“Разыначка” для “Зоркі”

№ 5 (925) 30.01.2010 - 05.02.2010 г

Першы этап Рэспубліканскага конкурсу маладых талентаў “Зорка ўзышла над Беларуссю” завяршыўся. Абмеркаванню Яго вынікаў і планаванню другога этапа была прысвечана нарада ў Міністэрстве культуры з удзелам кіраўніцтва галіны і прадстаўнікоў аргкамітэта. Прысутныя праслухалі даклады ўпаўнаважаных асоб і ўнеслі неабходныя змены ў склад аргкамітэта, а таксама зацвердзілі старшынь журы, якое і вызначыць пераможцаў па ўсіх 12 намінацыях.

Пачатак акцыі ўражвае маштабамі, але дадатковы піар “Зорцы” не пашкодзіць, прыйшлі да высновы арганізатары. “Інфармацыйную працу па “Зорцы” трэба ўзмацніць, — упэўнены старшыня арганізацыйнага камітэта Конкурсу, міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка. — Сродкі масавай інфармацыі добра адгукнуліся на ідэю Конкурсу, змястоўна асвятлялі падзеі першага этапа. Але хацелася б, каб гэтае асвятленне было больш актыўным. “Зорка” — адзін з новых праектаў Міністэрства, прызначаны для таго, каб выявіць максімальную колькасць маладых талентаў, таму і інфармацыйны ахоп аўдыторыі павінен быць самым шырокім, — выказаў сваё меркаванне кіраўнік Міністэрства культуры. — Але колькасць удзельнікаў — яшчэ не паказчык становішча спраў у канкрэтным раёне. Галоўнае — якасць! Па якасці прадстаўленых на Конкурс работ і выступленняў можна будзе атрымаць уяўленне і аб працы мясцовых органаў культуры. У гэтым сэнсе “Зорка” дапаможа атрымаць каштоўныя звесткі і зрабіць пэўны аналіз становішча на месцах”, — зазначыў на нарадзе Павел Латушка.

Члены аргкамітэта пагадзіліся і з тым, што такому буйному мерапрыемству, як “Зорка”, не пашкодзіць свая “разыначка”. Пакуль што Конкурс праходзіць па звыклым, добра вядомым сцэнарыі рэспубліканскага агляду. Каб атрымаць найвялікшую долю глядацкай увагі на абласных і рэспубліканскіх этапах, ён павінен нечым моцна здзівіць беларусаў. У сувязі з гэтым было вырашана актывізаваць працу з тэлебачаннем: асноўныя спадзяванні — на Нацыянальную тэлерадыёкампанію як на галоўнага інфармацыйнага партнёра “Зоркі”. Свая “фірмовая” рубрыка або прысвечаная Конкурсу перадача дапамогуць маладым “зоркам” прыйсці ў кожны дом. Прысутныя на нарадзе пагадзіліся з тым, што большую ўвагу на другі этап Конкурсу павінны звярнуць і рэгіянальныя сродкі масавай інфармацыі. Нагадаем, што Рэспубліканскі прэсцэнтр “Зоркі” працуе на базе РВУ “Культура і мастацтва”, а галоўнай інфармацыйнай пляцоўкай для аператыўнай інфармацыі з’яўляюцца газета “Культура” і яе інтэрнет-сайт www.kimpress.by.

Між тым, шмат у якія беларускія  хаты Конкурс ужо завітаў. Як падкрэслівалі амаль усе ўдзельнікі нарады, першы этап Конкурсу прайшоў пры вялікай цікаўнасці і актыўнасці ўдзельнікаў. Зразумела, найбольш актыўнымі былі намінанты ў катэгорыі “Эстрадныя спевы”. Гэтая тэндэнцыя, аб якой “К” пісала амаль з самага пачатку, праявілася ва ўсіх, без выключэння, 118 раёнах. Аднак — што прыемна — відавочных “правалаў” у астатніх 11 намінацыях нідзе не было. Няхай спецыялістаў па масавых святах і па скульптуры сярод удзельнікаў Конкурсу не так шмат, як эстраднікаў, але яны знайшліся і актыўна прадставілі свае праекты. 

Праўда, колькасць удзельнікаў у розных раёнах вельмі адрознівалася. Напрыклад, на Віцебшчыне самымі актыўнымі былі маладыя таленты ў Міёрскім раёне — 150 чалавек, менш за ўсё ахвотных паўдзельнічаць у Конкурсе знайшлося ў Бешанковіцкім раёне — усяго 15. Але такая розніца зусім не сведчыць аб узроўні падрыхтоўкі саміх канкурсантаў і іх талентах. Тым не менш, пэўныя складанасці могуць узнікнуць, у першую чаргу, у тых удзельнікаў, якія пакуль не маюць акадэмічнай адукацыі і могуць фармальна не выканаць патрабаванняў абавязковай праграмы Конкурсу па асобных намінацыях. Каб такога не адбылося, на нарадзе вырашана яшчэ раз удакладніць праграму па мастацкіх дысцыплінах.

Другі этап (а распачнецца ён, як плануецца, ужо 10 лютага) будзе праходзіць з удзелам рэспубліканскага журы. У яго склад увайшлі самыя вопытныя прафесіяналы ў сваёй галіне, вядомыя не толькі ў краіне, але і за яе межамі. Такім чынам, старшынямі намінацый сталі: “Аўтарскія спевы” — Барыс Вайханскі, вядучы майстар сцэны Магілёўскай абласной філармоніі; “Жывапіс”, “Графіка”, “Скульптура”, “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” — Уладзімір Зінкевіч, загадчык кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў; “Дызайн” — Крысціна Стрыкелева, дэкан факультэта дызайну Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў; “Народныя спевы” — Міхась Дрынеўскі, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г.Цітовіча; “Эстрадныя спевы” — Міхаіл Фінберг, мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага канцэртнага аркестра Рэспублікі Беларусь; “Размоўны жанр” — Ірына Кабанава, загадчык кафедры сцэнічнай мовы і вакалу Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў; “Сучасны танец” — Святлана Гуткоўская, загадчык кафедры харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў; “Фатаграфія” — Настасся Суханава, загадчык кафедры аператарскага мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў; “Сацыяльная рэклама” — Павел Іваноў, прафесар кафедры рэжысуры кіно і тэлебачання Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў; “Рэжысура масавых святаў, тэатралізаваных прадстаўленняў і шоу-праграм” — вопытны рэжысёр Ніна Осіпава.

Больш падрабязна аб выніках першага і аб умовах правядзення другога этапа Конкурсу прадстаўнікі прэсы змогуць даведацца на прэс-канферэнцыі, якая пройдзе неўзабаве.

Антон СІДАРЭНКА