Абмежаваныя магчымасці, а прапановы?

№ 50 (918) 12.12.2009 - 18.12.2009 г

Дадатковай нагодай распавесці пра людзей з абмежаванымі магчымасцямі з’яўляецца Дзень інвалідаў Рэспублікі Беларусь. А іх у нашай краіне, паводле даных Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, на 1 жніўня налічвалася 507 тысяч 810 чалавек, а гэта— больш за 5 працэнтаў ад насельніцтва дзяржавы. У адной толькі Мінскай вобласці пражывае больш за 82 тысячы інвалідаў, што можна супаставіць з агульнай колькасцю жыхароў сярэдняга беларускага горада кшталту Салігорска. Жыццёвая прастора кагосьці з гэтых людзей абмежавана інвалідным вазком, хтосьці дрэнна або зусім не бачыць ці не чуе, хтосьці жыве ў сваім уяўным свеце... Але кожны, неаспрэчна, мае права ўдзельнічаць нароўні і поруч з іншымі ў культурным жыцці грамадства. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання 3 снежня прадпрыемства “Святлопрыбор” звярнуўся да праблем людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь — практычна адзіная сярод краін постсавецкай прасторы, якая змагла захаваць прадпрыемствы і таварыствы для падтрымкі інвалідаў. Аляксандр Лукашэнка лічыць важным, што дзяржаве ўдалося падставіць плячо і дапамагчы інтэграваць людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў грамадства. Якім чынам гэта задача рэалізуецца ў нашай краіне? З якімі перашкодамі сутыкаецца чалавек з абмежаванымі магчымасцямі ў сферы сацыякультурнай рэабілітацыі? І якая роля ў гэтай дзейнасці належыць работніку культуры? Разабрацца ў гэтых, досыць складаных, пытаннях карэспандэнт “К” паспрабаваў на прыкладзе Салігорскага раёна, куды выехаў у камандзіроўку якраз у Дзень інвалідаў Рэспублікі Беларусь.

 

/i/content/pi/cult/242/3425/10-1.jpg
/i/content/pi/cult/242/3425/10-2.jpg
/i/content/pi/cult/242/3425/10-3.jpg
Спецкурса пакуль няма?

Паводле статыстычных даных Упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Салігорскага райвыканкама, у рэгіёне налічваецца 5997 інвалідаў, з якіх 348 - ва ўзросце да 18 гадоў. Намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях і ідэалогіі Анатоль Казакевіч сярод іншых актуальных клопатаў асобна вылучае падтрымку інвалідаў (у першую чаргу - дзяцей) і ў матэрыяльным, і ў творчым аспектах. - На гэта спрацавала тры гады таму аб'яднанне гарадскога і раённага аддзелаў культуры. Творчыя калектывы з гарадскіх устаноў пастаянна выязджаюць у вёскі, падшэфныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы з канцэртамі,- адзначае Анатоль Аляксандравіч. - Сярод іх - шмат дабрачынных. Да прыкладу, штогод яны ладзяцца ў Салігорскім палацы культуры. Дзякуючы такім акцыям міласэрнасці, збіраюцца грошы для дзяцей-інвалідаў, сірот, малазабяспечаных грамадзян... У размове з намеснікам старшыні райвыканкама высвятляецца і першая, даволі значная праблема, наўпрост звязаная з тэмай артыкула,- кампетэнтнасць работнікаў культуры ў штодзённай працы з інвалідамі. Як вядома, сёння вышэйшыя навучальныя ўстановы галіны практычна не рыхтуюць спецыялістаў па рабоце выключна з асобамі, што маюць фізічныя недахопы. - Таму ў дзейнасці з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі нашы культасветнікі, найперш, выкарыстоўваюць свой уласны жыццёвы вопыт,- небеспадстаўна даводзіць Анатоль Казакевіч, - і пры гэтым імкнуцца данесці пазітыў да кожнага. І тым не менш, хочацца, каб у вышэйшых і сярэднеспецыяльных установах адукацыі будучыя бібліятэкары, клубнікі вывучалі на высокім метадалагічным узроўні і спецкурсы па арганізацыі творчай працы з інвалідамі, праходзілі адпаведную практыку. Цяжка не пагадзіцца з такой высновай і перспектывай для працы работнікаў культуры.

