Сяргей ДАРАФЕЕЎ: “Я хачу быць аб’ектыўным”

№ 22 (942) 29.05.2010 - 04.06.2010 г

Гарызантальны і вертыкальны “лайнер” для ток-шоу Мяркую, не перабольшу: глядзець праграмы гэтага вядучага ніколі не бывае сумна. Вострыя пытанні, сапраўднае супрацьстаянне суразмоўцаў, цікавыя меркаванні экспертаў, нязмушаная атмасфера — усё гэта характарыстыкі ток-шоу “Выбар” на АНТ пад кіраўніцтвам журналіста Сяргея ДАРАФЕЕВА. Да згаданага праекта далучыўся нядаўна і, так бы мовіць, больш камерны “Выбар+” — праграма, што, нягледзячы на позні эфірны час, прымушае прачнуцца і актывізавацца нават стомленага гледача. Зноў-такі — дзякуючы актыўнай пазіцыі інтэрв’юера, якая ўключае і пошук цікавага суразмоўцы, і злабадзённыя пытанні да госця ў студыі. Як здзейсніўся выбар прафесіі Сяргея Дарафеева? Якое яго асабістае творчае крэда? Нарэшце, якім чынам удалося ажыццявіць невялікую, здавалася б, але такую заўважную эвалюцыю на айчынным тэлеэкране? Пра гэта — у гутарцы карэспандэнта “К” з вядучым праграм “Выбар” і “Выбар+”, дырэктарам Дырэкцыі ранішняга вяшчання АНТ Сяргеем Дарафеевым.

 

"Працую не дзеля статуэтак"

- Сяргей, не магу абмінуць увагай ваша асабістае свята, што адзначылі на мінулым тыдні. З якім настроем сустрэлі трыццаты дзень нараджэння? Мусіць, ёсць тут адчуванне пэўнага этапа жыццёвага /i/content/pi/cult/266/4095/6-1.jpgшляху...

- Вядома, усведамленне таго, што пайшоў чацвёрты дзесятак, насцярожвае. Напэўна, значная частка вашай аўдыторыі зараз усміхнецца: "Хлопец яшчэ!"... Але кожны чалавек, праходзячы пэўны этап станаўлення (у дадзеным выпадку я маю на ўвазе, так бы мовіць, каляндарны), ды ўсведамляючы, колькі яму гадоў, на нейкім адрэзку пакідае чакаць свайго дня нараджэння як свята. Што да мяне, магу зазначыць: да свайго ўзросту стаўлюся з доляй іроніі.

 - Мяркую, падставы для добрага настрою ў асэнсаванні зробленага ўсё ж ёсць: вы - адзін з самых папулярных тэлевядучых Беларусі, а сёлета гэта было прызнана вашымі калегамі на чарговай цырымоніі ўручэння Нацыянальнай прэміі "Тэлевяршыня"...

 - Я ўдзячны журы за выбар, але не магу сказаць, што гэта - неверагодны для мяне падарунак, бо працую не дзеля статуэтак, пэўных атрыбутаў публічнасці, а - дзеля гледачоў. Хочацца рабіць працу, якая самому спадабалася б. Калі ўзнагароды ёсць - дзякуй, канешне, прыемна, але калі іх няма - зусім не значыць, што жыццё спынілася. Не гэта галоўнае. Для мяне больш істотна, што ў праграмы "Выбар" ёсць свой глядач. І мяне асабліва радуе наступнае: гэта глядач з высокім узроўнем патрабаванняў, адукацыі, выхавання, актыўны, са сваёй пазіцыяй. Падтрымка такіх людзей для мяне па-сапраўднаму важная.

 "Выбар адбыўся ў 17 гадоў"

 - Сяргей, ды ўсё ж, калі вярнуцца ў самы пачатак - да вашага асабістага выбару прафесіі: чым вас прывабіла журналістыка? Ведаю, што вы скончылі Беларускі нацыянальны тэхнічны універсітэт па зусім іншай спецыяльянасці...

- Так, я мог стаць фізікам. Але гэта даўняя гісторыя... Мой зварот да журналістыкі адбыўся яшчэ ў 17 гадоў. Я з першага курса універсітэта працаваў на радыё, таму сёння мой стаж у прафесіі журналіста налічвае 13 гадоў. Мяне "не занесла" на радыё і тэлебачанне - я сам туды прыйшоў. Гэта мой свядомы выбар. А чым прывабіла журналістыка? Магчымасцю выказваць сваё меркаванне, мець права прамаўляць аб тым, што ведаеш, што бачыш, урэшце, магчымасцю знаходзіцца ў агульным кантэксце з людзьмі, якія думаюць.

