Стратэгія рызыкі і нанатэхналогій

№ 14 (934) 03.04.2010 - 09.04.2010 г

Знайсці сваю Трою, стварыць унікальную тэхналогію сёння можа літаральна кожны айчынны навуковец у адпаведных галінах навукі. Іншая справа, што для гэтага неабходна супадзенне вялікай колькасці фактараў: абсталявання, фінансавання, арыентаванага на поспех калектыву. Каб дапамагчы апантаным навукай людзям, у свой час была створана сістэма конкурснага выдзялення сродкаў па актуальных накірунках — Беларускі рэспубліканскі фонд фундаментальных даследаванняў, які сёння ўзначальвае наш суразмоўца, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі краіны Валянцін АРЛОВІЧ.

/i/content/pi/cult/257/3847/6-1.jpgНа беларускім вопыце - Валянцін Антонавіч, у хуткім часе Беларускі рэспубліканскі фонд фундаментальных даследаванняў адзначыць сваё 20-годдзе юбілей. За гэты час установай аказвалася істотная падтрымка ці не сотням навуковых праектаў...

- Так, але калі казаць больш дакладна - у нас за два дзесяцігоддзі разглядалася больш за 12,5 тысячы праектаў, і каля 40 працэнтаў з іх атрымалі неабходнае фінансаванне. Не без прыемнасці адзначу, што наш Фонд з'яўляецца самай даўняй арганізацыяй такога кшталту ва ўсёй Усходняй Еўропе. Яшчэ за савецкім часам Фонд быў створаны як сістэма, якая падтрымлівае невялікія групы найбольш ініцыятыўных навукоўцаў. Гэтая функцыя захавалася і да сённяшняга дня: Фонд не фінансуе арганізацыі, інстытуты і нават лабараторыі, затое можа фінансава паспрыяць, скажам, асобнаму праекту, нават на чале з аспірантам. Такая грантавая сістэма садзейнічае самастойнаму вызначэнню стратэгіі развіцця навукі асобнымі спецыялістамі. Невыпадкова, у спалучэнні з дзяржаўнай падтрымкай, яна існуе практычна ва ўсіх развітых краінах свету.

- Сёння навука становіцца ўсё больш, калі можна так сказаць, інтэрнацыянальнай. Даўно не выклікае здзіўлення сумесная праца вучоных нават з розных кантынентаў, не кажучы ўжо пра краіны. Наколькі актыўна ўзаемадзейнічае з замежнымі партнёрамі Фонд фундаментальных даследаванняў?

 - Сапраўды, намі наладжана надзвычай плённае супрацоўніцтва з аналагічнымі фондамі Францыі, Германіі, Польшчы, Расіі. У апошняй, дарэчы, існуюць Расійскі фонд фундаментальных даследаванняў, а таксама Расійскі гуманітарны навуковы фонд. Сёлета мы разглядаем каля 300 пададзеных на конкурс сумесных праектаў. Вельмі цудоўна, што навукоўцы з Беларусі і Расіі знайшлі агульную мову, размеркавалі абавязкі, вызначылі асноўныя прыярытэты дзейнасці. Цяпер таксама разглядаецца 40 праектаў, пададзеных сумесна з малдаўскімі даследчыкамі, ужо зацверджаны два беларускамангольскія і дзесяць беларуска-в'етнамскіх. Апрача гэтага, днямі запланавана экспертыза шэрагу беларуска-французскіх і беларуска-румынскіх праектаў. Між іншым, выкарыстоўваючы нашу нарматыўную базу, аналагічная арганізацыя ўзнікла ў В'етнаме. Не без падтрымкі з беларускага боку цяпер ствараецца Фонд падтрымкі навукі ў Азербайджане.

 - Цікава было б даведацца пра найбольш цікавыя ініцыятывы апошняга часу...

 - Шэраг супольных праектаў, да прыкладу, накіраваны на даследаванне культуры і мастацтва. Сёлета будзем ацэньваць праекты па вывучэнні ўзаемадзеяння культур у памежных рэгіёнах Беларусі і Расіі. Фонд дапамагае аб'яднаць агульныя намаганні, вызначыць, куды рухацца далей, а таксама спрыяе сумеснаму ўзаемадзеянню вучоных, каб важная для грамадства ініцыятыва не згубілася.

 "Полацк вывучаюць "па адной манеце"

- І ўсё ж: у чым галоўная функцыя, задачы Фонду фундаментальных даследаванняў? Наколькі ён запатрабаваны сёння?

