Музей пачынаўся з… рыдлёўкі

№ 44 (913) 31.10.2009 - 06.11.2009 г

Хто можа быць тым прыкладам для студэнтаў, якія сёння вывучаюць гісторыю культуры нашай краіны? Адказ на гэтае пытанне знайшлі на кафедры гісторыі Беларусі і музеязнаўства Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў: гэтае імя, а дакладней — імёны братоў Тышкевічаў — Яўстафія і Канстанціна.

 

/i/content/pi/cult/233/3241/22-1.jpgУ іх гонар на кафедры створана мемарыяльная аўдыторыя, дзе адлюстравана актыўная навуковая дзейнасць гэтых прадстаўнікоў славутага графскага роду.Акрамя таго, з мінулага года сталі праводзіцца Тышкевіцкія чытанні, якія атрымалі падтрымку рэктарата універсітэта. Сёлета яны прайшлі на радзіме таленавітых братоў - у Лагойску, на базе мясцовага Цэнтра культуры, дзе месціцца музей імя Тышкевічаў. Пачаліся Чытанні з ускладання кветак на магілу Канстанціна Тышкевіча ў Лагойску каля касцёла. Пасля гэтага ўдзельнікі форуму наведалі знакавыя мясціны, звязаныя з жыццём і дзейнасцю братоў, у тым ліку касцёл, пабудаваны на месцы, дзе раней знаходзілася фамільная крыпта роду, царкву Святога Мікалая і цудадзейную крынічку каля яе, рэшткі палаца, дзе крыху больш за паўтара стагоддзя таму размяшчаўся першы на тэрыторыі Беларусі музей.

Як адзначыў загадчык кафедры культуралогіі БДУКіМ Аляксандр Смолік, прадстаўнікі графскага роду Тышкевічаў не проста любілі свой край, дбалі пра развіццё культуры, але і зрабілі значны ўклад у дзве галіны грамадскіх навук - музеязнаўства і археалогію, з'яўляюцца іх заснавальнікамі ў нашай краіне. Менавіта яны, выкарыстоўваючы навуковыя метады збірання і класіфікацыі помнікаў культуры, стварылі музей па законах сучаснага музеязнаўства. Акрамя гэтага, у прадмове да зборніка матэрыялаў Чытанняў, які пабачыў свет напярэдадні форуму, Аляксандр Смолік падкрэсліў, што, не зважаючы на графскі тытул, Яўстафій і Канстанцін Тышкевічы, а часам - і іхні бацька, не цураліся браць у рукі рыдлёўкі і з дапамогай сялян раскопвалі старажытныя курганы, грунтоўна вывучалі знойдзеныя артэфакты. Таксама браты часта хадзілі па вясковых хатах ды запісвалі народныя песні, мясцовыя легенды і паданні, з ахвотай удзельнічалі ў абрадах.

/i/content/pi/cult/233/3241/22-3.jpgПа меркаванні Аляксандра Іванавіча, у выніку даследаванняў сотняў крывіцкіх курганоў і аналізу іх пахавальнага інвентару Тышкевічы першымі адзначылі этнічныя прыкметы, у прыватнасці, скроневыя колцы ў жанчын. Гэта, апрача іншага, паспрыяла вызначэнню тэрыторыі рассялення крывічоў. Надзвычай пазнаваўчымі аказаліся і выступленні ўдзельнікаў Чытанняў. У прыватнасці, у секцыі гісторыі, археалогіі і краязнаўства разглядаліся пытанні фарміравання нумізматычнай калекцыі лагойскага музея Тышкевічаў, якая налічвала 1140 медалёў і манет, дзейнасці Віленскага музея старажытнасцей, быў зроблены аналіз гравюр, што знаходзіліся ў мастацкай калекцыі братоў, акрэслена роля Канстанціна Тышкевіча ў паўстанні 1830 - 1831 гг. Не пакінулі без увагі ўдзельнікі канферэнцыі і тэму беларускага фальклору на Лагойшчыне, пра якую распавёў краязнаўца Віктар Несцяровіч.

/i/content/pi/cult/233/3241/22-6.jpgПад час правядзення Чытанняў можна было ўбачыць цікавыя жывапісныя творы - плён працы вучняў школ мастацтваў і агульнаадукацыйных устаноў Лагойшчыны, Мінскай гімназіікаледжа мастацтваў імя Ахрэмчыка, Мінскага мастацкага вучылішча імя Глебава - удзельнікаў пленэру, прысвечанага роду Тышкевічаў, што прайшоў напярэдадні Чытанняў. Па выніках пленэру карціны юных мастакоў з краявідамі Лагойска паступілі ў фонд раённага музея і ўпрыгожылі сцены канферэнц-залы Цэнтра культуры. Завяршылася канферэнцыя "круглым сталом", дзе было вырашана наступныя, ужо трэція па ліку, Тышкевіцкія чытанні правесці ў Вілейцы. Што ж да Лагойска, то, па словах намесніка старшыні Лагойскага райвыканкама Г.Драгуновай, у бліжэйшы час плануецца стварыць набярэжную Тышкевічаў, добраўпарадкаваць парк і адну з вуліц назваць у гонар прадстаўнікоў славутага роду. У перспектыве - і развіццё Лагойскага гісторыка-краязнаўчага музея імя братоў Тышкевічаў. Па словах начальніка аддзела культуры Лагойскага райвыканкама Пятра Вабішчэвіча, ужо распрацаваны новыя экспазіцыі, дзе будуць адлюстраваны навуковыя даследаванні Тышкевічаў, гісторыя стварэння гарадскога музея. Гэтую экспазіцыю плануецца стварыць у выглядзе кабінета.

Другі раздзел дазволіць узнавіць асноўныя калекцыі лагойскіх збораў. Тут будуць прадстаўлены прадметы археалогіі і этнаграфіі, зброя, дакументальныя матэрыялы, калекцыі цікавых рэчаў. Асобная экспазіцыя ахопіць даваенны перыяд, змаганне з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў час Вялікай Айчыннай, пасляваеннае аднаўленне раёна і, бясспрэчна, яго сучаснае жыццё. Арыгінальных прадметаў таленавітых братоў Тышкевічаў на Беларусі практычна не захавалася, таму фонды музея імкліва папаўняюцца аналагамі, што, тым не менш, павінны даць поўнае ўяўленне пра тую эпоху.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Партрэты Яўстафія (злева) і Канстанціна Тышкевічаў.

Выгляд графскага палаца на малюнку Напалеона Орды і рэшткі тых будынкаў сёння.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"