Цікава, што аўтары будучага фільма - вучні знакамітых кінарэжысёраў. Сцэнарыстка Марыя Мажар скончыла ў Маскве рэжысёрскую майстэрню Аляксея Учыцеля, а рэжысёр-пастаноўшчык Аляксандр Канановіч - з ліку вучняў Міхаіла Пташука. Дарэчы, у свой час менавіта Канановіча называлі "надзеяй беларускайкамедыі". У 2004 годзе ён выпусціў кароткаметражную стужку "Колер кахання", якая атрымала прыязныя водгукі з боку маладой публікі. Пасля Аляксандр працаваў у Расіі, дзе зняў поўнаметражныя стужкі "Смокінг па-разанску" і "Дзевяць прыкмет здрады". І вось Канановіч вярнуўся на радзіму. Сюжэт "Грашовага дрэва" даволі просты і нагадвае знакамітыя "Белыя Росы" Ігара Дабралюбава. Карціна апавядае пра лад жыцця жыхароў невялічкай вёскі Вясёлае, якія вядуць гаспадарку адпаведна назве свайго населенага пункта і ўвесь час трапляюць у розныя недарэчныя сітуацыі. Ролі ў фільме выконваюць беларускія акцёры Марыя Возба, Аляксандр Казела, Паліна Сыркіна, Максім Брагінец. Нагадаем, што год таму на экраны краіны ўжо выйшла іншая камедыя "Беларусьфільма" - "На спіне ў чорнага ката" Івана Паўлава.
С.А.