Пяты форт і 272 імені

№ 25 (945) 19.06.2010 - 25.06.2010 г

Цягнікі ў гэты горад прыходзяць ці не праз кожныя паўгадзіны як з заходняга, так і з усходняга кірункаў. І ў кожным з іх прыедзе хоць некалькі турыстаў, чый шлях далей пралягае да славутай Брэсцкай крэпасці. Вось і ў дзень камандзіроўкі разам са мной у мемарыяльны комплекс прыехала невялічкая група гасцей Беларусі. “Калі ласка, Брэсцкая крэпасць?” — запыталіся яны на прыпынку транспарту па-англійску. Растлумачыў ім дарогу, пасля ж пабачыў турыстаў у самой Цытадэлі... Напярэдадні 22 чэрвеня — Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны — карэспандэнт “К” сустрэўся з дырэктарам Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць — герой”, генерал-маёрам Валерыем ГУБАРЭНКАМ.

/i/content/pi/cult/271/4197/6-1.jpg- Вядома, што за час існавання музея - адлік вядзецца з сярэдзіны 50-х гадоў мінулага стагоддзя - Мемарыяльны комплекс "Брэсцкая крэпасць - герой" наведалі больш за 21 мільён чалавек прыкладна са 140 краін свету...

- ...Прычым да распаду Савецкага Саюза ў музеі бывала і каля мільёна чалавек у год. Хто да нас толькі ні прыязджаў! Рэзкі спад адбыўся ў 1992-м, і не проста рэзкі: наведвальнасць музея знізілася да 30 тысяч чалавек у год. З цягам часу лічба паступова павялічвалася, і летась мы дасягнулі паказчыка ў 280 тысяч гасцей комплексу. Гэта адбылося, у тым ліку, і за кошт вельмі цеснага супрацоўніцтва з айчыннымі турфірмамі. Сёння шмат турыстаў прыязджае не толькі з нашай краіны, Расіі, Украіны, але і з Польшчы, бо, як вядома, у 1939 годзе Брэсцкая крэпасць, дзе на той час размяшчаўся польскі гарнізон, прыняла ўдар гітлераўскай Германіі і цягам трох дзён імкнулася спыніць нашэсце вермахта.

 - Музей жывіцца новымі знаходкамі. Ці выяўляюць навуковыя супрацоўнікі невядомыя факты, што датычацца гісторыі крэпасці, у тым ліку яе абароны ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны?

 - Безумоўна, усе нашы 25 навуковых супрацоўнікаў працуюць у архівах, шукаюць новую інфармацыю, і найперш - імёны тых, хто загінуў у крэпасці. А іх - 962 чалавекі, у той час як на мемарыяльныя пліты вынесены імёны толькі 272... Такім чынам, кожны год спісы папаўняюцца, і героі ўшаноўваюцца. Між іншым, плённая праца вядзецца і ў нямецкіх архівах. Нядаўна наш навуковы супрацоўнік Наталля Пузан цягам двух месяцаў працавала з дакументамі ў Германіі. Ды і даследчыкі з гэтай краіны па магчымасці дапамагаюць, перадаюць асобныя даныя. Да таго ж, намі дасканала вывучаюцца і новыя дакументальныя кнігі, выдадзеныя за мяжой, прысвечаныя гісторыі абароны крэпасці. Пры гэтым уся інфармацыя абавязкова правяраецца, для чаго пастаянна звяртаемся ў Расійскі ваенна-гістарычны архіў.

Новыя факты, па-традыцыі, чакаем і ад вынікаў даследавання пошукавага батальёна Міністэрства абароны краіны, які сёлета працуе на тэрыторыі крэпасці. У выніку першага этапу работ быў знойдзены медальён нямецкага салдата. Працяг жа раскопак плануем на восень.

 - Летась на рамонтныя і рэстаўрацыйныя работы быў выдаткаваны адзін мільярд рублёў. Якім аб'ектам надавалася першасная ўвага, і што наогул зроблена?

 - Мяркую, варта сцісла распавесці ў гэтым кантэксце пра нашу працу за апошнія дванаццаць гадоў. У прыватнасці, пачынаючы з 1997-га музейны комплекс асвоіў 16,6 мільярда беларускіх рублёў. За гэты час былі праведзены рамонт і кансервацыя некалькіх дзесяткаў аб'ектаў, што знаходзіліся ў аварыйным стане: гэта і Плошча цырыманіялаў, і будынак музея, у сценах якога былі вялікія шчыліны, і мемарыяльныя пліты, адкуль пачалі адвальвацца літары...

