" руху фотааматарства ў Мінску. Мінскі абласны савет прафсаюзаў падтрымаў ініцыятыву, прадаставіўшы тэхнічную базу. Так усё і пачалося.

- Фотааматары 1960-х: хто яны?

- Самыя розныя людзі: урачы, інжынеры, праекціроўшчыкі, лабаранты... Збольшага, так званыя "тэхнары". Клуб першапачаткова аб'ядноўваў аматараў, але з часам у шэрагі яго прыхільнікаў сталі ўлівацца прафесіяналы. Можна сказаць, што тагачаснае пакаленне фатографаў "нараджалася" ў тэхнічных ВНУ. Ды і я сам, перш чым "сысці" ў карэспандэнты, працаваў у праектным інстытуце інжынерам - начальнікам сектара абсталявання.

- Але ж сышлі...

- Так. Бо зразумеў, што фатаграфія захапляе ўсё болей. У мяне быў прыстойны заробак па тых часах - каля 400 рублёў, але я зрабіў выбар на карысць невядомай для мяне газеты "Голас Радзімы". І хоць у фінансавым плане страціў - зарплата там складала 120 рублёў - выйграў у галоўным. Для нас фота стала той справай, якая захоплівала з галавой. Той жа так званы "цёмны пакой" усведамляўся не іначай як сакральнае месца. Зараз, калі я гутару з маладымі фатографамі, часам вельмі шкадую, што ў стварэнні фотаздымкаў сёння "мокрага працэсу" няма. У "цёмным пакоі" адбываецца нараджэнне фатаграфіі як мастацтва святлопісання. І гэта фарміруе фатографа. На жаль, сёння многія забываюцца ці нават не задумваюцца пра гэта. Для мяне чорна-белы фотаздымак нашмат больш цікавы ў творчым плане, чым каляровы, хоц/i/content/pi/cult/294/4891/pic_5.jpgь для кагосьці зараз пакажуся рэтраградам. Колер спакушае, ён "песціць" фатографа. Зрэшты, чалавек, як правіла, найперш звяртае ўвагу на колеравыя рашэнні: прыгожая сукенка, захад сонца, незвычайныя пералівы неба... І вельмі лёгка, паддаўшыся палону колеру, забыцца на тое, што фатаграфія - гэта спалучэнне святла і ценю. Такім чынам і нараджаецца выява, аблічча. Гартаю часам сучасныя альбомы з вясельнымі фота. Так, там сустракаюцца добрыя здымкі, але бачу вельмі шмат такіх, якія калектыў клуба 1960 - 1970-х разбіў бы "в пух и прах". Сёння фатографы карыстаюцца, да прыкладу, толькі адной крыніцай асвятлення. У выніку атрымліваюцца не твары людзей, а нейкія бліны. А форму твару неабходна маляваць - святлом, ценем! Час мяняецца, і я разумею: сёння з'явіліся новыя тэхналогіі. Але мне шкада, што да таямніцы "цёмнага пакоя" цяпер спрычыняюцца зусім нямногія.

- Дзякуй за такі прыгожы адказ, Яўген Карпавіч. Ды ўсё ж мяркую, што ў фотаклубе за яго гісторыю акрамя культывавання класічнай фатаграфічнай школы знайшлося месца і для эксперымента...

- Так, з сярэдзіны 1970-х у клуб прыйшлі маладыя амбіцыйныя фатографы (сярод іх аказаўся і я), якія вырашылі: прыспеў час штосьці мяняць. Тады назіралася вялікае захапленне фатографаў трансфармацыяй выявы, так бы мовіць, з паўтонавай у графічную. Было распрацавана мноства прыёмаў таго, як гэта можна здзейсніць: салярызацыя, "мокры друк", ізаполіхрамія... Адзначу, што тыя вынаходніцтвы прыдумваліся і раней, але ў 1970-я захапленне фотаграфікай перажыло сапраўдны "бум" і вылілася ў праект "Фотаграфіка-71". Гэта быў сапраўдны прарыў у іншае творчае вымярэнне як фотаклуба "Мінск", так і ўсёй беларускай фатаграфіі. Самае цікавае, што праект падтрымаў той жа Усесаюзны цэнтральны савет прафесійных саюзаў, які ўбачыў у ім узлёт савецкага фотааматарства і ў выніку зрабіў выстаўку традыцыйнай. "Фотаграфіка" стала ладзіцца кожныя два гады, а потым - кожныя тры. У час правядзення гэтых імпрэз Мінск пераўтвараўся ў "фатаграфічную Мекку" СССР. У Палац мастацтва з'язджаліся фатографы з усяго Саюза, а таксама замежжа. І, натуральна, дзякуючы гэтым мерапрыемствам клуб атрымаў вялікую папулярнасць.

- Хто ўваходзіў у "касцяк" клуба ў тыя часы?

