Імперыялы з Сынкавічаў Таямніцы дзесяці курганоў

№ 20 (940) 15.05.2010 - 21.05.2010 г

Турыстычная вядомасць вёскі Сынкавічы, што ў Зэльвенскім раёне Гродзеншчыны, найперш звязана са старадаўняй царквой Архангела Міхаіла XVІ ст., якая спалучыла найбольш выразныя рысы заходнееўрапейскага і візантыйскага дойлідства і з’яўляецца адным з нешматлікіх прыкладаў абарончага храма. Да таго ж, стылёвыя асаблівасці раманскай архітэктуры, эпохі готыкі і нават элементаў рэнесансу былі пераасэнсаваны будаўнікамі ў адпаведнасці з традыцыямі беларускага дойлідства.

/i/content/pi/cult/263/4029/14-2.jpg

 

 Існуе легенда, нібы Сынкавіцкую царкву заснаваў вялікі князь Вітаўт у знак удзячнасці за тое, што ў мясцовых пушчах ён уратаваўся ад пагоні Ягайлы. У той жа час, паводле звестак гісторыкаў, гэты храм паўстаў на пачатку XVI ст., і што вельмі верагодна, на грошы гетмана Канстанціна Астрожскага.

Мала хто ведае пра яшчэ адну адметнасць ваколіц гэтай вёскі - шматлікія курганы. Іх даследаваннем яшчэ ў ХІХ ст. займаўся вядомы археолаг Фёдар Пакроўскі, які хоць і нарадзіўся ў Кастрамской вобласці Расіі, але сваю дзейнасць прысвяціў менавіта нашаму краю: выкладаў у Мінскім духоўным вучылішчы, а ў 1884 - 1902 гг. быў захавальнікам знакамітага Віленскага музея старажытнасцей, склаў апісанне яго фондаў.

Па выніках раскопак вучоны склаў археалагічныя карты Гродзенскай, Віленскай і Ковенскай губерняў, за што быў узнагароджаны Вялікім сярэбраным медалём Рускага археалагічнага таварыства.

Яго намаганнямі ў 1895 г. у Вільні з друку выходзіць кніга "Археалагічная карта Гродзенскай губерні", якая дазваляе сёння даведацца пра страчаныя або маладаследаваныя скарбы нашага народа. Паводле даных Ф.Пакроўскага, каля вёскі Сынкавічы тагачаснага Слонімскага павета налічвалася некалькі дзесяткаў курганоў - пахаванняў глыбокай старажытнасці. У прыватнасці, усяго за паўвярсты на паўночны ўсход ад царквы, ва ўрочышчы Дубова, напрыканцы ХІХ ст. яшчэ знаходзіліся чатыры курганы. Адзін з іх, авальнай формы, меў у акружнасці 20 сажняў. Сярод іншых пахавальных насыпаў вылучаліся курганы ў форме ўсечанага конуса з упадзінамі на версе, а таксама прадаўгаватага чатырохкутніка.

У гэтым жа накірунку, але трохі далей ад папярэдніх курганоў - метраў на 500, - ва ўрочышчы Кашчэеў вучоны вызначыў і іншую групу. Гэтыя курганы размешчаны па схіле ідучых уздоўж ракі Бярозы ўзгоркаў. Большасць з іх была ўжо на той час ці то знішчана, ці то пашкоджана пасевамі. Па звестках Пакроўскага, ацалела ўсяго толькі дзесяць курганоў. Адзін з іх, авальны, меў у акружнасці 23 сажняў, а на яго версе захаваліся два невялікія паглыбленні і тры камені. Як адзначыў вучоны ў сваёй кнізе, пад час сяўбы на палетках, што знаходзіліся на гэтых курганах, сялянам часта трапляліся чалавечыя астанкі, а аднойчы нават быў знойдзены скураны бот, у якім змяшчаўся складны жалезны нож.

За некалькі вёрстаў на поўнач ад Сынкавічаў Пакроўскі налічыў да 30 курганоў рознай формы, паверхня якіх была выкладзена камянямі. На гэтым жа месцы вучоны выявіў столькі ж каменных пліт. На адной з іх адлюстраваны крыж, а таксама размешчаны два абчасаныя каменныя крыжы.

У 1887 г. ва ўрочышчы Кашчэеў сялянамі быў знойдзены каменны малаток са свідравінай і яшчэ дзве аналагічныя знаходкі на палях непадалёк. Цікавы факт падмеціў археолаг. Аказваецца, каменныя сякеры мясцовыя жыхары лічылі за стрэлы Перуна і сцвярджалі, што тыя з'яўляюцца на паверхні зямлі толькі праз 12 гадоў пасля ўдару маланкі, пад час якой яны ўтварыліся і пагрузіліся ў зямлю. І што зусім падаецца неверагодным - гэтыя стрэлы ў форме парашку ўжываліся сялянамі ў якасці лекаў супраць болю ў жываце.

У 1889 г. на дне возера ў гэтым жа ўрочышчы селянінам па прозвішчы Сяхно была знойдзена металічная сякерка. Яшчэ больш пашанцавала іншаму мясцоваму жыхару, які ў 1880 г. пры апрацоўцы свайго агарода знайшоў чыгун з залатымі і сярэбранымі манетамі, сярод якіх былі імперыялы і паўімперыялы.

Пакроўскі адзначаў, што ў дадзенай мясцовасці былі не рэдкімі таксама выпадкі знаходак на палях французскіх, польскіх, шведскіх і рускіх манет XV - XVIII стст. Да таго ж, у народзе захоўвалася легенда пра існаванне скарбу пад адной з вежаў Сынкавіцкай царквы. І хоць яна так і не пацвердзілася, але ў 1889 г. пад час рамонту храма быў выяўлены склеп са шматлікімі чалавечымі астанкамі, а таксама знойдзена відавочна старадаўняя ікона - "Пацалун/i/content/pi/cult/263/4029/14-1.jpgак Іуды".

Для тых, хто пабываў у Сынкавічах, можа падацца дзіўным, чаму ў такую грунтоўную кнігу вядомага археолага не быў уключаны яшчэ адзін цікавы аб'ект - вінакурня. Але, як ні дзіўна, яна была пабудавана толькі на пачатку ХХ ст. і не ўяўляла з сябе асаблівай гістарычнай каштоўнасці. Сёння ж муры колішняй вінакурні, што надзвычай добра захаваліся, таксама як і некаторае абсталяванне ўнутры будынка, не могуць не заінтрыгаваць цікаўных турыстаў. На жаль, пакуль у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь не ўключаны ні старажытныя курганныя могільнікі, ні вінакурня, якой ужо больш за сто гадоў.

На здымках: будынак колішняй вінакурні; царква Архангела Міхаіла ў Сынкавічах.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"