 - Трэба сказаць, што роля нашага Фонду не ў тым, каб атрымаць шмат выбітных вынікаў, а, хутчэй, у падтрымцы пошукавай дзейнасці, актывізацыі новых напрамкаў даследаванняў, якія цяпер найбольш актуальныя. Прыкладам, з'яўляецца ў вучонага рызыкоўная, нават у нечым авантурная, ідэя, з якой можа вырасці навуковы напрамак. Як мы можам яго не падтрымаць? Хочаце пачуць прыклад? Колькі гадоў таму доктар гістарычных навук, прафесар Сяргей Рассадзін знайшоў у польскіх архівах інфармацыю пра невядомы на той час горад Казімір. Ніхто не быў упэўнены, што рэшткі гэтага старажытнага паселішча захаваліся. Тым не менш, вучоны вырашыў адшукаць яго і затым паслядоўна даследаваць. Фонд падтрымаў гэтую ідэю, і ў выніку інфармацыя пра археалагічнае адкрыццё Казіміра абляцела ўвесь навуковы свет. Такім чынам, быў дадзены першы штуршок да больш глыбокага даследавання. Працяг раскопак можа мець ужо большы маштаб, у тым ліку з прыцягненнем фінансавання мясцовымі ўладамі, замежнымі і айчыннымі інвестарамі. Апрача гэтага, дзякуючы падтрмы яшчэ аднаго праекта прафесара Рассадзіна, Светлагорск "пастарэў" у дзесяць разоў і сёлета адзначыць сваё 450-годдзе. Як можна ацаніць такую ініцыятыву? Гэта наша гісторыя, спадчына, і стаўленне да яе мусіць быць адпаведным

 - Пры гэтым яе даследаваннем усё часцей займаюцца не толькі гісторыкі, але і спецыялісты з іншых галін навукі, якія выкарыстоўваюць найноўшыя тэхналогіі. Ці фінансуюцца Фондам праекты на стыку розных навук?

 - З гэтай нагоды можна прыгадаць старажытны Полацк - сёлетнюю Культурную сталіцу Беларусі. Адной з задач Фонду было жаданне разам з Міністэрствам адукацыі і мясцовымі ўладамі прастымуляваць пачатак маштабных раскопак у горадзе да яго юбілею, што будзе адзначацца ў 2012 годзе. Да таго ж, Нацыянальны полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік мае тысячы археалагічных экспанатаў, што патрабуюць дакладнай даціроўкі, высвятлення матэрыялу і месца іх вырабу. У такой сітуацыі на дапамогу гісторыкам прыходзяць лазерныя нанаі мікратэхналогіі. Сёння доктар фізіка-матэматычных навук, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута фізікі НАН Беларусі Сяргей Райкоў разам з камандай спецыялістаў займаецца аналізам твораў старажытнага мастацтва, у прыватнасці, даследаваннем Казенкаўскага скарбу дзерхемаў - 7000 старажытных арабскіх манет X- XI стст.: вызначаецца склад кожнай манеты. У межах Фонду вядзецца і вывучэнне фрэсак Сафійскага сабора ў Полацку. Спадзяёмся, будуць знойдзены адказы на пытанні пра аўтарства і перыяд стварэння старажытных роспісаў храма. Ізноў жа, для гэтай працы выкарыстоўваюцца сучасныя лазеры, створаныя айчыннымі вучонымі, якія, апрача іншага, дазваляюць рабіць бясшкодную ачыстку і кансервацыю знойдзеных прадметаў, у тым ліку мастацкіх твораў. Фінансуюцца і іншыя археалагічныя праекты з выкарыстаннем найноўшых тэхналогій у археалогіі. Пры гэтым адбываецца плённае супрацоўніцтва з Міністэрствам культуры. Відавочна, што такія даследаванні дапамогуць выявіць узровень вытворчасці і развіцця культуры ў старажытнасці на тэрыторыі нашай краіны.

 Глабальная сістэма

 - Як вызначаюцца прыярытэтныя накірункі будучых даследаванняў?

