— Мне заўсёды здавалася, што Баркоўскі не “ўпішацца” ў Коласаўскі тэатр. А ён не толькі “ўпісаўся”, а і зрабіў свой тэатр. Калі чалавек 10 гадоў “распрацоўвае” адно і тое ж, то гэта ўжо стыль, які прыжыўся ў тэатры. Годнасць рэжысёра Баркоўскага — у нацыянальнай самасвядомасці. Ён востра выказваецца пра час і пра сябе, не баючыся папрокаў і асуджэнняў.
“Чартаўшчына” ёсць у кожным спектаклі Баркоўскага, але перамагае дабро. “Світанак”, “Тузы” — спектаклі, пастаўленыя сучаснай мовай. Бадай, ніхто так смела ў нас пра сучасныя праблемы не гаварыў. Тэма дабра і зла праводзіцца і ў спектаклі “Чорная нявеста” Дударава — праз увядзенне ў структуру спектакля Дзяўчынкі (Анёла) і Пачвары (Д’ябла).
Сцэна са спектакля "І смех, і слёзы, і Любоў". |
“І смех, і слёзы, і Любоў” з усіх спектакляў спадабаўся мне найбольш. Пазнаю почырк Баркоўскага. Набокаў набліжаны тут да Гогаля. Знойдзены адметны гратэскны стыль, цікавыя акцёрскія работы, сярод якіх нават цяжка вылучыць кагосьці аднаго.
Вячаслаў ГРЫБАЙЛА:
— Насычаным дзеяннем і трапнымі метафарамі вырашаецца ў спектаклях Баркоўскага маральная праблематыка. Вельмі ўразіў спектакль “Бацька”. Цяпер ён глядзіцца зусім па-новаму, чым на прэм’еры. І гэтаму спрыяе выдатная акцёрская работа Святланы Акружной і Валянціна Салаўёва.
Хачу адзначыць многія акцёрскія работы, асабліва Тамары Шашкінай і Анжалікі Баркоўскай у “Дакрануцца...”, маладой пары Ірыны Цішкевіч і Сяргея Астрамовіча ў “Чорнай нявесце”. Злабадзённасць спектакля “І смех, і слёзы, і Любоў” — у актуальнасці тэмы.Але глыбокі сэнс метафары рэжысёра і аўтара не заўсёды спасцігаюць акцёры. Кожны іграе тыпаж, а не асобу. Няма яднання душ. Псеўдатворчасць, псеўдакаханне, псеўдажыццё — вось што тут трэба іграць... Мы не жывём, а выдумляем сваё жыццё. Людзі настолькі занятыя праблемамі выдумкі, што не жывуць, а “паказваюць” жыццё, гуляюць у выдумку сваіх праблем.
Людміла ГРАМЫКА:— Знакавасць — вось што тлумачыць многае ў спектаклях Баркоўскага. Сярод стылёвых асаблівасцей — погляд на свет зверху, з нейкай філасофскай вышыні, калі дробязі не маюць асаблівага значэння. Менавіта такія ўсе спектаклі Баркоўскага — пра Чалавека.Самы цікавы нюанс “Світанку” ў тым, што дзеці ўцягваюць дарослых у сваю небяспечную гульню, страшную антымаральную карусель. Спектакль вельмі актуальны, вельмі блізкі і зразумелы падлеткам.
“Мадам Боншанс” — з шэрагу спектакляў, якія для Баркоўскага — “песня душы”. Атмасфера выяўляецца пры афармленні: карціна Суціна “Дамы” паўстала перада мной, калі я ўбачыла сцэнаграфію. Выдатна іграе Мадыльяні Ігар Падлівальчаў: Баркоўскі “рыфмуе” лёсы яго і Суціна Аляксандра Гайдука.
Абодва — геніі, у абодвух— трагічнае жыццё. Але хацелася б больш дакументальных фактаў з жыцця Суціна, гэта дало б неабходнае ўяўленне пра асобу мастака.
Я двойчы глядзела “І смех, і слёзы, і Любоў” — эксклюзіўны матэрыял. Дапамагае ўбачыць гратэск і востры малюнак Баркоўскага. Анжаліка Баркоўская ў ролі Любы — адкрыццё вельмі таленавітай актрысы. Шматпланавая выканаўца, падобных індывідуальнасцей няма ні ў адным з мінскіх тэатраў.
Калі сучасныя рэжысёры ставяць творы Янкі Купалы, то, як правіла, не працуюць з канкрэтным творам, а звычайна робяць пастаноўкі па матывах. Такім шляхам пайшоў і Баркоўскі са “Сном на кургане” і— меў рацыю. Спектакль паступова зацягваў мяне ў складаныя праблемы рэчаіснасці. Выдатна працуе Пятро Ламан у ролі Песняра.
Сцэна са спектакля "Дакрануцца вуснамі да нябёсаў". |
“Дакрануцца...” — тэма адзіноты вачыма сталага чалавека, пры гэтым малады і стары пісьменнікі не супрацьпастаўляюцца, а суіснуюць: юнацтва многае можа, а старасць многае разумее.
Моцнае глядацкае ўражанне пакінуў “Сон на кургане”. Час вельмі моцна перакрыжаваўся ў гэтым спектаклі.
Скарб не заўсёды ў нашых галовах, а часцей — пад нагамі. Зварот менавіта да гэтай праблематыкі — станоўчае ў спектаклі. А постаць Купалы вяртае да самага важнага — купалаўскага слова.
Вадзім САЛЕЕЎ:
— Эстэтыка Баркоўскага-эксперыментатара была ірацыянальнай. Сеня мы бачым псіхалагізм, да якога наблізіўся рэжысёр. Жыццё паказвае, што зліццё рэжысёра-эксперыментатара і псіхалагічнага тэатра пайшло на карысць. З’явілася новая дакладнасць Коласаўскага тэатра, і звязана яна з творчай эвалюцыяй Віталя Баркоўскага.
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА