Знаёмцеся: “Беларусы ў свеце”!

№ 41 (961) 09.10.2010 - 15.10.2010 г

У межах Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады запланаваны, сярод іншага, распрацоўка і рэалізацыя праграмы “Беларусы ў свеце”. У прыватнасці, для падтрымкі айчыннай дыяспары і ўмацавання іміджа нацыянальнай культуры за мяжой атрымае працяг выданне рэкламна-інфармацыйных матэрыялаў пра Беларусь, адмысловых вучэбных дапаможнікаў, вучэбна-праграмных і нотных матэрыялаў, аналітычных і інфармацыйных зборнікаў.

/i/content/pi/cult/290/4776/12-1.jpg

Паводле Дзяржаўнай праграмы "Культура Беларусі" прадоўжыцца і традыцыя правядзення Дзён культуры нашай краіны за мяжой, а таксама фестываляў, конкурсаў, выставак, канферэнцый, пад час якіх будзе адбывацца цеснае супрацоўніцтва з дыяспарай.

Апошні яскравы прыклад у гэтым напрамку: Дні культуры нашай краіны ва Украіне. Як адзначыў у размове з карэспандэнтам "К" першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Карачэўскі, у святочных мерапрыемствах прымалі ўдзел нашы суайчыннікі з разнастайных рэгіёнаў Украіны. Яны былі ў захапленні ад выступленняў беларускіх калектываў, асабліва - Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча. Для дыяспары такія мерапрыемствы даюць яшчэ і магчымасць абмеркаваць свае надзённыя клопаты на высокім узроўні. У прыватнасці, у Пасольстве Беларусі ў Кіеве першы намеснік міністра культуры сустрэўся з нашымі суайчыннікамі ва Украіне, пазнаёміў іх з сучаснай сітуацыяй у сферы культуры, планамі Міністэрства, у тым ліку па супрацоўніцтве з дыяспарай.

 Па словах Уладзіміра Карачэўскага, размова атрымалася вельмі плённай і цікавай. Сярод іншага, была агучана прапанова адзначыць у наступным годзе юбілей Максіма Багдановіча на месцы яго пахавання ў Ялце.

Да таго ж, нашы суайчыннікі маюць жаданне ўдзельнічаць ва ўсіх акцыях, што будзе праводзіць Беларусь, яны з задавальненнем распавядаюць іншым пра культуру нашай краіны. У сувязі з гэтым прагучала просьба пасадзейнічаць у набыцці метадычнай і мастацкай літаратуры, сцэнарыяў народных святаў, дапамагчы інструментамі і касцюмамі. Вельмі хвалююць дыяспару і стаўленне моладзі да сваіх каранёў, праблема падтрымкі сувязі з гістарычнай Радзімай.

Цяпер усе прапановы будуць абагульняцца. Як адзначыў Уладзімір Карачэўскі, у дадзеным кірунку трэба праводзіць канкрэтную працу, пры гэтым павінна быць менш агульных слоў. Такім чынам, пасля дапрацоўкі прапаноў распачнецца праца па іх рэалізацыі.

 Тым больш, сваю падтрымку выказалі і прадстаўнікі Міністэрства культуры і турызму Украіны. Яны запэўнілі, што стануць таксама аказваць беларускай дыяспары неабходную дапамогу, у тым ліку - выдзяляць сродкі на правядзенне фестываляў. Неабходную дапамогу беларусам замежжа, у тым ліку ва Украіне, аказвае Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур. Па словах яго дырэктара Ірыны Лемцюговай, паступова адбываецца забеспячэнне музычных калектываў беларусаў замежжа сцэнічнымі строямі ў нацыянальным стылі. Рэгулярнай стала і перадача дыяспары кніг з мастацкай і метадычнай літаратурай, прытым, што заявак на кніжную прадукцыю ад замежных арганізацый вельмі шмат.

Але ці не галоўным клопатам для Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур стане падрыхтоўка да маштабнага І Фестывалю мастацтваў беларусаў свету. Як адзначыла Ірына Лемцюгова, установай ужо распрацавана палажэнне ўнікальнага форуму, які мусіць адбыцца летам наступнага года і збярэ больш за 300 удзельнікаў.

Фота Юрыя ІВАНОВА

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"