Хто атрымае “…Аловак”?

№ 35 (955) 28.08.2010 - 03.09.2010 г

ХІІІ Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў “Анімаёўка” пройдзе ў Магілёве ў другой палове верасня. Больш за 40 стужак з 19 краін свету прымуць удзел у конкурсе сёлетняга форуму, спаборнічаючы за яго ўзнагароду — “Хрустальны аловак”.

Як паведаміла карэспандэнту "К" намеснік дырэктара "Магілёўскага кінавідэапракату" Алена Рулёва, праграма "Анімаёўкі-2010" як ніколі можа пахваліцца шырокай геаграфіяй краін-удзельніц.

- На адрас форуму былі дасланы 122 работы, - удакладняе яна. - Упершыню ў фестывальных праграмах "Анімаёўкі" прымуць удзел фільмы аніматараў Венгрыі, Італіі, Чэхіі, Балгарыі...

Што да беларускага прадстаўніцтва, дык у конкурс "Анімаёўкі" трапіла сем стужак. Гэта новыя работы Аляксандра Ленкіна, Міхаіла Тумелі, Ігара Волчака, Алены Пяткевіч, Ірыны Кадзюковай, Таццяны Кульбіцкай і Наталлі Касцючэнка.

Узначальвае журы сёлета, дарэчы, як і летась, рэжысёр, сцэнарыст, мастак-пастаноўшчык, выкладчык ВГИКа, заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі, стваральнік вядомага анімацыйнага персанажа Антошкі - Леанід Носыраў. Адказнасць за выбар лепшых разам з ім падзеляць акцёр, заслужаны дзеяч мастацтваў Украіны Аляксей Калеснік, мастацтвазнаўца, дацэнт ВГИКа Наталля Крывуля, заслужаны мастак Расіі Вера Кудраўцава і рэжысёр-аніматар кінастудыі "Беларусьфільм" Таццяна Жыткоўская.

Нагадаем, што ацэньваць фільмы-канкурсанты журы будзе ў пяці намінацыях: "Лепшы фільм фестывалю", "Лепшы эксперыментальная стужка", "Лепшая карціна для дзяцей", "Майстру" і "Лепшае выяўленчае рашэнне". -

Сёлета ўпершыню ў праграме фэсту запланавана і правядзенне майстар-класаў: кіраўнікі Цэнтра творчага развіцця і гуманітарнай адукацыі "Перспектыва" з горада Яраслаўля дадуць іх для ўсіх зацікаўленых спецыялістаў, - падкрэсліла Алена Рулёва.

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"