У Барунах па каралеўскім прывілеі

№ 18 (938) 01.05.2010 - 07.05.2010 г

Вёска Баруны, што знаходзіцца ў Ашмянскім раёне, на шляху паміж замкамі ў Крэве і Гальшанах, вядомая не толькі сваім касцёлам Святых апосталаў Пятра і Паўла ды цудадзейнай іконай Божай Маці, але і будынкам базыльянскага манастыра, у якім цягам XVIII i XIX стагоддзяў дзейнічала адна з найлепшых школ у краі. Пра гэта сведчаць дасягненні яе выпускнікоў, сярод якіх — вядомы пісьменнік і член таварыства шубраўцаў Ігнат Ходзька, збіральнік матэрыялаў па гісторыі Беларусі, член Таварыства філарэтаў Леанард Ходзька, а таксама знакаміты паэт і публіцыст Антон Эдвард Адынец ды паэт і перакладчык на польскую мову Гарацыя, Шылера, Шэкспіра, шэрагу іншых класікаў сусветнай літаратуры Юльян Корсак. Менавіта ў Барунах на самым пачатку ХІХ стагоддзя адбылося маральнае станаўленне юнакоў, іх першыя крокі ў творчасці.

 

/i/content/pi/cult/260/3960/14-2.jpgПа звестках доктара гістарычных навук Святланы Марозавай, Баруны як значны адукацыйны асяродак шырокую вядомасць набылі пад час дзейнасці уніяцкага мітрапаліта Язэпа Руцкага, які ў 1613 г., заручыўшыся каралеўскім прывілеем, спрыяў адкрыццю шэрагу ўстаноў адукацыі, у тым ліку пачатковай школы для манахаў і святароў у Барунах, якая з'яўлялася тыповай базыльянскай навучальнай установай. У 1778 -1793 гг. будуецца мураваны манастырскі корпус, тады ж трохгадовая школа ператвараецца ў шасцікласную. Утвораная на аснове статута Адукацыйнай камісіі, гэтая школа давала аб'ём ведаў, неабходны для паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, у тым ліку Віленскі універсітэт. Першапачаткова ў школе выкладалі выключна вучоныя манахі, а ў ХІХ ст. з'яўляюцца і свецкія выкладчыкі. Педагагічны калектыў складаўся з шасці прафесараў па лацінскай мове, арыфметыцы, красамоўстве, гісторыі, фізіцы і матэматыцы. Яны штодня па чарзе выкладалі свае прадметы ва ўсіх класах. Пры школе таксама быў манах, што валодаў лекарскім майстэрствам і меў патрэбны набор лекаў. У розныя часы ў школе займалася ад 140 да 200 юнакоў ва ўзросце ад 9 да 18 гадоў, пераважна - прадстаўнікоў шляхты з Ашмянскага і суседніх паветаў.

/i/content/pi/cult/260/3960/14-3.jpg Пры гэтым, вучні школы жылі ў дамах непадалёк ад тутэйшага кірмашу. Дзякуючы ўспамінам выпускнікоў школы і архіўным дакументам сёння можна даведацца пра штодзённы школьны распарадак. У прыватнасці, ужо а палове на сёмую вучні ўдзельнічалі ў імшы, у тым ліку выконвалі на лаціне песняспевы да Божай Маці. Літаральна праз паўгадзіны іх чакаў сняданак, пасля чаго адбывалася так званае дэкламаванне ўрокаў. І, нарэшце, з 8 да 14 гадзін, з перапынкам на абед, праходзілі ўрокі. Акрамя гэтага, заняткі па мовах доўжыліся да 17 гадзін. Паводле ўспамінаў Iгната Ходзькі, жыццё ў Барунах у цэлым было не вельмі вясёлым: вучоба ўдалечыні ад родных, нудная i нецікавая праца, пакаранні, часта незаслужаныя, - усё гэта дазваляла адаптавацца да самастойнага жыцця. Не дзіва, што летнія канікулы, праведзеныя ў бацькоў, успрымаліся выхаванцамі як вялікае шчасце. Зусім розныя, часам супрацьлеглыя, пачуцці i ўспаміны пакідалі ў вучняў царква i школа. Як прыгадваў пісьменнік, "...у царкве - гімны і песні, паўтараемыя гучным хорам, мілыя сэрцу i вуху студэнта, у школе- штодзённы плач i архіплач кожную суботу..." У студэнцкай капліцы, паводле мемуараў I.Ходзькі, захоўвалася школьная харугва.

/i/content/pi/cult/260/3960/14-4.jpgНа ёй з аднаго боку была выява школьнай заступніцы Маці Божай, вышытая на белым атласе, з другога - каласісты сноп збожжа - эмблема плёну навукі, якую вучні тлумачылі па-свойму: "Вучыся, асёл, добра: будзеш мець хлеб". Асабліва добрыя ўспаміны ў Ігната Ходзькі пакінуў "ксёндз фізік". Між іншым, як сведчаць даныя Расійскага дзяржаўнага гістарычнага архіва ў Пецярбургу, прафесарам фізікі "во всенародном Борунском училище" ў 1804 -1811 гг. быў Юльян Спірыдовіч, выхадзец з беларускай шляхты. У 1831 г. была прынята пастанова аб закрыцці базыльянскай свецкай школы ў Барунах i стварэнні замест яе духоўнай школы, абавязанай даваць выхаванне 20 сіротам або дзецям беднага духавенства. Існуюць версіі, што школу закрылі трохі пазней: у 1835 годзе. У манастыры з 1845-га пэўны час размяшчалася духоўнае вучылішча. Пад час Першай сусветнай вайны ў манастыры намаганнямі настаяцеля М.Пятроўскага быў створаны прытулак для дзяцей-сірот, а на пачатку 1920-х гадоў у старажытных сценах працавала беларуская настаўніцкая семінарыя, дырэктарам якой з'яўляўся С.Рак-Міхайлоўскі. У свой час даніну павагі да школы выказалі Ігнат Ходзька і Антон Эдвард Адынец, якія падрабязна апісалі школьнае жыццё ў апавяданнях "Баруны" і "Успаміны з мінулага". На жаль, сёння будынак школы - ў занядбаным стане, і таму, відавочна, наступны крок па ўшанаванні гэтага гістарычнага аб'екта мусіць быць за намі, сучаснікамі. Магчыма, удалае размяшчэнне вёскі паспрыяе рэстаўрацыі будынка школы і яго пераабсталяванню пад патрэбы турызму.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"