- У 1970 - 1980-я ў "Мінску" - некалькі пакаленняў фатографаў, якія стварылі сапраўдны творчы калектыў: Юрый Васільеў, Уладзімір Няхайчык, Віктар Бутра, Валерый Лабко, Міхаіл Жылінскі, Аркадзь Бірылка, Анатоль Дудкін... У 1985 годзе на ІІ Усесаюзным аглядзе фотааматараў у Мінску клуб стаў лаўрэатам, атрымаўшы дыплом І ступені. Ладзіліся і персанальныя выстаўкі: дастаткова прыгадаць Анатоля Дудкіна і "Нарачанскіх удоў", серыі прац Уладзіміра Няхайчыка "Людзі беларускіх вёсак" друкаваў "Голас Радзімы"... Рух фота-аматараў рос, бы на дражджах: на той перыяд у Беларусі аматарскіх фотаклубаў налічвалася ажно 27. Феномен мінскай фатаграфіі абмяркоўваў увесь Савецкі Саюз, ды і не толькі...

/i/content/pi/cult/294/4891/pic_6.jpg- Уражвае! Але сёння наўрад ці магчыма пахваліцца такой колькасцю фотаклубаў...

- Апошняя "Фотаграфіка" адбылася ў 1989 годзе. На ёй мы паказалі дзве выстаўкі савецкіх майстроў і экспазіцыю "Фота са старога альбома", дзе сабраны здымкі ХІХ - ХХ стагоддзяў з прыватных калекцый Беларусі. Але напрыканцы 1980-х - у самым пачатку 1990-х многія кінуліся зарабляць грошы, і клуб амаль што закрыўся. Каб не праца энтузіястаў, усё, мусіць, і скончылася б. Тым не менш, прайшло колькі часу - і народ пачаў падцягвацца. Можна сказаць, той час быў самым складаным для "Мінска", але мы яго пераадолелі.

- Колькі членаў сёння налічвае фотаклуб "Мінск"?

- Каля сарака чалавек. Гэтая лічба трымаецца ўжо цягам дзесяцігоддзяў. Прыкладна столькі ж было і ў 1970-я. Хто ўваходзіць у калектыў сёння? Гэта - і тыя ж самыя фотааматары, для якіх ствараўся клуб, і, безумоўна, прафесіяналы: Марыя Жылінская, Віктар Суглоб, Анатоль Дрыбас - гэта імёны, мяркую, вам вядомыя. Такі змешаны склад дае шмат магчымасцей для росту. Бо адна справа прафесіянал, які выконвае заказную працу - яму трэба хутка зрабіць і прывезці матэрыял, а іншая - аматар, які можа дазволіць сабе не спяшацца і давесці працу да жаданага выніку. Глядзіш, і таварышы прафесіяналы пачынаюць прыглядацца да гэтага выніку. Неяк Віктар Суглоб са мной падзяліўся: "Дзякуючы клубу я пачаў па-іншаму глядзець на фатаграфію".

- Увесну ў галерэі клуба прайшла выстаўка "Фота са старога альбома", якая была своеасаблівым рэмейкам праекта 1989 года. Ведаю, што фотаклуб працаваў дадаткова, каб усе ахвотныя маглі паглядзець выстаўку. Ці не плануеце адзначыць дзень нараджэння "Мінска" далейшым адраджэннем арыгінальных праектаў?

- Вы маеце рацыю. Да паўвекавога юбілею наш клуб падрыхтаваў шэраг мерапрыемстваў, якія агулам доўжацца два месяцы. У галерэі "Цэнтра відэа" прайшла выстаўка польскага фатографа Ежы Федаровіча. Экспазіцыю, прысвечаную гораду, якую мы так і назвалі: "Мінск" аб Мінску", можна паглядзець у галерэі кінатэатра "Перамога". Адкрыццё ж юбілейнай выстаўкі аб'яднання "Крокі - 50" і прэзентацыя альбома фотаклуба адбыліся ў Музеі гісторыі горада Мінска. Адным са значных мерапрыемстваў стала выстаўка першага мастацкага кіраўніка "Мінска" Ісака Салавейчыка. Адзначу, што святкаванне даты закранула і рэгіёны: у Мастацкай галерэі Барысава выставіўся Уладзімір Няхайчык. Выстаўка ж члена клуба, выпускніка Політэхнічнага інстытута, фатографа Ёрга Айднера з Берліна прайшла ў мінскім Інстытуце Гётэ. І, нарэшце, адказваю менавіта на вашае пытанне: урачыстасці не абыдуцца без рэтраспектыўнай выстаўкі "Фотаграфіка": 40 гадоў пасля". Абавязкова адбяром лепшае і пакажам. Хочацца, каб гэтыя працы ўбачыла новае пакаленне.

Фота з архіва фотаклуба

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"