Чым жа слаўны Сапоцкін? Пра музей пісанкі ў мясцовым культурна-турыстычным цэнтры шмат сказана і напісана. А ёсць яшчэ экспазіцыя «Нам засталася спадчына» (адкрылася ў 2019 годзе) з двума дзясяткамі паменшаных копій архітэктурных помнікаў рэгіёна і “Страчаная спадчына Сапоцкіна” з макетамі помнікаў, якіх даўно ўжо няма на карце гарадскога пасёлка. Вось пра гэты праект і варта павесці гаворку. Але спачатку трэба зазначыць, што аўтар усіх копій — гродзенскі майстар Ігар Адасік, музыкант, паплечнік Мар’яна Скрамблевіча, патрыёт роднага краю.
ЗАГАДКАВАЕ ПЛЕМЯ
Першы макет, які з’явіўся ў экспазіцыі, — селішча яцвягаў (Х — ХІ стст.). Побач з ім калісьці існаваў курганны могільнік (фальварак Ясудава, урочышча Капцы).
Яцвягі — гэта самыя загадкавыя плямёны, якія пражывалі на землях Беларусі. Вядома, што яны належалі да вялікай групы заходне-балцкіх плямёнаў, мелі сваё пісьменства ў выглядзе рун (рэзаў). На захадзе Беларусі захавалася шмат камянёў з рунічнымі надпісамі, якія пакуль не расшыфраваны.
Жылыя пабудовы яцвягаў уяўлялі з сябе слупавыя канструкцыі: чатыры слупы па кутах жытла, сцены былі зроблены з гарызантальных бярвёнаў, якія ўстаўляліся ў адмысловыя пазы. Гэтая канструкцыя ў традыцыйным дойлідстве называецца «ў шулу» і шырока выкарыстоўвалася да ХХ стагоддзя. Двухскатныя дахі крыліся чаротам альбо саломай. Аналагічную канструкцыю мелі і гаспадарчыя пабудовы. Унутры жылых будынкаў знаходзіліся адкрытыя вогнішчы, абкладзеныя каменнем.
Нашчадкі лясных яцвягаў і да гэтай пары пражываюць на тэрыторыі сучаснай Польшчы (Сувалкі), у Гродзенскай і Брэсцкай абласцях Беларусі.
ПА ЧАРЦЯЖАХ
Цікавая гісторыя стварэння макета сінагогі (канец XVIII — 30-я гады ХХ ст.). Ігар Адасік успамінае: “Ёсць некалькі фотаздымкаў будынка, і ўсе яны рознага часу, а сінагога на іх адрозніваецца ў дэталях. Мы даведаліся, што ў міжваенны час група архітэктараў са студэнтамі даследавала драўляныя сінагогі і займалася іх абмерамі. У Польшчы нам паказалі кнігу з гэтымі матэрыяламі і чарцяжамі, якія затым леглі ў аснову дадзенага макета”.
Верагодна, першыя яўрэі з’явіліся ў Сапоцкіне ў XVII стагоддзі. Пра гэта сведчаць рэшткі надпісаў на надмагіллях, якія захаваліся на яўрэйскіх могілках. Побач з імі і знаходзілася старая сінагога.
Вядомая нам сінагога ў Сапоцкіне была пабудавана з дрэва ў канцы XVIII стагоддзя і мела рысы позняга барока. Увогуле архітэктура драўляных сінагог Усходняй Еўропы — вельмі самабытная.
У канцы ХІХ стагоддзя Сапоцкін — цэнтр культурнага і навуковага жыцця, духоўным лідарам горада ў гэты час быў равін Шмуэль (Самуіл) Рабіновіч — пісьменнік, навуковец, дэлегат другога сіянісцкага кангрэса ў Базэлі, Швейцарыя.
Сапоцкінская сінагога, як і ўсе астатнія драўляныя сінагогі нашай краіны, была знішчана падчас Другой сусветнай вайны.
