У скверыку працавалі выстаўкі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва майстроў з Рухчы, Асавой, Юнішчаў, Вулькі-Араі, Фядораў, дзе былі прадстаўлены вышыўка, бісерапляценне, разьба па дрэве, вырабы Цэнтра ганчарства з вёскі Гарадная.
З самага ранку ўдзельнікі аматарскага аб'яднання "Гарынскія папрадухі" Рэчыцкага ГДК і фальклорнага калектыву "Радчанка" Радчыцкага СДК заходзілі ў двары, жадалі гаспадарам здароўя і дабрабыту ды запрашалі на свята.
Пад час абраду кумлення ўсе праходзілі пад бярозавай аркай і цалаваліся, каб год не сварыцца. А ансамбль народнай песні "Ярок" - калектыў культработнікаў пад кіраўніцтвам метадыста РАМЦ Валерыя Шуркалы - і танцавальны гурт "Пралеска" Альманскага СДК выканалі абрадавую кампазіцыю.
А быў яшчэ і канцэрт-ушанаванне, падрыхтаваны аматарамі мастацкай творчасці Рухчанскага СДК. Шмат удзячных слоў прагучала са сцэны на адрас пажылых людзей. У Год юбілею Перамогі асобная павага і ўдзячнасць - тым, хто абараняў Айчыну ў гады вайны. Іх на ўвесь сельсавет засталося толькі трое: Фёдар Рыгоравіч Васільчук, Іван Паўлавіч Падвіцельскі і Аляксей Герасімавіч Шульжык. А самаму старэйшаму жыхару Рухчы - Івану Іосіфавічу Некрашэвічу - 97 гадоў. За 90 гадоў - Надзеі Сцяпанаўне Качаноўскай, Аляксею Герасімавічу Шульжыку, Ксеніі Якаўлеўне Шаўчук...
Галіна ГАШЧУК Столін На здымку: дырэктар Цэнтра ганчарства вёскі Гарадная Алімпіяда Леанавец на выстаўцы.