Рэха з ХVIII века

№ 38 (958) 18.09.2010 - 24.09.2010 г

Знайсці каштоўны гістарычны артэфакт можна не толькі пад час археалагічных раскопак, але і ў дні звычайных работ на сваім гародзе ці нават у калодзежы. Якраз так і адбылося ў вёсцы Калышкі Лёзненскага раёна, дзе ў закінутым калодзежы, дзякуючы працы рупліўцаў, быў выяўлены ўнікальны звон ХVIII ст.

Па рашэнні Навукова-метадычнай рады Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь яму ўжо нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці як узору кавальскага майстэрства.

Па словах дырэктара Лёзненскага ваенна-гістарычнага музея Вольгі Самушчанка, звон быў створаны ў 1727 годзе, пра што сведчыць адпаведны надпіс на ім. Апрача датавання на каштоўнай знаходцы маюцца звесткі пра майстра і словы "Аднаго Бога славім". Унікальнасць гэтага звона яшчэ і ў тым, што на яго сярэдняй частцы змешчана рэльефная выява Божай Маці, што не характэрна для праваслаўнай традыцыі, а таксама - раслінны ўзор. Да таго ж, усе надпісы на звоне зроблены лацінкай.

Дырэктар музея мяркуе, што звон  трапіў на тэрыторыю раёна ў часы ўніяцтва і, хутчэй за ўсё, да сярэдзіны 30-х гадоў XX стагоддзя знаходзіўся на званіцы праваслаўнай царквы.

Але ж якім чынам вызначылі яго дакладнае сучаснае месцазнаходжанне?

Як адзначыла Вольга Самушчанка, каштоўнай інфармацыяй падзяліліся старажылы вёскі. У прыватнасці, па звестках мясцовага жыхара Барыса Відуса, мяркуецца, што 12 ліпеня 1941 года чырвонаармейцы знялі звон і схавалі ў пажарным калодзежы.

Па словах дырэктара Лёзненскага ваенна-гістарычнага музея, вышыня і дыяметр унікальнага звона аднолькавыя і складаюць 55,6 сантыметра, а яго вага - 80 - 100 кілаграмаў. У перспектыве спецыялісты мусяць правесці падрабязны аналіз знаходкі і вызначыць склад металу, з якога быў зроблены гэты ўзор кавальскага майстэрства.

А пакуль звон знаходзіцца ў храме Узвіжання Крыжа Гасподняга, настаяцель якога ўзяў на сябе ахоўныя абавязкі. Як адзначыла Вольга Самушчанка, па ўзгадненні з Міністэрствам культуры было вырашана: і ў будучым звон будзе захоўвацца і выкарыстоўвацца па непасрэдным прызначэнні ў гэтай лёзненскай царкве. І сваім меладычным голасам кранаць сэрцы прыхаджанаў.

На здымку: звон, знойдзены ў вёсцы Калышкі Лёзненскага раёна.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"