/i/content/pi/cult/242/3425/10-4.jpg
/i/content/pi/cult/242/3425/10-5.jpg
/i/content/pi/cult/242/3425/10-6.jpg
"Пандусы - вялікая рэдкасць"

 Наступны клопат у сферы сацыякультурнай рэабілітацыі інвалідаў вызначыла галоўны спецыяліст мясцовага аддзела культуры Іна Герасімава: гэта - безбар'ернае асяроддзе ў вясковых установах культуры, а дакладней - яго адсутнасць на сённяшні дзень. - Тыя ж пандусы ў сельскіх ДК, на жаль, пакуль вялікая рэдкасць, але нават ва ўмовах складанай эканамічнай сітуацыі работа ў гэтым плане вядзецца і практычна ўсе сацыякультурныя будынкі раёна, у тым ліку бібліятэкі, клубы, пасля капітальнага рамонту набываюць хаця б мінімальныя ўмовы для прыняцця інвалідаў,- зазначыла Іна Міхайлаўна. Так, клубы і бібліятэкі - гатовы прыняць людзей з абмежаванымі магчымасцямі і арганізаваць на сваёй базе творчы калектыў, гурток, клуб, але разлічаны яны пераважна на інвалідаў і ветэранаў вайныі працы. У той жа час, асобных клубна-бібліятэчных праектаў для творчага развіцця дзяцей-інвалідаў вельмі мала. Гэтым займаюцца, у асноўным, карэкцыйныя цэнтры раёна, падпарадкаваныя Міністэрству адукацыі. Клубныя ж работнікі Салігорскага раёна арыентуюцца ў сваёй працы па гэтым накірунку, як правіла, на Дзяржаўную праграму па папярэджанні інваліднасці і рэабілітацыі інвалідаў, а таксама на Комплексную праграму сацыяльнай падтрымкі людзей сталага ўзросту, ветэранаў і асоб, пацярпелых ад наступстваў вайны. У прыватнасці, у раёне працуе 10 клубных фарміраванняў для людзей сталага ўзросту, у якіх бяруць удзел і людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Агульную тэндэнцыю пацвярджае і прыклад Старобіна. Мала моладзі, у тым ліку сярод інвалідаў, удзельнічае ў сацыяльных мерапрыемствах Дома культуры гэтага гарадскога пасёлка. "У асноўным, - зазначае дырэктар ГДК Галіна Аляксандрава, - нашы наведвальнікі- ветэраны і інваліды ва ўзросце. Цягам гэтага года ідзе акцыя "Працягні руку дапамогі", згодна з якой выязджаем з канцэртамі да інвалідаў на дом, у тым ліку ў навакольныя маланаселеныя вёскі. Наш "Вясёлы балаган" у складзе трох-чатырох чалавек віншуе ветэранаў з днём нараджэння, іншымі святамі, сярод якіх - і народныя. За месяц бывае і па 20 такіх канцэртаў. З гэтай нагоды ёсць у нас і невялікія камерцыйныя задумы, - дзеліцца сваімі планамі Галіна Данілаўна. - Сустракаючыся з інвалідамі, адчуваючы іх радасць ад такіх спатканняў, вырашылі рабіць фотаздымкі, альбомы хатніх канцэртаў нашай мабільнай творчай групы і прадаваць іх родным гэтых людзей. Аднак і тут ёсць праблема. Карыстацца паслугамі прыватнага фатографа нявыгадна, а сродкаў на набыццё ўласнага лічбавага фотаапарата пакуль не стае". Папраўдзе, не толькі гэты клопат мусіць хваляваць дырэктара ГДК.

Патэнцыйных наведвальнікаў установы, і не толькі інвалідаў, можа напалохаць... холад у памяшканнях. Справа ў тым, што цяпло з-за старога абсталявання ледзьледзь даходзіць да паверхаў будынка. Таму ў найбліжэйшых планах мясцовага кіраўніцтва - узвядзенне новай кацельні, бо старая не спраўляецца з сённяшнімі аб'ёмамі ацяплення. Калі падсумоўваць вышэйзгаданае, дык выснова - адзіная. Нямала на Салігоршчыне дзяцей, моладзі, у тым ліку- з абмежаванымі магчымасцямі. І знайсці разумны баланс уплыву на кожную з сацыяльных катэгорый - найпершая задача, як падаецца, любой установы культуры.

