“Лістапад” — дарога даўжынёй у жыццё”

№ 46 (915) 14.11.2009 - 20.11.2009 г

Сёння беларускую сталіцу наведаюць знакамітыя акцёры і рэжысёры. Прыём гасцей запланаваны ў сталічнай ратушы. Сярод тых, хто сустракае замежных удзельнікаў кінафоруму,— і нязменны старшыня Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” народны артыст СССР, народны артыст Беларусі Расціслаў ЯНКОЎСКІ. Напярэдадні адкрыцця форуму Расціслаў Іванавіч адказаў на пытанні карэспандэнта “К”.

 

/i/content/pi/cult/235/3288/2-3.jpg- Сёлета Мінскаму міжнароднаму кінафестывалю "Лістапад" спаўняецца 16 гадоў - узрост пэўнай самастойнасці. Што з задуманага за гэты час атрымалася рэалізаваць?

- "Лістапад", калі вобразна казаць, асабіста для мяне - гэта дарога даўжынёй у жыццё. За гэты час было страчана шмат сяброў, родных, пастаянных удзельнікаў "Лістапада". Але, бясспрэчна, былі і новыя цікавыя знаёмствы. 16 гадоў таму мы з Валянцінай Сцяпанавай пачыналі ў кінатэатры "Кастрычнік", пераадольвалі многія цяжкасці. Сёння плён гэтага - навідавоку. За гэты час беларускія гледачы пазнаёміліся з разнастайнымі мастацкімі карцінамі, дзе сыгралі зоркі сусветнага ўзроўню, у тым ліку беларускія, расійскія таленавітыя акцёры. Дастаткова сказаць, што сёлета на фестывалі будуць удзельнічаць 52 краіны. Пры гэтым чакаецца надзвычай цікавая праграма як у конкурсе ігравога кіно, так і дакументальных стужак, фільмаў для дзяцей.

 - У гэтым годзе, як вядома, змянілася дырэкцыя кінафестывалю. Маюцца і пэўныя карэкціроўкі праграмы. Што вы чакаеце ад чарговага "Лістапада"?

- Сёння "Лістападам" займаецца новая маладая каманда на чале з Аляксандрай Захарэвіч. Трохі змянілася і праграма фестывалю: цяпер першы фільм будзе дэманстравацца ўжо толькі пасля адкрыцця "Лістапада", але адначасова ў пяці залах кінатэатра "Беларусь". Для мяне сімвалічна, што сёлета форум адкрыецца фільмам "Цар" Паўла Лунгіна: менавіта гэтая стужка стала апошняй акцёрскай работай майго брата Алега Янкоўскага, які заўчасна нас пакінуў. У мяне няма сумненняў, што фестываль атрымаецца. У мінулыя гады "Лістапад" збіраў каля 50 тысяч чалавек. Што будзе сёлета - пабачым. Але, думаю, для аматараў кінематографа не стане перашкодай нават мітусня з прычыны эпідэміі грыпу.

- Штогод "Лістапад" прапаноўвае кінааматарам, апрача іншага, шэраг асветніцкіх мерапрыемстваў. Наколькі яны запатрабаваны грамадскасцю?

- Сёлета захаваюцца вельмі папулярныя традыцыйныя сустрэчы школьнікаў, студэнтаў навучальных устаноў з вядомымі акцёрамі, рэжысёрамі, сцэнарыстамі. Менавіта ад іх моладзь можа атрымаць інфармацыю пра тое, што робіцца сёння ў кіно, якія існуюць сучасныя тэндэнцыіразвіцця кінематографа. Прадугледжаны таксама майстар-класы з вядомымі дзеячамі кіно... Важна і тое, што па-за ўвагай нашага фестывалю не застануцца рэгіёны. У прыватнасці, у гарадах Беларусі адбудзецца дэманстрацыя фестывальных фільмаў.

 Фота Юрыя ІВАНОВА  

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"