ЛЯМУС ТРОХ’ЯРУСНЫ
Ад слаўнай мінуўшчыны нашай краіне дасталіся сотні старадаўніх шляхецкіх сядзіб — былога ўвасаблення заможнасці і раскошы, а сёння — помнікаў архітэктуры розных эпох. Праўда, у многіх з іх ад колішняй велічы засталіся непрыкметныя руіны, а многіх, як сядзібы ў Балі Вялікай каля Сапоцкіна, увогуле няма. Паглядзець, як яна выглядала, можна ў Сапоцкінскім культурна-турыстычным цэнтры.
Сядзіба ў Балі Вялікай (цяпер в. Вулькаўцы Гродзенскага раёна) была закладзена ў сярэдзіне XVIII ст. падскарбіем надворным літоўскім Антоніем Дзяконскім, які актыўна ўдзельнічаў у палітычным жыцці Рэчы Паспалітай, быў удзельнікам Таргавіцкай канфедэрацыі.
Сядзібны дом быў абкружаны старым паркам з ліпавымі шпалерамі. А ў парку знаходзіўся прыгожы трох’ярусны драўляны лямус, пабудаваны таксама ў сярэдзіне XVIII ст.
Слова «лямус» мае нямецкае паходжанне і абазначае двух- альбо трохпавярховую гаспадарчую пабудову. Першы ярус прадстаўленага лямуса быў мураваны і выкарыстоўваўся для захоўвання прадуктаў, інструментаў, коннай збруі. Другі ярус быў драўляны, яго абкружала галерэя на масіўных мураваных слупах. Сядзібу наведвалі шматлікія госці, сярод якіх быў кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Летам памяшканні другога яруса выкарыстоўваліся пад жыллё. Трэці ярус называўся сушарняй. Дах лямуса быў пакрыты гонтам. Побач з пабудовай знаходзілася галубятня на вялікім драўляным слупе. Непадалёк усталявана гранітная глыба, апрацаваная ў выглядзе шапкі грыба.
Адзіная выява і невялікае апісанне гэтага маляўнічага лямуса размешчаны ў 1878 годзе ў часопісе «Тыгоднік Ілюстраваны».
Лямус не захаваўся.
КОРЧМЫ БЕЛАЯ І ЦЁМНАЯ
Як вядома, карчма — гэта комплекс збудаванняў, дзе спыняліся для харчавання і начлегу. Тут праводзілі сходы вясковай грамады, адпачывалі, а па святах моладзь наладжвала гульні і скокі.
Хутчэй за ўсё, корчмы ў Сапоцкіне з’явіліся ў другой палове ці напрыканцы XIX стагоддзя. Гэта былі драўляныя будынкі традыцыйнай канструкцыі з вялікімі вокнамі, накрытыя гонтавым дахам. На жаль, даследчыкам пакуль невядомы імёны іх уладальнікаў.
«Белая карчма» сваім выглядам нагадвае звычайны жылы дом. Але ў адрозненне ад яго мае вельмі вялікія памеры, высокі дах і дзве пячныя трубы. Гэта так званая карчма без заезду. Корчмы такога тыпу мелі ў будынку толькі піцейныя і жылыя памяшканні, таму коней і павозкі даводзілася пакідаць у адмысловых месцах на вуліцы. Драўляныя сцены карчмы былі пабеленыя. Дзякуючы такому прыёму сцены піцейнай установы рэзка кантраставалі з шараговай драўлянай забудовай і прыцягвалі да сябе ўвагу, акрамя таго пабел сцен выконваў санітарна-гігіенічныя функцыі.
Другая карчма — «цёмная» — з’яўляецца яскравым прадстаўніком так званага тыпу заезных корчмаў. У абодвух тарцах будынка, бліжэй да задняй сцяны, размешчаны вялікія вароты для заезду ўнутр і “паркоўкі” коней і павозак.