- На ваш погляд, ці здольная журналістыка "ахапіць неабдымнае"?

- Заўжды хочацца адчуваць сябе максімалістам у той ці іншай сферы, але часам максімалізм у нашых планах зусім не супадае з рэальнасцю, якая дыктуе ўмовы працы. І так можна сказаць пра многія прафесіі.

"Наша тэлебачанне змяняецца"

- У вашым сurriculum vitae, нягледзячы на тое, што вы скончылі тэхнічную ВНУ, - навучанне і атрыманне журналісцкага вопыту ў шматлікіх краінах свету, у тым ліку і стажыроўка ў Чыкага...

 - Заўважу: пра гэтую стажыроўку больш гавораць, чым яе было...

 - Тым не менш, што вы вынеслі з яе, з іншых аналагічных паездак? І ці перанялі пэўны "замежны вопыт" у сваёй працы?

 - Па-першае, я "развянчаў" асабіста для сябе міфы аб Амерыцы. Што да ведаў па журналістыцы, дык нямала дазнаўся. І да гэтай пары перагортваю тагачасныя канспекты, перачытваю пэўныя тэзісы. Пастаянна аб гэтым кажу: каб быць добрым журналістам, неабходна ўвесь час вучыцца, бо змяняецца нарматыўна-прававая база, прынцыпы, механізмы працы, з'яўляюцца новыя схемы. На жаль, мы ў дадзеным плане адстаём ад тых жа Расіі, Украіны, еўрапейскіх, амерыканскіх медыя.

Так, вы маеце рацыю: пэўныя сусветныя напрацоўкі, схемы я скарыстаў. А як жа інакш? Але чамусьці, калі толькі пачынаў гэта рабіць, некаторыя мае калегі ўспрымалі новаўвядзенні "ў штыкі": маўляў, навошта ўсё гэта? Што за схемы ты прыдумаў? А я нічога не прыдумляў - гэтыя схемы існуюць і працуюць ужо даўно: гарызантальнае і вертыкальнае прамаціраванне - так званае анансіраванне ўнутры праграмы, складанне сеткі праграмы з улікам пэўных прынцыпаў уплыву на мэтавую аўдыторыю... Цяпер усе прыходзяць да гэтых прыёмаў, яны ўкараняюцца і ў Беларусі, нават з нашым невялікім аб'ёмам рэкламнага рынку. Я ж выкарыстоўваю вышэйназваныя схемы ў "Выбары", "Выбары+" і часткова - у "Нашай раніцы". Лічу, што менавіта такім чынам змяняецца наша тэлебачанне.

- Ці адчулі вы розніцу ў школе журналістыкі, магчыма, убачылі іншыя ментальныя ўяўленні?

- Я ўвогуле ніколі не любіў размоў пра ментальнасць. Бо, на маю думку, калі хтосьці пачынае казаць пра ментальнасць, ён тым самым выражае сваю слабасць і ў некаторай ступені няздольнасць змяніць пэўную жыццёвую сітуацыю. Быццам бы ў нас няма перадумоў для фарміравання кола аб'ектыўных прафесіяналаў і экспертаў! Яны ёсць! Ментальнасць тут ні пры чым.

 "Калі людзі адгукаюцца"

- Сяргей, хочацца даведацца наконт "творчай кухні" вашай праграмы. Колькі часу займае падрыхтоўка да ток-шоу? Які ён, урэшце, "рэцэпт" добрага эфіру? Колькі чалавек у вашай камандзе? І, цікава, колькі кілаграмаў вагі асабіста вы губляеце за адну праведзеную праграму?

- Як правіла, падрыхтоўка аднаго "Выбара" займае тыдзень. Нейкія праграмы мы робім па часе даўжэй. У гэтым выпадку вядзём тэмы цягам месяца і, калі ўпэўнены, што не дапусцім ніякай памылкі ні дэ-факта, ні дэ-юрэ, ідзём на эфір. "Рэцэпт" жа добрага ток-шоу надзвычай просты: даваць людзям выказвацца лёгка і свабодна, дапамагаць ім гэта рабіць, прадставіць усе пункты погляду. Дарэчы, акрамя мяне над "Выбарам" працуюць яшчэ тры рэдактары. А наконт скінутых кілаграмаў... (Усміхаецца.) Не ведаю, але адчуванне стомленасці пасля прамога эфіру, канешне ж, ёсць.

