Век гэты пакуль мо і не самы дарослы. Ды “дзіця-вундэркінд”, якое нарадзілася ў сценах Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра, не толькі ўпэўнена стаіць на нагах, але і прамаўляе тое, чым уражвае нават сталічных крытыкаў і прымушае гледачоў задумацца. Прычым тэатральнай мовай і, зразумела, на тэму самаідэнтыфікацыі моладзі.
— Гэта вельмі значная падзея ў культурным жыцці Магілёва і вобласці ў цэлым, гэта прадмет гонару жыхароў краю,— заўважыў карэспандэнту “К” начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Сінкавец.— Галоўныя яе якасці— арыгінальны фармат, актуальнасць і запатрабаванасць публікай.
Міжнародны статус фэсту сёлета апраўдвае ўдзел тэатраў з пяці краін: Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы і Малдовы. Многія госці прыедуць у Магілёў упершыню, але будуць і тыя, чые спектаклі ўжо запомніліся і палюбіліся тамтэйшай публіцы: гэта і кішынёўскі Муніцыпальны маладзёжны драмтэатр “З вуліцы руж”, і Арлоўскі дзяржаўны тэатр для дзяцей і моладзі “Вольная прастора”…
Прадстаўнічае міжнароднае журы павінна не толькі вызначыць пераможцаў у трох намінацыях (“Гранпры”, “Лепшы малады акцёр” і “Лепшая маладая актрыса”), але і прапанаваць дзве свае намінацыі, якія будуць сфармуляваны спецыяльна “пад пераможцаў”. Як запэўніваюць арганізатары, з “пустымі рукамі” ніхто з удзельнікаў “М.@rtкантакту” Магілёў не пакіне: кожны з тэатральных калектываў атрымае унікальны напамін пра сакавіцкі форум— памятны прыз “Тэатральная маска”, створаны скульптарам Сяргеем Сотнікавым.
Праграма фестывалю прадугледжвае не толькі паказ 14 спектакляў, але і нямала дадатковых мерапрыемстваў. Сярод іх — традыцыйныя абмеркаванні і “круглы стол” “Сучасная беларуская драматургія. Праблемы сцэнічнасці. Пошукі і перспектывы”. У тэатральным фэсце здолеюць паўдзельнічаць таксама і маладыя мастакі ды фатографы: у праграме пазначаны дзве выстаўкі. Гасцінныя арганізатары ўдала выкарыстоўваюць “міжнароднасць” імпрэзы для развіцця тэатральнага мастацтва ў родных пенатах. Запрошаныя госці ахвотна пагадзіліся даць майстар-класы. Некаторыя з гэтых “экспрэскурсаў павышэння кваліфікацыі” пройдуць непасрэдна на пляцоўках народных тэатраў, у тым ліку і ў райцэнтрах.
Да фэсту застаўся яшчэ цэлы месяц, але публіка яго ўжо чакае. Пра гэта сведчыць і попыт на білеты, і меркаванні на прысвечаным падзеі інтэрнет-форуме. Як распавёў Анатоль Сінкавец, сярод моладзі Магілёва не так даўно было праведзена апытанне, датычнае “М.@rtкантакту”. 90% рэспандэнтаў выказаліся пра фэст станоўча.
— Нас заўсёды вельмі цікавяць водгукі глядацкай аўдыторыі на гэты форум, — адзначыў Анатоль Сінкавец.— І вельмі радуе, калі сталыя людзі кажуць, што ўбачаныя спектаклі дазваляюць больш глыбока зразумець праблемы маладога пакалення. Прычым не толькі правесці іх “дыягностыку”, але таксама і знайсці шляхі вырашэння.
Ілля СВІРЫН