 - У гэтай справе існуе строгая рэгламентацыя. Па рэкамендацыі Нацыянальнай акадэміі навук, з узгадненнем з міністэрствамі і ведамствамі, раз на пяць гадоў распрацоўваюцца прыярытэты навуковай і навукова-тэхнічнай дзейнасці, што зацвярджаюцца Указам Прэзідэнта і Саветам Міністраў нашай краіны. Якой бы цікавай ні была тэма даследавання, найперш, яна павінна быць актуальнай для развіцця сучаснай беларускай навукі і грамадства ў цэлым. Можна прыгадаць такі выпадак. У свой час у Інстытуце фізікі існавала прафесійная група вучоных па даследаванні оптыкі акіяна. У межах Савецкага Саюза такія распрацоўкі мелі надзвычайную важнасць. І нашы супрацоўнікі літаральна з красавіка па кастрычнік "блукалі" па акіянскіх прасторах. На жаль, тэрыторыю Беларусі ні мора, ні акіян не амывае, а таму такія даследаванні сёння для нас немэтазгодныя. Відавочна, калі такая праца трапіць на разгляд у наш Фонд, мы будзем вымушаны адмовіць у яе падтрымцы. Звяртаюцца ў Фонд і з праектамі па даследаванні сістэмы старажытнарымскага войска - тэма гэтая, у адрозненне ад вывучэння спадчыны беларускага народа, не з'яўляецца прыярытэтнай. Безумоўна, улічваецца і бюджэт праекта, а таму прапанова праводзіць навуковыя эксперыменты, напрыклад, на Месяцы, якімі б яны важнымі ні былі, сёння не знойдзе фінансавай падтрымкі Фонду. З іншага боку, у сувязі са стварэннем Беларускай антарктычнай станцыі Фонд фінансуе нашу частку сумеснага з французскімі вучонымі праекта па фарміраванні методыкі і абсталявання для вывучэння атмасферы над гэтым кантынентам.

- Хацелася б пагутарыць і пра падтрымку Фондам навуковай моладзі. Наколькі мне вядома, вашай арганізацыяй праводзяцца асобныя конкурсы для вучоных ва ўзросце да 35 гадоў...

 - Сёння неабходна актыўна далучаць найбольш здольную моладзь да навукі, тым самым рыхтуючы старэйшаму пакаленню годную змену. І, відаць, мы - адзін з нешматлікіх аналагічных фондаў у свеце, хто праводзіць асобныя конкурсы сярод праектаў як знаных вучоных, так і маладых даследчыкаў. Конкурс у гэтым выпадку арыентаваны на тое, каб малады чалавек, які мае хоць і невялікі, але вопыт працы ў навуцы, сам прапанаваў новую навуковую ідэю, фарміраваў каманду, складзеную з моладзі, у тым ліку студэнтаў старэйшых курсаў, і ўзначальваў правядзенне навуковых даследаванняў. Штогод мы атрымліваем больш за 200 праектаў, палову з якіх падтрымліваем фінансава. Апошнім часам, дарэчы, актыўна прапануюць свае праекты і маладыя вучоныя з рэгіёнаў.

- Вядома, Фонд падтрымлівае і арганізацыю правядзення канферэнцый, сімпозіумаў, навуковых форумаў, у тым ліку за межамі беларускай сталіцы...

- Сапраўды, найбольш буйныя навуковыя мерапрыемствы такога кшталту, якія праводзяцца, у тым ліку, і ў рэгіёнах, мы падтрымліваем. Летась былі падтрыманы 30 міжнародных канферэнцый. У асноўным, мы выдаткоўваем сродкі на публікацыю зборнікаў артыкулаў такіх форумаў. Таксама, па магчымасці, дапамагаем нашым вучоным ва ўдзеле ў замежных навуковых мерапрыемствах, у выданні навуковых манаграфій.

 - Валянцін Антонавіч, а ці шмат праектаў цяпер дзейнічае ў гуманітарнай сферы?

- Вядома ж, лічбы - немалыя. Летась распачалося фінансаванне 74 новых двухгадовых праектаў. У гэтым годзе іх будзе не менш. Фондам прымаюцца праекты на разгляд ад любой арганізацыі Беларусі, што мае права займацца навуковай дзейнасцю, у тым ліку з навучальных устаноў і інстытутаў міністэрстваў культуры, адукацыі, аховы здароўя. Хацелася б працаваць больш цесна, асабліва - у справе вырашэння праблем, што маюць стратэгічнае значэнне. Тым больш, вучоныя, якія займаюцца пытаннямі гуманітарыстыкі, у тым ліку гісторыкі, філолагі, фалькларысты, як і эканамісты, ствараюць глабальную сістэму: ад нацыянальнай ідэі да еднасці нацыі. Гэта прынцыпова важна для нашай маладой незалежнай дзяржавы.

 

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"