Адсканіраваць шэдэўры

№ 11 (931) 13.03.2010 - 19.03.2010 г

Праца над мультымедыйным дыскам “Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь. З гісторыі даваенных збораў. Страты і вяртанне” вялася супрацоўнікамі ўстановы сумесна з архівістамі, вучонымі і праграмістамі на працягу цэлага года. Днямі праграма на электронным носьбіце пабачыла свет.

Навуковы праект Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага архіва краіны аб'яднаў каля 20 аналітычных артыкулаў, амаль 300 старонак апрацаваных архіўных дакументаў і фотаздымкаў, а таксама больш за 200 твораў мастацтва, прысвечаных 70-годдзю музея. Па словах намесніка дырэктара па навуковай рабоце гэтай установы Надзеі Усавай, галоўнай мэтай праекта стала імкненне сабраць у адной прасторы, хай сабе і віртуальнай, усе матэрыялы, што непасрэдна звязаны са стварэннем Дзяржаўнай карціннай галерэі, яе стратамі пад час Вялікай Айчыннай вайны і папаўненнем фондаў ужо пасля вызвалення Беларусі. Загадчык сектара мультымедыйных тэхналогій установы Паліна Яніцкая адзначыла, што структура мультымедыйнага выдання складаецца з трох частак. У прыватнасці, першы раздзел дыска знаёміць непасрэдна са стварэннем Дзяржаўнай карціннай галерэі ў 1939 г. спісам твораў, што першапачаткова знаходзіліся ў музеі.

Наступны раздзел прысвечаны стратам галерэі ў час Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку ён змяшчае інфармацыю пра спробы эвакуацыі калекцыі, імкненні выратаваць каштоўнасці навуковымі супрацоўнікамі музея, пра што можна даведацца з дзённікавых запісаў Мікалая Міхалапа, успамінаў Алены Аладавай. Па словах Надзеі Усавай, на сённяшні дзень невядомы лёс прыкладна 2300 - 2500 твораў мастацтва, пры гэтым у нямецкіх музеях засталося шмат неапазнаных твораў, якія неабходна выявіць і д а к а з а ц ь права на іх. Гэтаму дапамогуць, від а в о ч н а , матэрыялы трэцяга раздзела дыска, дзе змешчаны апісанне і фотакопіі вернутых з Германіі, адразу пасля вайны, мастацкіх твораў, дакументы, перададзеныя з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, дзякуючы высілкам праграмістаў, з дапамогай дыска цяпер можна наведаць вітртуальную выстаўку, складзеную з выратаваных каштоўнасцей.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"