Фота на фоне лёсавызначальных падзей

№ 38 (906) 19.09.2009 - 25.09.2009 г

Падзеі мінуўшчыны кожны разумее пасвойму. Усё залежыць ад таго, праз якую прызму іх разглядаць. Для кагосьці яны маюць выключна адмоўную афарбоўку, для іншага нясуць адценне гонару. Справядлівым суддзёй у такой сітуацыі выступаюць хіба архіўныя дакументы, што звычайна расстаўляюць усе кропкі над “і”. Гэтым разам звярнуцца да іх давялося з нагоды 70-годдзя ўз’яднання Беларусі.

/i/content/pi/cult/227/3049/14-1.jpg

Члены Паўнамоцнай камісіі Народнага сходу

Заходняй Беларусі з кіраўнікамі СССР на чалеса

Сталіным у Вялікім Крамлёўскім палацы. 1939 г.


 /i/content/pi/cult/227/3049/14-3.jpg
 

Камандзір кавалерыйскага корпуса А.І. Яроменка

вывучае карту баявых дзеянняў. 1939 г.

Дзеля справядлівасці адразу хочацца адзначыць такі стэрэатып: многія думаюць, што вераснем 1939 года ўсё пачалося і скончылася. Насамрэч, гэта быў толькі пачатак працэсу аб'яднання тэрыторый Беларусі ў тую краіну, у якой мы сёння жывём. Працэс уз'яднання суправаджалі драматычныя падзеі цягам не аднаго дзесяцігоддзя. Ды й як магло быць інакш, калі першапачаткова да БССР далучылася грамада з чатырох мільёнаў чалавек, а пасля сотні тысяч былі перададзены ў падпарадкаванне Літве разам з Вільняй ды Польшчы разам з Беластокам?

 Фрагменты Уз'яднання

 Прасачыць за чарадой даволі супярэчлівых падзей у поўным аб'ёме дазволіла выданне зборніка дакументаў і матэрыялаў "Ты з Заходняй, я з Усходняй нашай Беларусі... Верасень 1939 г. - 1956 г." у дзвюх кнігах. Кніга была падрыхтавана беларускімі і расійскімі архівістамі сумесна з Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Трэба адзначыць, што ў першую кнігу, прысвечаную падзеям верасня 1939 г. - 1941 г., уключаны 120 дакументаў, у тым ліку законы СССР і БССР, дэкларацыі Народнага сходу Заходняй Беларусі, пастановы ЦК ВКП(б) і СНК СССР, ЦК КП(б)Б і СНК БССР. Змешчаны дакументы камандавання Беларускага фронту, дакладныя запіскі і пісьмы кіраўніцтва БССР у ЦК ВКП(б). Акрамя тэкстаў гістарычных матэрыялаў, выданне ўтрымлівае рэдкія фотаздымкі, факсімільныя копіі недаступных раней дакументаў з маскоўскіх архіваў, у тым ліку аўтографы Сталіна, Молатава, Варашылава, Кагановіча, Панамарэнкі, Хрушчова. У другую кнігу, прысвечаную пасляваеннаму дзесяцігоддзю, уключаны 82 дакументы з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь і Расійскага дзяржаўнага архіва сацыяльна-палітычнай гісторыі, а таксама з друкаваных крыніц. У той жа час, нельга не заўважыць, што храналагічна ў кнізе не стае матэрыялаў за 1942 - 1943 гады.

На такі крок, як адзначыў дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Адамушка, стваральнікі кнігі пайшлі свядома, бо падзеі ваеннага часу патрабуюць дадатковага вывучэння. Што ж цікавага ў гэтых дакументах? Найперш, многія рассакрэчаныя матэрыялы дазваляюць пазнаёміцца з палітычнай сітуацыяй у заходніх абласцях БССР, сацыяльным і культурным жыццём рэспублікі. Напрыклад, можна даведацца, як прымаліся рашэнні парадку склікання Народнага сходу Заходняй Беларусі, убачыць выявы дзяржаўных герба і сцяга БССР, арыгіналы якіх захаваліся ў Дзяржаўным архіве Расійскай Федэрацыі, што маюць вялікую каштоўнасць для гісторыкаў нашай геральдыкі. Па словах Віталя Скалабана, загадчыка аддзела публікацый дакументаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, укладальніка першай кнігі, вялікая ўвага была нададзена і людзям, якія ўдзельнічалі ў тых вызначальных для народа падзеях. З гэтай пазіцыі надзвычай цікавы фотаздымак 1939 года членаў Паўнамоцнай камісіі Народнага сходу Заходняй Беларусі з кіраўнікамі СССР на чале са Сталіным у Вялікім Крамлёўскім палацы. На здымку, як адзначыў Віталь Уладзіміравіч, удалося "расшыфраваць" пакуль толькі 30 чалавек.