У тых адміністратыўных будынках, дзе змяшчаюцца фонды (а гэта 80 000 адзінак захоўвання), павінен падтрымлівацца адпаведны тэмпературны рэжым. Праблема вырашылася толькі з увядзеннем у эксплуатацыю ў 1998 годзе трох лакальных кацельняў, для якіх быў праведзены газ. Але шмат працы яшчэ засталося, і без дзяржаўнай падтрымкі музей не зможа ўтрымліваць тэрыторыю ў 70 гектараў, на якой размяшчаюцца тры музеі і выставачны комплекс. Усяго ж наша ўстанова зарабляе каля 400 мільёнаў рублёў за год.

- Апрача рэстаўрацыі аб'ектаў праводзіцца і музеефікацыя некаторых з іх...

- Сапраўды, пры падтрымцы Міністэрства культуры і мясцовых органаў улады ў 1999 годзе зрабілі сваім філіялам Пяты форт Брэсцкай крэпасці, які, занядбаны, знаходзіўся літаральна сярод поля. Мы яго адрамантавалі, паставілі артылерыйскае ўзбраенне, і цяпер праводзім экскурсіі. Сёння гэта паўнавартасны музей, які прыцягвае турыстаў, асабліва - дзяцей, якіх адтуль і за вушы не адцягнеш.

-Трапіць у Спіс сусветнай спадчыны UNESCO прэстыжна і даволі выгадна для кожнага архітэктурнага будынка. Відавочна, не з'яўляецца выключэннем і Брэсцкая крэпасць...

- Некалькі гадоў таму мы падалі ў UNESCO пакет дакументаў. Але трэба ўлічыць адзін нюанс. Справа ў тым, што Брэсцкая крэпасць - гэта не толькі мемарыяльны комплекс. Яна ўключае шэраг збудаванняў, ядро якіх знаходзіцца ў нас. Пэўная ж частка архітэктурнага комплексу размешчана на тэрыторыі Польшчы. Так, з дваццаці фартоў крэпасці чатыры знаходзяцца за межамі Беларусі. Як і Белавежская пушча, Брэсцкая крэпасць - наша агульная спадчына. Таму цяпер трэба, каб аналагічныя дакументы падрыхтавалі польскія калегі. І хоць у іх - свой падыход да захавання гэтага аб'екта, тым не менш, палякі таксама зацікаўлены ў наданні ганаровага статуса нашай гістарычнай каштоўнасці.

- Ці выкарыстоўваецца вопыт замежных музеяў падобнай тэматыкі, у тым ліку абсталяваных па сучасных стандартах, як, скажам, Музей Варшаўскага паўстання?

 - Якраз у згаданай вамі ўстанове нядаўна давялося пабываць разам з маім намеснікам на навуковай рабоце, гэтак жа, як і пазнаёміцца з нямецкімі ды французскімі музеямі, прысвечанымі Другой сусветнай вайне. Відавочна, што неабходна развівацца, выкарыстоўваць сучасныя сродкі, тыя ж аўдыёгіды на розных мовах, ствараць віртуальныя экскурсіі, мультымедыйныя праекты. Але для нас гэта - пакуль толькі задумы, бо для рэалізацыі такіх праектаў патрэбны адпаведныя сродкі. З нашых жа апошніх дасягненняў можна вылучыць цудоўную канферэнц-залу, дзе дэманструюцца фільмы, прэзентацыі, ладзяцца форумы.

 - Мемарыяльны комплекс "Брэсцкая крэпасць - герой" ведаюць далёка за межамі Беларусі. Гэтаму садзейнічаюць, у тым ліку, і якасны сайт, і выстаўкі за межамі нашай краіны. А дзе сёння за мяжой можна ўбачыць праекты музея?

 - У Велікабрытаніі пры падтрымцы нашага Пасольства цяпер праходзіць выстаўка "Летапіс Брэсцкай крэпасці ў фотаздымках", што расказвае пра яе гісторыю, пачынаючы з ХІХ ст. Праект стартаваў у верасні мінулага года і да гэтага часу вандруе па гарадах Злучанага Каралеўства. Цяпер з экспазіцыяй могуць пазнаёміцца жыхары і госці Лондана. Дарэчы, цікавая сама гісторыя праекта. Летась адзін з брытанскіх турыстаў быў літаральна зачараваны Брэсцкай крэпасцю, захапіўся і фотавыстаўкай, што тады праходзіла ў нашым музеі, пасля чаго вырашыў абавязкова пазнаёміць з ёй сваіх землякоў. Гэты праект запрашае турыстаў наведаць не толькі крэпасць, але і сам Брэст, і Беларусь увогуле. Другая выстаўка па ініцыятыве нашага Пасольства ў Польшчы днямі адкрылася ў Варшаве. Праект мае назву "Абарона Брэсцкай крэпасці ў фотаздымках і дакументах праціўніка".

