Майстар-класы для суайчыннікаў

№ 32 (952) 07.08.2010 - 13.08.2010 г

Адным з важных крокаў па плённым супрацоўніцтве дзяржаўных структур Рэспублікі Беларусь і нашых суайчыннікаў за мяжой стане рэалізацыя праграмы “Беларусы ў свеце”.

/i/content/pi/cult/281/4423/Clip_5.jpgЯк адзначыў у гутарцы з карэспандэнтам "К" намеснік міністра культуры нашай краіны Тадэуш Стружэцкі, распрацаваная праграма дапаможа актывізаваць узаемавыгадныя стасункі з беларускай дыяспарай у розных сферах. Гэтай важнай справе мусіць дапамагчы і рэалізацыя шэрагу іншых ініцыятыў, прапанаваных удзельнікамі V З'езда беларусаў свету, што адбыўся ў Мінску летась. У прыватнасці, як ужо паведамляла "К", у ліпені гэтага года прайшло першае пасяджэнне нядаўна сфарміраванага Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры нашай краіны, куды ўвайшлі кіраўнікі аб'яднанняў суайчыннікаў, створаных за мяжой, а таксама прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання нашай краіны, члены шэрагу грамадскіх арганізацый Беларусі.

У адпаведнасці з ініцыятывамі, агучанымі як на апошнім, V з'ездзе беларусаў свету, так і на пасяджэнні Кансультатыўнага савета, у бліжэйшы час можна чакаць значных зрухаў у справе вяртання на Радзіму нацыянальных культурных каштоўнасцей нашага народа, стварэння шэрагу беларускіх навуковых і адукацыйных устаноў за мяжой.

Варта адзначыць і аказанне дзяржаўнымі органамі краіны пастаяннай дапамогі замежным беларускім аб'яднанням у правядзенні мерапрыемстваў, звязаных з дзяржаўнымі святамі і памятнымі датамі нашай рэспублікі, забеспячэнне іх інфармацыйнымі матэрыяламі.

Да таго ж, на наступны год запланаваны выхад навукова-папулярнага выдання пра гісторыю і культуру Беларусі, якое перададзена грамадскім аб'яднанням, бібліятэкам у месцах кампактнага пражывання этнічных беларусаў. Тым больш, па словах намесніка дырэктара Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Валянціны Грышкевіч, заявак на кніжную прадукцыю ад замежных арганізацый вельмі шмат. Дарэчы, ужо падрыхтаваны да адпраўкі пакункі з кнігамі, перададзенымі Нацыянальнай бібліятэкай беларусам Латвіі, Украіны, Славакіі і Малдовы.

Рэалізоўваецца і ініцыятыва па забеспячэнні творчых калектываў беларусаў замежжа нацыянальнымі сцэнічнымі касцюмамі. Заявак на іх багата. Тым не менш, як адзначыла Валянціна Грышкевіч, Цэнтр імкнецца максімальна дапамагчы суайчыннікам у гэтай справе, бо не за гарамі І Фестываль мастацтваў беларусаў свету. Установай ужо распрацаваны палажэнні унікальнага форуму, які мае адбыцца летам наступнага года і збярэ больш за 300 удзельнікаў.

І хоць часу да маштабнага фестывалю засталося не шмат, дапамагчы беларускім аматарам мастацтва, што жывуць за мяжой, мусіць арганізацыя майстар-класаў, курсаў павышэння кваліфікацыі для кіраўнікоў мастацкіх калектываў, народных умельцаў, музыкантаў. У прыватнасці, плануецца правядзенне курсаў павышэння кваліфікацыі на базе Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў.

Паспрыяць далучэнню да роднай мовы і культуры суайчыннікаў замежжа павінна развіццё супрацоўніцтва паміж беларускімі і замежнымі адукацыйнымі ўстановамі. На наступны год таксама запланавана пашырэнне ўзаемадзеяння арганізацый беларускага замежжа з грамадскімі аб'яднаннямі Беларусі. У прыватнасці, прапрацоўваецца пытанне правядзення сумеснага злёту суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой, з моладдзю Беларусі.

Не менш важнае і актуальнае пытанне па стварэнні за мяжой цэнтраў культуры Беларусі, у тым ліку грамадскіх бібліятэк. Па словах Валянціны Грышкевіч, Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур будзе аказвацца неабходная дапамога. Ужо цяпер прапрацоўваецца магчымасць стварэння такіх устаноў у Расіі, Літве ды іншых краінах.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"