І БЫЎ ТУТ МЛЫН
Гісторыя фальварка Ясудава вельмі насычаная і даволі заблытаная. У канцы XVIII стагоддзя гэтыя землі ўваходзілі ў склад маёнтка Антонія Валовіча. Пазней фальварак перайшоў да Папермацкага, які ў сваю чаргу прадаў яго вядомаму праваслаўнаму святару Іаану Кранштацкаму. Паколькі святар падтрымліваў праваслаўны жаночы манастыр, можна меркаваць, што Ясудава ў другой палове ХІХ стагоддзя належала манастыру.
У міжваенны перыяд фальварак знаходзіўся ў руках польскага землеўласніка Гумніцкага. Апошнімі ўладарамі фальварка былі Карпы, памяць пра якіх захавалася да сённяшніх дзён: вадаём у той мясцовасці жыхары да гэтага часу называюць Карпаў стаў.
Цяпер былы фальварак Ясудава з’яўляецца часткай гарадскога пасёлка Сапоцкін.
Першыя згадкі пра вадзяны млын у фальварку Ясудава знаходзяцца ў «Памятнай кніжцы Сувалкаўскай губерні» за 1890 год. Але, верагодна, ён быў пабудаваны крыху раней. У 1934 годзе на млыне працавалі 4 чалавекі. Сярод іх жыхар вуліцы Баляслава Храбрага (іншая назва — вуліца на Асочнікі) Мошэ Алблінгер і два млынары, якія жылі на Тэалінскай вуліцы (у той час — Банная ). Адзін з іх паходзіў з сям’і Ізраіля Рэйзнера, другі — з сям’і Пейшэ Пласкоўскага.
Дзякуючы парадам прафесара архітэктуры Сяргея Сергачова быў адноўлены знешні выгляд Ясудаўскага млына. Ён быў пабудаваны з дрэва на высокім каменным фундаменце ў другой палове ХІХ стагоддзя, у 20-30-х гадах ХХ стагоддзя млын рамантаваўся. З вялікай доляй верагоднасці можна сказаць, што першапачаткова гэта быў млын з двума драўлянымі коламі, якія пазней (падчас рамонту) былі заменены металічнай турбінай.
Млын быў разбураны ў гады Вялікай Айчыннай вайны і больш не аднаўляўся.
606 ДОТАЎ
Каля Сапоцкіна, Соніч, пры Асочніках, уздоўж Аўгустоўскага канала захавалася шмат аб’ектаў абарончай архітэктуры, якія прадстаўлены абарончымі збудаваннямі Гродзенскага ўмацаванага раёна (1939-1941 гг.). Макет аднаго з іх — гарматна-кулямётнага капаніра № 59 68-га Гродзенскага ўмацаванага раёна (1941 г.) — дэманструецца ў нашай экспазіцыі “Страчаная спадчына Сапоцкіна”.
Пасля далучэння ў 1939 годзе Заходняй Беларусі да БССР было прынята рашэнне стварыць на новай мяжы чатыры ўмацаваныя раёны. Гродзенскі УР павінен быў быць найбольш моцным. На адлегласці 80 кіламетраў паміж Сапоцкінам і Ганёнзам (цяпер Польшча) планавалася пабудова 606 ДОТаў.
Гэта быў самы вялікі ДОТ 68-га Гродзенскага ўмацаванага раёна. Ён узбройваўся дзвюма кулямётнымі ўстаноўкамі НПС-3 і дзвюма ўстаноўкамі ДОТ-4 (кожная прадстаўляла сабой 45-мм гармату і спараны з ёй кулямёт). Да пачатку вайны дабудаваць яго не паспелі.
ЗАМЕСТ ЗАКАНЧЭННЯ
Праект сапоцкінскай гісторыі ў макетах пакуль не скончаны, ёсць толькі шэсць з васьмі запланаваных да экспанавання. Мы вельмі ўдзячныя Ігару Адасіку і ўсёй яго камандзе за даследаванні і магчымасць дэманстрацыі макетаў у нашым музеі. Рэалізацыя праекта працягваецца.
Наталля РАМАНОВІЧ,
вядучы метадыст па рэалізацыі культурнадзелавых праектаў і развіцці турызму Гродзенскага раённага культурнаінфармацыйнага цэнтра