- Ва ўсім свеце практыкуецца прыцягненне ў музей валанцёраў. Наколькі яны запатрабаваны ў Мемарыяльным комплексе?

 - У час летніх канікул у нас працуе пераважна мясцовая моладзь. Яе галоўная задача - навядзенне парадку на тэрыторыі комплексу. Цягам двух гадоў да нас прыязджаюць і маскоўскія валанцёры. Сёлета маюць жаданне папрацаваць у нас юнакі і дзяўчаты з Санкт-Пецярбурга, якія таксама будуць займацца добраўпарадкаваннем тэрыторыі.

- Сучасны музей не абыходзіцца і без выдавецкай дзейнасці, стварэння і продажу сувеніраў, якіх, як я заўважыў, у вашым музейным кіёску даволі багата...

- За апошні час супрацоўнікамі музея падрыхтавана і выдадзена даволі шмат кніг, разлічаных на самую розную аўдыторыю. У нашым актыве - і шэраг буклетаў на англійскай, нямецкай, польскай мовах. Што да сувенірнай прадукцыі, то турысты могуць набыць тавар на любы густ, пачынаючы ад звычайных паштовак, разнастайных магнітаў і заканчваючы карцінамі з сімволікай ды выявамі Брэсцкай крэпасці. Але, улічваючы замежны вопыт, хочацца стварыць паўнавартасную сувенірную краму са значна пашыраным асартыментам тавараў: гэта і адмысловыя бейсболкі, майкі, макеты ваеннай зброі, будынкаў крэпасці, фартоў, фільмы на DVD.

 Кінаакцэнт

- Подзвіг абаронцаў Цытадэлі неаднойчы браўся за аснову сюжэта мастацкіх стужак, а сам музейны комплекс станавіўся здымачнай пляцоўкай. Як вы ацэньваеце зробленыя кінапраекты, у тым ліку фільм "Брэсцкая крэпасць", прэм'ера якога запланавана ў Цытадэлі на 22 чэрвеня? На апошнім, ведаю, вы з'яўляліся кансультантам.

 - Кожны фільм адпавядаў свайму часу і імкнуўся перадаць боль і трагедыю тых векапомных падзей. Што да новай кінастужкі, дык варта адзначыць яе высокі ўзровень, у тым ліку прафесіяналізм здымачнай групы і акцёраў. Ён нясе ў сабе адбітак таго часу, тых жудасных баёў, адпавядае падзеям 1941-га года і па месцы, і па часе, бо здымкі праходзілі якраз пачынаючы з чэрвеня па кастрычнік.

Тым часам намі зроблена невялікая перасоўная фотавыстаўка, што адлюстроўвае здымачны працэс у Цытадэлі. На чарзе экспазіцыя "Кіналетапіс Брэсцкай крэпасці", якая будзе адкрыта напрыканцы чэрвеня. Там будуць прадстаўлены і экспанаты, перададзеныя стваральнікамі апошняга кінафільма, сярод якіх - фатаграфіі, пэўны рэквізіт, частка талеркі, якую разбівалі ў першы дзень здымак, каштоўны альбом з раскадроўкамі...

 Канешне, пад час працы і папярэдніх праглядаў заўвагі прысутнічалі, але пераважна дробныя, якія выпраўлены да прэм'еры, што адбудзецца каля Цярэспальскіх варот а 2-й гадзіне ночы. Там усталююць вялікі экран і падрыхтуюць пляцоўку для прагляду.

 У сваю чаргу, мы пастараліся дапамагчы акцёрам як мага лепш ужыцца ў свае ролі: правялі з імі "інструктаж", давалі чытаць літаратуру, расказвалі пра некаторыя эпізоды абароны крэпасці. Нельга, дарэчы, не адзначыць і сапраўдны ажыятаж, звязаны з удзелам мясцовых жыхароў у здымках фільма. Людзям давялося выстаяць у немалой чарзе, каб паўдзельнічаць у масоўцы.

 наш спецкарэспандэнт Мінск - Брэст - Мінск

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"