/i/content/pi/cult/242/3425/10-7.jpgПра маштабнасць

 Тым не менш, пераканаўся, на дзяцей-інвалідаў у раёне ўсё ж не забываюцца. Варта прывесці толькі некалькі прыкладаў. Па даных дырэктара РАМЦ Таццяны Рафальскай, у СДК вёскі Доўгае ёсць гурток дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дзе займаюцца падлеткіінваліды. Яны ўдзельнічаюць не толькі ў выстаўках, але і ў тэатралізаваных прадстаўленнях, сюжэтна-гульнявых праграмах. Пастаўлена справа ў Чырвонаслабадскім ГДК, Першамайскім СДК. А супрацоўнікі Крывіцкага СДК наведваюць дзяцей-інвалідаў дома. У Вялічкавіцкім СДК плануецца акцыя для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі "Зайдзі ў іх хату". Плённасць працы з такімі дзецьмі добра заўважна ў вёсцы Зажэвічы. У дырэктара мясцовага СДК Любові Пранчук маецца неблагі досвед у гэтым кірунку. І не выпадкова: яе дачка Надзея - інвалід ІІІ групы па зроку. Але Надзя на сёння даволі ўпэўнена адчувае сябе сярод равеснікаў. Піша цікавыя вершы, песні, спявае, удзельнічае ва ўсіх мерапрыемствах установы культуры і пры гэтым узначальвае мясцовае паштовае аддзяленне. Гэта не адзінкавы выпадак такой працы. - Каб дапамагчы такім дзецям,- кажа Любоў Сцяпанаўна, - патрэбна падыходзіць да кожнага індывідуальна, выявіць творчыя здольнасці, развіваць іх. А бацькам гэтага дзіцяці важна своечасова падумаць пра яго будучыню і звярнуцца да нас... Менавіта спрычыненне да культуры і дае падлетку адчуванне ўласнай патрэбнасці ў грамадстве. Таму СДК з гэтай катэгорыяй дзяцей імкнецца працаваць надзвычай актыўна. Іншая справа, што няма для гэтага адмысловага развіваючага матэрыялу, тых жа аўдыёкніг, да прыкладу. Недастаткова такіх дапаможнікаў і ў агульнаадукацыйных школах. І ў гэтым сэнсе даводзіцца спадзявацца хіба што на карэкцыйныя цэнтры, якія працуюць у раёне.

 Кніга ацаляе

 У самім Салігорску, відавочна, больш магчымасцей для развіцця творчых задаткаў інвалідаў малодшай узроставай групы.Маю на ўвазе бібліятэчную сістэму. Звычайна раз у квартал раённая дзіцячая бібліятэка запрашае на лялечныя спектаклі дзяцей з псіхафізічнымі парушэннямі развіцця, якія займаюцца ў Карэкцыйным цэнтры. Пасля капітальнага рамонту бібліятэкі з'явіўся тут Музей казкі. Калі наведаў бібліятэку, убачыў дзяўчынку, якая гартала маляўнічыя кнігі за першым сталом. Як аказалася, у яе пэўныя псіхафізічныя праблемы развіцця. "Аднойчы мы яе заўважылі ў цэнтры горада, - кажуць бібліятэкары, - і запрасілі да сябе. Цяпер яна даволі часты госць нашай установы, ёй падбіраюць адпаведную літаратуру". На сённяшні дзень у бібліятэку запісана дзевяць такіх дзетак. Бібліятэкары працуюць з імі індывідуальна, паказваюць кнігі, прывучаюць дзяцей, каб тыя самі гарталі старонкі, адчувалі іх добрую энергетыку. Працуюць у дзіцячай бібліятэцы і з інвалідамі-калясачнікамі, для якіх створана безбар'ернае асяроддзе па карыстанні багатым кніжным фондам. На жаль, у кніжнай скарбніцы для дарослых інвалідаў такіх выгод пакуль няма. Па словах дырэктара раённай цэнтральнай бібліятэкі Людмілы Лапцік, названую праблему вырашыць капітальны рамонт установы, што распачаўся летась. "Мы плануем зрабіць на першым паверсе аддзел абслугоўвання інвалідаў, які раней ужо існаваў,- паведаміла Людміла Анатольеўна.- А пакуль такіх людзей супрацоўнікі ўстановы абслугоўваюць дома. Вядзецца і асобны ўлік гэтых наведванняў. У прыватнасці, за гэты год інвалідам было выдадзена 400 кніг. Яны тэлефануюць, просяць прынесці тую ці іншую літаратуру. Ды і нашы супрацоўнікі, маючы пэўны вопыт, ведаюць густы людзей". У РЦБ мне распавялі вось якую гісторыю. Некалькі гадоў таму жанчына, якая перанесла тры інсульты і практычна не магла размаўляць, звярнулася ў бібліятэку. І здолела вылечыць сябе... літаратурай. А пасля працяглы час вяла ва ўстанове школу здароўя, сама пачала дапамагаць іншым. Думаецца, больш зручным для інвалідаў зробіць карыстанне бібліятэкай сайт установы, які сёння распрацоўваецца. Праз некаторы час можна будзе самому выбраць неабходную кнігу, задаць пытанне, падзяліцца ўражаннямі пра прачытанае. Але не будзем забываць, што, пры ўсім гэтым, віртуальны свет не можа цалкам замяніць рэальны. Людзі любога ўзросту, па іх жа прызнанні, пакуль ёсць сілы і магчымасці, імкнуцца самі прыйсці па кнігі. Плануецца зрабіць для чытачоў і мультымедыйны цэнтр, дзе можна будзе, апрача іншага, паслухаць аўдыёкнігі, папрацаваць з разнастайнымі праграмамі. Здаецца, мэтазгодней яго размясціць таксама на першым паверсе. А пакуль што лічаныя кампакт-дыскі з каталогамі, аўдыёзапісамі, базамі даных выдаюцца на рукі чытачам, і няма гарантый, што выпадковая драпінка не сапсуе каштоўны экземпляр...

