Музей для Мінска

№ 20 (940) 15.05.2010 - 21.05.2010 г

Пытанне пра стварэнне Музея гісторыі Мінска ўзнімалася шырокай грамадскасцю яшчэ ў 80-я гады мінулага стагоддзя, калі праходзілі маштабныя раскопкі Нямігі ў сувязі з будаўніцтвам метрапалітэна. Аднак спатрэбілася некалькі дзесяцігоддзяў, каб ідэя нарэшце ператварылася ў рэальнасць. І першым крокам да гэтага стала ўрачыстае адкрыццё на мінулым тыдні экспазіцыі Галерэі твораў Героя Беларусі, народнага мастака СССР і Беларусі Міхаіла Савіцкага “Мастак. Грамадзянін. Герой”.

/i/content/pi/cult/263/4003/3-2.jpg

/i/content/pi/cult/263/4003/3-1.jpg

 

Напярэдадні Міжнароднага дня музеяў карэспандэнт "К" вырашыў даведацца, чым жыве самы малады музей краіны, непасрэдна ў яго дырэктара Галіны ЛАДЗІСАВАЙ. І найперш - высветліць, чаму першы экспазіцыйны аб'ект музея звязаны менавіта з мастацтвам.

- Адкрыццё ў Музеі гісторыі Мінска галерэі М.Савіцкага - заканамернае. Справа ў тым, што мастак на сваіх палотнах адлюстраваў пэўныя гістарычныя вехі ХХ стагоддзя, у тым ліку і ў жыцці сталіцы. Міхаіл Андрэевіч - Ганаровы грамадзянін Мінска, з 1950-х гадоў плённа працуе тут і з'яўляецца адным з ініцыятараў і нязменных кіраўнікоў Творчых акадэмічных майстэрняў жывапісу, графікі і скульптуры Міністэрства культуры нашай краіны. Работы іх выпускнікоў таксама на часовай выстаўцы.

Экспазіцыя ж твораў М.Савіцкага складаецца з шасці залаў, першая з якіх знаёміць з палотнамі, напісанымі на пачатку творчай дзейнасці аўтара. Працягваюць выстаўку залы, дзе дэманструюцца работы цыкла "Лічбы на сэрцы". Нельга не прыгадаць, што ў экспазіцыю ўвайшлі дзесяць твораў цыкла "Чорная быль", перададзеных мастаком у дар Мінску. Чатырнаццаць карцін, створаных у 1970-я - 1980-я гг., дэманструюць спадчыну жывапісца з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея краіны. У нас прадстаўлена і фотахроніка, якая распавядае пра значныя падзеі ў творчым жыцці М.Савіцкага.

- І ўсё ж для паказу жыцця і работ знакамітага творцы трохі не хапае прасторы...

- Першапачаткова планавалася размясціць галерэю М.Савіцкага ў будынку на плошчы Свабоды - больш прыдатным для падобных экспазіцый. Але пакуль цягам двух гадоў там будзе праходзіць рэстаўрацыя, прынята рашэнне выставіць работы славутага мастака ў экспазіцыйных залах будынка, дзе цяпер размяшчаецца адміністрацыя музея. У выніку ўсяго за некалькі месяцаў падрыхтавана сённяшняя экспазіцыя. Цяпер мы паралельна працуем над архітэктурным праектам будынка, дзе на пастаяннай аснове і ў адпаведнасці з усімі тэхналагічнымі патрабаваннямі будуць захоўвацца карціны мастака, а таксама над стварэннем новай, больш поўнай экспазіцыі, дзе будзе прадстаўлена, у тым ліку, партызанская, хрысціянская тэматыка работ Савіцкага. Акрамя гэтага, патрэбна вырашыць шэраг пытанняў адносна атрымання на кароткачасовы дэпазіт некаторых знакамітых палотнаў мастака, якія захоўваюцца ў Трацякоўскай галерэі, фондзе Саюза мастакоў Расіі. Трэба яшчэ ўлічваць, што рабочая група па стварэнні музея - гэта ўсяго тры чалавекі. Сёлета мы можам разлічваць на штат ужо ў шэсць навуковых супрацоўнікаў і аднаго рэстаўратара - між іншым, выпускніка Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў.

