Максімальная адпаведнасць

№ 42 (910) 17.10.2009 - 23.10.2009 г

Пытанні рэстаўрацыі Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу ці не адны з найбольш актуальных у сферы захавання матэрыяльнай спадчыны нашай краіны.

Не выпадкова, як адзначыла намеснік старшыні начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Аксана Сматрэнка, на гэтым тыдні ў Нясвіжы адбылося выязное пасяджэнне Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве з удзелам міністра культуры Паўла Латушкі. Тут былі разгледжаны пытанні ходу выканання рэстаўрацыйных работ і прыстасавання палацава-паркавага ансамбля. У абмеркаванні прынялі ўдзел прадстаўнікі Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж", РУП "Аб'яднаная дырэкцыя будуючыхся аб'ектаў" (заказчык работ), ААТ "Інстытут "Мінскграмадзянпраект", ААТ "Праектрэстаўрацыя", будаўнічага ўпраўлення № 105 ААТ "Будтрэст №3 ордэна Кастрычніцкай Рэвалюцыі", РУП "Мінскрэстаўрацыя", Грамадскай назіральнай камісіі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны.
 Па словах Аксаны Сматрэнка, на пасяджэнні рады разгледжаны праектная прапанова па рэстаўрацыі капліцы ў межах палаца, а таксама пытанні падыходаў да далейшай музеефікацыі. У прыватнасці, у бліжэйшы час плануецца вырашыць пытанне з набыццём мэблі для адрэстаўраваных экспазіцыйных залаў, а таксама стварэння аналагаў беларускімі вытворцамі. Удзельнікі пасяджэння азнаёміліся і з ходам выканання папярэдніх рашэнняў навукова-метадычнай рады, у тым ліку рэстаўрацыйных работ на палацава-паркавым ансамблі. З гэтай нагоды было рэкамендавана ў далейшым пры выкананні работ прымаць меры па максімальным захаванні аўтэнтычных элементаў і дэталей.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"