 Наколькі шчыльная звязка?

Культасветработнікі імкнуцца працаваць з інвалідамі ў звязцы з сацыяльнымі службамі. Намеснік дырэктара Салігорскага палаца культуры Галіна Карака зазначае: "Стасункі ў нас - самыя шчыльныя, і сумесная праца прыносіць плён. Возьмем, да прыкладу, цэнтр карэкцыйнага развіцця дзяцей. Там цэлыя класы, групы, якія рэгулярна наведваюць нашу ўстанову. У кафэ "Міраж" дзеці часта адпачываюць, а творчыя супрацоўнікі ладзяць тэматычныя асветніцказабаўляльныя праграмы. Традыцыйнай стала і арганізацыя дабрачыннай акцыі "Дзеці - дзецям", пад час якой хлопчыкі і дзяўчынкі заклікаюць дарослых, у тым ліку - кіраўнікоў прадпрыемстваў рэгіёна, дапамагчы дзецям з праблемных сямей, інвалідам, хворым. Мы збіраем немалыя сумы, якія потым мэтава выкарыстоўваюцца". Грошы, як правіла, пералічваюцца на рахункі бальніц, сацыяльных устаноў раёна. Да прыкладу, сродкі, сабраныя ў час апошняй акцыі, пайшлі на набыццё спецыяльных ложкаў для немаўлят з праблемамі развіцця. Маштабныя мерапрыемствы для інвалідаў звычайна прымеркаваны толькі да пэўных святаў і праходзяць не так ужо і часта. Але ж, па словах дырэктара Палаца культуры Вадзіма Казлова, людзі з абмежаванымі магчымасцямі могуць прыйсці на любое мерапрыемства Палаца культуры, у тым ліку на тэатральную пастаноўку, канцэрт, прытым - па льготных білетах. "На ўваходзе, абсталяваным пандусамі, сустрэнем, правядзём у глядзельную залу. Тым больш, што для 20-30 інвалідаў-калясачнікаў у нас прадугледжана асобная тэрыторыя ў праходзе", - зазначае дырэктар установы. Праўда, і тут ёсць свае нюансы: з-за нахілу залы, пад колы інвалідных вазкоў неабходна падкладваць абмежавальнікі. Аднак у выпадку экстраннай сітуацыі гэта можа стаць перашкодай для бяспекі наведвальнікаў. Асобных праектаў для інвалідаў з рознымі формамі захворванняў Палац не вылучае. "Мы не падзяляем інвалідаў на "калясачнікаў", глуханямых, людзей з праблемамі зроку",- кажа Галіна Карака, а Вадзім Казлоў дадае: "Магчыма, і не варта падзяляць людзей з абмежаванымі магчымасцямі, бо іх не так ужо і шмат.Тым больш, што прыходзяць яны асобнымі групамі. Няма ў нас, папраўдзе, і падрыхтаваных кадраў, спецыялістаў, кампетэнтных у фізіялагічных асаблівасцях розных катэгорый інвалідаў". Менавіта зза апошняга дзяцей звычайна суправаджаюць медыкі, супрацоўнікі сацыяльных службаў. Па словах Галіны Карака, цяпер работнікі Палаца вядуць распрацоўку плана мерапрыемстваў установы на наступны год, дзе літаральна кожнае з іх разлічанае і на ўдзел інвалідаў, вывучаюцца магчымасці сумеснай дзейнасці з сацыяльнымі арганізацыямі горада і раёна. "Мы робім высновы, што якімі бы ні былі цікавымі мерапрыемствы, падрыхтаваныя сацыяльнымі работнікамі, але без нашай культурна-масавай работы гэтая дзейнасць не такая яркая", - падагульняе нашу размову Галіна Карака. Але такая культурная палітыка ўласцівая хутчэй раённаму цэнтру, а не вёскам рэгіёна.