Ад ліста Правадыру народаў да кінатэатра на колах

/i/content/pi/cult/227/3049/14-4.jpg
 

 Чырвонаармейцы на сустрэчы з насельніцтвам

Заходняй Беларусі.

Не зважаючы на жахлівыя рэпрэсіі, справаздачы пра якія можна таксама знайсці ў згаданай кнізе, на далучаных да БССР землях Заходняй Беларусі імкліва развівалася культурнае жыццё. Так, менш чым праз год пасля Уз'яднання, у Беластоку распачалі сваю працу Музкамедыя, Сімфанічны аркестр, Беларускі ансамбль песні і танца, Яўрэйскі драматычны тэатр, быў арганізаваны філіял Саюза кампазітараў БССР. У Баранавічах з'явіўся Беларускі драматычны тэатр, музей выяўленчых мастацтваў, у Брэсце - Рускі драматычны, а ў Гродне - Польскі драматычны тэатры. У заходніх абласцях распачалі сваю працу і п е р а с о ў н ы я т э а т р ы . У цэлым б ы л о створана 8 тэатраў, 9 музычных школ, два Дамы мастака. Але працэс пашырэння культуры быў няпросты, пра што таксама сведчаць дакументы. Да прыкладу, дырэктар Польскага драматычнага тэатра Ламакіна ў лісце да Сталіна ў 1940 годзе скардзілася на жахлівыя ўмовы, у якіх даводзіцца выступаць акцёрам, затрымкі па зарплаце, сітуацыю з роднымі артыстаў, што ў многіх былі ці арыштаваны, ці засталіся ў Польшчы. Што да музычнага мастацтва, то, як можна зразумець з дакументаў, за кароткі час былі створаны Беластоцкая дзяржаўная філармонія з сімфанічным аркестрам, філіял Белдзяржэстрады з некалькімі калектывамі.

 У некалькіх дакладных запісках адзначалася дзейнасць калектыву Рыгора Шырмы, які быў "складзены ў большасці з удзельнікаў з сельскай самадзейнасці, але валодае класічным рэпертуарам, праводзіць вялікую работу ў галіне прапагандавання і папулярызацыі народных беларускіх песень і танцаў". Як можна даведацца з дакладной запіскі начальніка Упраўлення па справах мастацтваў пры СНК БССР А.Азірскага, у 1940 годзе ўзнімалася пытанне пра стварэнне ў Беластоку Дзяржаўнага беларускага джазаркестра пад кіраўніцтвам Эдзі Рознера. Не забылася савецкая ўлада і на кінамастацтва. Так, у плане развіцця кінасетак заходніх абласцей БССР на 1940 год прадугледжвалася падваенне агульнай колькасці гукавых кінаўстановак. Да таго ж, у Гродне быў адкрыты дзіцячы кінатэатр. У той жа час, сістэма кінафікацыі заходніх абласцей мела вялікія цяжкасці з кадрамі, асабліва - з тэхнічнымі. Таму менавіта для мясцовага насельніцтва была створана курсавая база кінамеханікаў. На далучаных да БССР землях паўставалі і бібліятэкі. Так, літаральна за адзін год, паводле архіўных дакументаў, у Заходняй Беларусі з'явілася каля 300 бібліятэк. Для гэтых мэт у Маскве было сабрана 462 тысячы кніг.

Але пакуль у саюзнай сталіцы збіралі кнігі, у Пінску іх... выкрадалі: маецца на ўвазе 30 тысяч тамоў, вывезеных з бібліятэкі Пінскай каталіцкай семінарыі. Пра гэта можна даведацца з вельмі цікавага дакумента - "Даручэння старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Н.Наталевіча", звернутага да мясцовай вертыкалі ўлады і дырэктараў музеяў. З абурэннем зазначаецца, што старажытныя курганы і гарадзішчы ў Давыд-Гарадку, Ваўкавыску, іншых населеных пунктах часам цалкам зносяцца. Не пакінуў абыякавымі кіраўніцтва рэспублікі і такі факт: у вёсцы Дзятлава Коханаўскага раёна для атрымання друзу быў разбіты Рагвалодавы камень з надпісам 1171 года. З гэтай нагоды робіцца дакор мясцовым кіраўнікам, што тыя не надаюць адпаведнай увагі ахове гістарычных помнікаў. 5 лістапада 1940 года гэта было актуальна. На жаль, многія заўвагі Наталевіча актуальныя і цяпер

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"