Якой стала “Перамога”?

№ 41 (961) 09.10.2010 - 15.10.2010 г

Якім можа быць гарадскі фантан? Відовішчным або камерным, традыцыйным або незвычайным… А ці можа ён спалучаць у сабе ўрачыстасць дня сённяшняга і памяць пра мінулыя падзеі? Быць своеасаблівым знакам і, адначасова, элементам ландшафтна-паркавай кампазіцыі? Быць фантанам і скульптурай? Вядома, так. Месяц таму ў Мінску на тэрыторыі адноўленага парку Перамогі быў адкрыты аднайменны фантан, адметнасць якога прымусіла казаць аб ім як аб новым слове ў беларускай ландшафтна-паркавай архітэктуры і скульптуры. Незвычайны аб’ект — вялізны факел з камянёў у атачэнні 53 валуноў — выклікаў вялікую цікавасць публікі. Карэспандэнт “К” звярнуўся да аўтара — скульптара Максіма ПЕТРУЛЯ з просьбай распавесці аб тым, як жа нараджаўся твор.

/i/content/pi/cult/290/4774/pic_26.jpg- Максім, наша выданне ў свой час пісала пра аднаўленне вядомага Парку Перамогі: тады імёны стваральнікаў будучых фантанаў яшчэ не былі вядомыя....

- Прапанова аб узвядзенні фантана "Перамога" да мяне паступіла ад архітэктара Ганны Аксёнавай, якая з'яўляецца аўтарам новай канцэпцыі парку. У Ганны Аляксееўны было сваё бачанне выгляду паркавага ансамбля, і яна вырашыла звярнуцца ў вырашэнні творчых пытанняў, што датычацца менавіта скульптуры, так бы мовіць, да прадстаўніка маладога пакалення. І з'явілася ў маёй майстэрні з прапановай стварэння фантана-скульптуры. Пачын праекту ўжо быў пакладзены яе камандай. 53 дывізіі абаранялі Мінск - і 53 вялізныя камяні мусілі быць уведзены ў будучую кампазіцыю. Але і сам адноўлены парк, і ідэя стварэння такога незвычайнага аб'екта ў ім мяне прывабілі, і я ўзяўся за працу.

- Задача не падалася табе складанай? Патлумачу: усё ж тэматыка парку і, адпаведна, фантана вымагае нетрывіяльных рашэнняў...

- Для мяне Вялікая Айчынная вайна - тэма, вартая самай пільнай увагі. І я вельмі рады, што за час сваёй практыкі меў дачыненне да сапраўды цікавых праектаў адпаведнага накірунку. Па-першае, гэта - Мемарыяльны комплекс "Чырвоны Бераг", распрацаваны таленавітай камандай аўтараў на чале з Леанідам Левіным. Здавалася б, такая "цяжкая" тэма - дзіцячы канцлагер, але яна вырашана так, каб, з аднаго боку, аддаць даніну памяці маленькім ахвярам, а з іншага - закрануць душы сучаснікаў: у "сэрцы" мемарыяла- ідэя "загінулага" класа. Тут жа побач - "Плошча сонца" - дзіцячая пляцоўка для творчасці. Яшчэ адзін прыклад: мемарыял па вуліцы Сухой, прысвечаны ахвярам халакоста. Над ім я таксама працаваў разам з Леанідам Левіным. Выява побытавай рэчы - звычайнага сямейнага стала з расколінай пасярэдзіне, але ўсім становіцца зразумела: яшчэ адзін дом, ва ўсіх сэнсах слова, зніштожыла вайна...

- Вернемся да фантана "Перамога". Як ты прыйшоў да адпаведнага творчага рашэння?

- Пачнём спачатку. Па-першае, мне была пастаўлена задача стварэння скульптурнага твора на тэму Перамогі. Я пачаў разважаць: а што асабіста для мяне Перамога? І хто ёсць для мяне наш салдат? Мае дзяды ваявалі, так, і гэта былі звычайныя людзі: у кожнага з іх імкненне да Перамогі, іхні ваярскі дух - надзвычайныя. Вось што для мяне стала ключом для раскрыцця тэмы: зламіць такі дух было немагчыма. І я вырашыў трымацца гэтага параўнання - гневу салдат з лютасцю раззлаваных багоў - і звярнуў тэму ў бок славянскай міфалогіі. Першапачаткова скульптура-фантан мела назву "Страла Перуна", бо вядома, што Пярун з'яўляўся не толькі богам-грамавержцам, але і абаронцам ваяроў. І страла трансфармавалася ў факел Перамогі ў атачэнні 53 валуноў, якія, нагадаю яшчэ раз, увасабляюць 53 дывізіі, што вызвалялі Мінск. Скульптура не з'яўляецца мемарыяльным комплексам, таму межы раскрыцця тэмы значна шырэйшыя. Упэўнены, ніхто не будзе спрачацца з тым, што гэта - сапраўды творчае рашэнне.

- ...Бо адначасова скульптурная кампазіцыя з'яўляецца фантанам...

- Так. З лодкі-факела, якая вянчае вертыкальны слуп, б'е вада. Сэнсавая нагрузка элемента можа быць якой заўгодна: магчыма, гэта перапоўненая чаша цярпення ваяроў, а можа быць - і слёзы родных па загінулых... Але ўсё ж такі я не хацеў бы трымацца пэўнай трактоўкі- няхай лепей кожны наведвальнік вырашае сам, што ён хоча ўбачыць у гэтым сімвале. Усё ж такі паркавая скульптура прапаноўвае вольнасць асацыяцый.

- Максім, хачу адзначыць, што ўжо сёння твор выклікае вялікую зацікаўленасць гледачоў: апытаўшы некалькі людзей у парку, я атрымала амаль цалкам станоўчыю рэакцыю на незвычайны фантан-скульптуру...

- Дзякуй за ўвагу. Мяркую, гэтая зацікаўленасць акурат і сведчыць пра тое, што людзі адкрытыя для новага ўспрыняцця вядомых і блізкіх ім тэм. І тым больш ім хочацца з сучасных пазіцый угледзецца ў мінулае, з тым, каб дакладней убачыць цяперашняе і нават будучае.

Дар'я АМЯЛЬКОВІЧ

Фота Максіма ГУЧАКА, БелТА

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"