Мультымедыйныя праграмы - пакуль мара

Кантактуе з культасветнікамі аддзяленне дзённага знаходжання і сацыяльнай адаптацыі Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва горада Салігорска, якое была створана ў 2004 годзе і стала адной з першых устаноў такога тыпу ў Мінскай вобласці. Аддзяленне арыентуецца на моладзь ва ўзросце ад 18 да 31 года. У гэтай узроставай групе сярод інвалідаў - 313 гараджан. Загадчыца аддзялення Наталля Пятрова зазначае, што для правядзення максімальна магчымай адаптацыі ў аддзяленні распрацаваны і дзейнічаюць сацыяльныя праграмы і праекты, а таксама майстэрні і гурткі па інтарэсах. Бадай, найбольш эфектыўная - "Праграма сацыяльна-культурнай рэабілітацыі". Згодна з ёй працуе клуб "Надзея", які дапамагае маладым людзям і дзецям з абмежаванымі магчымасцямі пераадолець псіхалагічны бар'ер, адчуць сваю значнасць і важнасць, выявіць свой унутраны патэнцыял. Усяго за гэты год "Надзею" наведала 258 сем'яў. - Актыўна супрацоўнічаем з музеямі, - кажа Наталля Пятрова. - Сёлета наведалі Прыпяцкі біясферны запаведнік, у тым ліку краязнаўчы музей старадаўняга Турава, а таксама музеі Слуцка, Салігорска. Плануем пабываць у Жыровічах. Юнакі і дзяўчаты выязджаюць на экскурсіі з вялікім задавальненнем. Іншая справа,што мы стараемся браць у падарожжы людзей, якія самастойна могуць рухацца, паколькі транспарт, на жаль, не адаптаваны для інвалідаў, адсутнічаюць пад'ёмнікі для інвалідных вазкоў... Пра сучаснае тэхнічнае абсталяванне, як і пра найноўшыя мультымедыйныя развіваючыя праграмы, кіраўніцтва аддзялення можа толькі марыць. Адзінае, што ёсць, гэта некалькі састарэлых камп'ютэраў, відэамагнітафон, шэраг дакументальных навукова-папулярных, пазнавальных стужак. Няма пакуль і выхаду ў Інтэрнет. Думаецца, гэта відавочны пралік мясцовых уладаў. Але супрацоўнікі аддзялення не апускаюць рукі, а, наадварот, максімальна выкарыстоўваюць тое, што ёсць. Хаця б магчымасці караоке, што заўжды гарантуе выбух эмоцый. Усё гэта, безумоўна, дае магчымасць падлеткам адчуць сваю значнасць і раскрыць творчы патэнцыял. Для іх галоўнае - камунікацыя. І яны ведаюць: ім ёсць куды прыйсці і тут іх чакаюць. Ёсць магчымасць пагутарыць адзін з адным, нават знайсці каханага. І гэта рэальнасць: за апошні час тут утварыліся тры сямейныя пары. Відавочна, што аддзяленне само праяўляе ініцыятыву па наладжванні стасункаў з музейшчыкамі. А вось праяў такой ініцыятывы з боку мясцовага аддзела культуры не так ужо і шмат.