- Пакуль не ўсе аб'екты музея даступныя для наведвання турыстамі і жыхарамі сталіцы, у тым ліку старажытнае Мінскае замчышча. Можа, варта стварыць на дадзеным этапе музей у інтэрнет-прасторы?

- Сапраўды, праца ў гэтым накірунку ўжо распачата: знойдзена арганізацыя, якая зоймецца стварэннем сайта, дзе, сярод іншага, прадугледжана віртуальная прэзентацыя аб'ектаў. І дзейнасць гэтая мяркуецца як паралельная з апрацоўкай фондаў. Тым больш, для віртуальнай прэзентацыі неабходна падрыхтаваць навуковыя рэканструкцыі асобных страчаных частак музейных экспанатаў

 - Музей у наш час усё часцей выходзіць за межы будынкаў. Ці разглядаюцца варыянты ўсталявання ў цэнтры сталіцы інфакіёскаў з інфармацыяй пра гісторыю горада?

- Гэта, безумоўна, добрая ідэя, у тым ліку для папулярызацыі музея сярод турыстаў. І пэўныя задумкі ў нас ужо ёсць. У гэтым накірунку будзем вельмі цесна працаваць з Інфармацыйна-турыстычным цэнтрам "Мінск", які таксама знаходзіцца ў структуры Мінгарвыканкама. Сумесна мы зможам ствараць такія праграмы як у электронным, так і ў друкаваным фармаце. Таксама запланавана распрацоўка музейна-педагагічных заняткаў, разлічаных на розныя ўзроставыя групы, з улікам пешаходных экскурсій па гістарычным цэнтры горада. Да таго ж, наш цэнтральны будынак мае два ўнутраныя дворыкі, што дазволіць выкарыстоўваць іх для правядзення прэзентацый, вечарын, канцэртаў з удзелам сталічных музычных і мастацкіх школ, вучылішчаў. - Некалькі будынкаў музея, раскіданых па ўсім горадзе... Наколькі гэта станоўчы фактар для дзейнасці ўстановы? - Мы імкнёмся адлюстраваць цэласную гісторыю горада, а таму будаваць нейкі адзін штучны аб'ект немэтазгодна- больш карысна размяшчаць экспазіцыі ў месцах, гістарычна абумоўленых. Да таго ж, карты, інфакіёскі, разнастайныя буклеты будуць дапамагаць знайсці турысту ўсе аб'екты музея. А каб паказаць, напрыклад, культурнае жыццё і побыт гарадской інтэлігенцыі ХІХ - пачатку ХХ стст. ці можна знайсці сядзібу лепш за тую, што знаходзіцца ў Лошыцы? Гэта ж можна сказаць і пра Верхні горад.

- Ці магчыма задзейнічаць іншыя аб'екты - той жа Парк камянёў, што ва Уруччы, - у працэсе функцыянавання Музея гісторыі Мінска?

- У пэўнай перспектыве гэтага нельга выключаць. Цяпер адміністрацыяй Першамайскага раёна распрацоўваецца архітэктурны праект афармлення тэрыторыі парку. Магчыма, гэта будзе парк-музей. Структурна ён можа ўваходзіць у склад музея, мець статус філіяла. Нам хацелася б, каб у музеі абавязкова быў і палеанталагічны аддзел. Думаецца, жыхарам і гасцям горада будзе цікава ўбачыць на свае вочы косткі мамантаў, іншых жывёл, што колісь жылі на тэрыторыі, дзе праз вякі нарадзіўся Мінск.

Фота Юрыя ІВАНОВА

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"