- А што вы скажаце наконт тых суразмоўцаў, якіх нялёгка "разгаварыць"?..

- Беларусы змяняюцца. Хтосьці - хутчэй, хтосьці - больш павольна. Хтосьці гаворыць лепш, а хтосьці - горш, але гэта не значыць, што той, апошні, не цікавіцца падзеямі вакол сябе. Нездарма фразалайнер для гледачоў ў праграме "Выбар+" гучыць наступным чынам: "Дзякуй вам за тое, што вы не абыякавыя да таго, што ў нас адбываецца!". І людзі сапраўды адгукаюцца і цікавяцца падзеямі навокал, хоць не ўсе з іх умеюць "плесці славесныя карункі". Ды часам і не трэба гэтага рабіць.

- Бачыла адзін з нядаўніх эфіраў "Выбару+". Ваш візаві не ішоў на адкрытасць, але ж вы былі няўхільным у здабыванні неабходнай вам інфармацыі...

- Я ўсяго толькі быў прынцыповым. Мне часта кажуць пра маю непахісную пазіцыю: маўляў, у-у, якія пытанні ён задае! Але я не задаю іх з той прычыны, што хачу камусьці спадабацца або кагосьці раззлаваць. Напэўна, мая прынцыповасць выклікае падобную рэакцыю таму, што мы доўгі час не ставілі востра пытанні ў фармаце ток-шоу ды і не рабілі, па сутнасці, падобных праграм. Але ўсё, што гучыць з маіх вуснаў, я заўжды магу даказаць. Разумею, што ёсць пэўнае кола людзей, якім не даспадобы такая пазіцыя, але, збольшага, транслюю пытанні гледачоў. У той жа час, я не прэсінгую сваіх гасцей - і таму мне не сорамна ні за адну праграму.

Так, не заўжды ўсё атрымліваецца так, як хочацца. Бывае, не так сказаў, як можна было, не так ёміста, інфарматыўна, але я таксама імкнуся расці ў прафесіі ды імкнуся выпраўляць свае памылкі. Для мяне галоўны падыход - аб'ектыўнасць. Наколькі ўжо гэта атрымліваецца ў праграмах - няхай вырашае глядач.

"Ток-шоу - чакаюць"

- Сяргей, як журналіст газеты "Культура" не магу не задаць пытанне наконт вашых праграм, прысвечаных культурнай прасторы і праблематыцы: наколькі блізкая вам гэтая тэма?

 - Вельмі блізкая. І мяне радуе, што праграмы на дадзеную тэматыку атрымліваюць значны розгалас. Часам прыходзяць і незадаволеныя водгукі: маўляў, праграма была несур'ёзнай. Да прыкладу, шмат папрокаў выклікала ток-шоу, прысвечанае беларускай белетрыстыцы. Былі нават меркаванні, што праграма - заказная. І даводзіцца тлумачыць, што мы рабілі ток-шоу пра лёгкую літаратуру сённяшняга дня, у добрым сэнсе гэтага слова, пра перыёдыку. Таму яно і атрымалася такім, якім атрымалася, і, трэба адзначыць, той выпуск займеў нямала станоўчых водгукаў. Але, у любым выпадку, жарсці, якія віруюць вакол культурных тэм, абмеркаваных у "Выбары", сведчаць: ток-шоу менавіта такога накірунку чакаюць.

Прынамсі, мы запланавалі "Выбар", які будзе прысвечаны беларускай літаратуры самых розных жанраў, і гэтая праграма ўжо дакладна падпадзе пад азначэнне "сур'ёзная". Больш праграмных анонсаў агучыць не магу, бо тэмы нашы выцякаюць з самога жыцця: што нам прадыктуюць падзеі, аб тым і будзем гутарыць.

 - Калі прадоўжыць сэнсавы ланцужок захапленняў культурных людзей... Якую кнігу Сяргей Дарафееў трымае на сваім століку побач з ложкам або на працоўным месцы?

 - На дадзены момант - "Канстытуцыйнае права Рэспублікі Беларусь". А таксама - раман Фёдара Дастаеўскага "Идиот", некаторыя часопісы, разнастайную беларускую перыёдыку...

Фота Юрыя ІВАНОВА

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"