 Дом рамёстваў: праграмы ёсць, памяшканні адсутнічаюць

Вельмі цікавы накірунак працы аддзялення - праект па арганізацыі другаснай занятасці. Да прыкладу, на базе швейнай майстэрні "Майстрыха" тры разы па тры месяцы дзеці-інваліды выраблялі сувеніры. Гэтым яны павялічылі сабе стаж і, адпаведна, пенсію. Але самае галоўнае - змаглі сябе рэалізаваць. Гэты вопыт - варты пераймання. Чаму б не выкарыстаць яго ў цэнтрах і дамах рамёстваў, бо ёсць тут зацікаўленасць і з боку народных майстроў, і з боку інвалідаў. Вось што, у прыватнасці, распавядае дырэктар Раённага цэнтра рамёстваў Ала Новік: - З дзецьмі-інвалідамі мерапрыемствы праводзяцца не так часта, як хацелася б. Ладзім іх сумесна з БРСМ, тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання. Гэта - майстар-класы, экскурсіі, робім такім дзеткам падарункі. Збіраліся працаваць з імі сур'ёзна і планава, майстры нашы гатовы дзяліцца вопытам, вучыць дзяцей народным рамёствам, аднак галоўнай перашкодай з'яўляецца адсутнасць дадатковых памяшканняў. Пры тым, што ахвотных займацца ў гуртках вельмі шмат. Драўляны будынак раённага цэнтра рамёстваў, які быў узведзены яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны, мае толькі два працоўныя пакоі. Яны не адпавядаюць нават мінімальным патрабаванням да працы з інвалідамі. Больш за тое - адсутнічае пакой для адпачынку, і, самае галоўнае, няма безбар'ернага асяроддзя. Прычына банальная - недахоп грошай. Па словах Алы Новік, праграмы для работы з інвалідамі ёсць. Без цяжкасцей можна займацца стварэннем рэчаў з бісеру, саломкі, тканін. Такім чынам, чалавек з абмежаванымі магчымасцямі мог бы правесці цікава свой час і займацца карыснай, а то і прыбытковай справай. Праект працы РЦР на год, распрацаваны сумесна з сацыяльным цэнтрам, ёсць, умоў - пакуль няма. Адначасова ў цэнтры можа працаваць не больш за 10 - 20 дзяцей. Няма магчымасцяў для захоўвання фондаў, не кажучы ўжо пра арганізацыю выставак. У планах раённых улад - стварэнне на базе РЦР Цэнтра дасугу, своеасаблівага мультыплекса, дзе пад адным дахам размяшчаліся б і народныя майстры, і спецыялісты па працы з дзецьмі-інвалідамі. Задумка слушная, перспектыўная. Справа ў тым, што дзякуючы такім праектам раён можа атрымліваць дадатковыя сродкі ад своеасаблівай формы турызму для інвалідаў, якія пад час адпачынку могуць авалодаць новымі цікавымі магчымасцямі, пазнаёміцца з культурай пэўнага рэгіёна. Пры адпаведнай рэкламе і, канешне ж, падрыхтоўцы можна чакаць людзей з абмежаванымі магчымасцямі нават з-за мяжы. Тым больш, што вопыт такой працы ў нашай краіне ёсць. У прыватнасці, на базе аднаго са сталічных рэабілітацыйных цэнтраў інвалідаў наладжаны навучанне і падрыхтоўка да спаборніцтваў па танцах у інвалідных вазках. У гэты цэнтр пастаянна прыязджаюць інваліды з Іспаніі, Германіі, шэрагу іншых краін.

 * * *

Пытанні з безбар'ерным асяроддзем, наяўнасцю ў клубах і бібліятэках мультымедыйных цэнтраў і адпаведных праграм, аўдыёкніг, абсталяваных памяшканняў сведчаць пра шэраг праблем у справе рэабілітацыі інвалідаў, характэрных не толькі для Салігорскага раёна, але і ўсіх рэгіёнаў краіны. Але яшчэ важным бачыцца недахоп кваліфікаваных кадраў. А гэта цягне і наступныя звёны ланцужка праблем: пошук новых ідэй, прыдатных для рэалізацыі ў раёне на карысць рэабілітацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі, інтэграцыі іх у грамадства. Дзякуючы рабоце з інвалідамі павышаецца аўтарытэт устаноў і работнікаў культуры. Але падобны аўтарытэт патрабуе няспыннай працы.

Мінск - Салігорскі раён - Мінск

На здымках:

1. У адной з майстэрняў раённага Цэнтра рамёстваў, дзе

працуюць з інвалідамі; 2. Будынак РЦР; 3. Раённая цэнтральная бібліятэка;

4. Экскурсія ў музей для маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі;

5. Праца з інвалідамі ў аддзяленні дзённага знаходжання і сацыяльнай

адаптацыі; 6. Сярод наведвальнікаў дзіцячай бібліятэкі - і дзеці-інваліды;

7. Пакой у РЦБ, дзе плануецца наладзіць прыём інвалідаў.


Фота аўтара  

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"