Юбілей. ... І новыя сенсацыі

№ 42 (910) 17.10.2009 - 23.10.2009 г

У чацвер і пятніцу Вялікая канферэнц-зала Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі сабрала прадстаўнічы Міжнародны кангрэс гісторыкаў “Гістарычная навука на пераломе эпох: дыялог з часам”. Падзея прымеркавана да 80-годдзя профільнага інстытута.

 

Інстытут гісторыі быў створаны 15 кастрычніка 1929 г. на базе кафедраў усеагульнай гісторыі, гісторыі Беларусі, гісторыі беларускага права, археалогіі, этнаграфіі, гістарычнай геаграфіі, камісій па вывучэнні гарадоў, археаграфічнай і гісторыі адукацыі і да 1931 г. насіў назву Інстытута гістарычных навук. У сярэдзіне 30-х у складзе Інстытута меліся секцыі гісторыі народаў СССР і БССР па вывучэнні Заходняй Беларусі, гісторыі Захаду, археалогіі і этнаграфіі. У гады Вялікай Айчыннай вайны частка навукоўцаў знаходзілася ў савецкім тыле. З нямецкімі захопнікамі ў шэрагах Чырвонай Арміі Ваявалі Д.А. Дудкоў, А.І. Залескі, З.Ю. Капыскі, Я.І. Карнейчык, І.Ф. Лочмель. Загінуў у падполлі вучоны сакратар Інстытута М.С. Махнач.

 /i/content/pi/cult/231/3161/14-2.jpgПры гэтым шмат было страчана: нямецка-фашысцкія акупанты вывезлі інстытуцкія археалагічныя і этнаграфічныя калекцыі, знікла картатэка па ўліку помнікаў, археалагічная фотатэка, рукапісы неапублікаваных прац. Новы этап жыцця ўстановы пачаўся ў чэрвені 1944 г., калі было прынята рашэнне аб аднаўленні дзейнасці Інстытута гісторыі. Знакавым у 1957 г. стала стварэнне сектара гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і партызанскага руху ў Беларусі. Як можна ўбачыць з летапісу Інстытута, важным этапам яго развіцця стала другая палова 80-х гадоў, калі значна актуалізавалася тэматыка даследаванняў і былі створаны новыя аддзелы: археалогіі жалезнага веку, спецыяльных гістарычных навук, гісторыі нацыянальна-культурнага будаўніцтва. Адным з галоўных накірункаў навуковай дзейнасці Інстытута стала распрацоўка гісторыі беларускага этнасу. Дзякуючы супрацоўнікам Інстытута на старонках "К" з'яўляюцца аповеды пра новыя, часам сенсацыйныя, эпізоды жыцця нашых продкаў, раскрываюцца таямніцы мінуўшчыны, што яшчэ больш прывабліваюць і прымушаюць ганарыцца сваім краем.

 

На здымку: музейная экспазіцыя Інстытута гісторыі.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"