Жанравае азначэнне “Фігаро” (па задуме пастаноўшчыкаў, з націскам на апошні склад, на французскі манер) — не проста мюзікл, а мюзікл-пастыча, што сведчыць пра постмадэрнісцкую сумесь у ім усяго, што магчыма і, здавалася, зусім немагчыма. Рэжысёр Настасся Грыненка, вядомая сваёй творчай фантазіяй, вынаходлівасцю, смелымі падыходамі да інтэрпрэтацыі любых тэатральных калізій і музыкі, знаходзіць у гэтым вядомым сюжэце новы пункт адліку. Звярнуўшыся да п’есы Бамаршэ “Вяселле Фігара” і згадаўшы самыя вядомыя оперныя хіты Моцарта і Расіні, звязаныя з абліччам нястомнага цырульніка з Севільі, яна дадае туды фрагменты з сучасных амерыканскіх мюзіклаў, а таксама добра раскручаныя кампазіцыі расійскіх гуртоў і салістаў. Нават тэксты ў большасці не спатрэбілася змяняць, бо пры ўсёй імклівасці дзеяння галоўным у спектаклі становяцца не сітуацыі, у якія трапляюць героі, а агульначалавечыя каштоўнасці і найперш пачуцці, незалежныя ад гістарычных рэалій і сацыяльнага статусу: каханне, рэўнасць, хцівасць, юначая ўлюбёнасць, бацькоўскія парывы — змяшалася ўсё. І памножылася на гульню, якая становіцца, бадай, галоўнай фігурай у гэтым аповедзе — то нябачнай, а то і матэрыялізаванай у дададзенай постаці Джокера (Эдуард Вайніловіч).
Дадаюцца і іншыя персанажы. Бо ў спектаклі няма звыклай масоўкі: кожны прадстаўнік танцавальна-харавога атачэння мае свае адметныя рысы, прычым не толькі знешнія: кожны — увасабленне пэўнага тыпажу (калі хочаце, нават архетыпу), пачынаючы з персанажаў італьянскай камедыі масак. Такая індывідуалізацыя ўсіх і кожнага — прыкмета новага часу, псіхалогіі ХХІ стагоддзя, скіраванага ад шрубкаў-вінцікаў на канвееры да жывой прыроды, дзе ніводная з’ява не мае свайго дакладнага кланіравання. Таму ў спектаклі заяўлена і экалагічная тэма, і роздум пра адказнасць чалавека перад самім сабой і будучыняй усяго чалавецтва, і шмат іншых адгалінаванняў ад хі-хі-ха-ха-камедыі ў бок філасофіі, этыкі, грамадскай праблематыкі.
Фігаро бліскуча ўвасабляе Арцём Пінчук — сонечны артыст (дадам, і таленавіты рэжысёр), вельмі блізкі, на мой погляд, да свайго героя і чалавечым характарам, і ступенню адоранасці. Але сказаць, што гэта цэнтральны герой, вакол якога верціцца ўсё дзеянне, немагчыма. У гэтым спектаклі кожны — цэнтральны (у залежнасці ад той ці іншай сцэны) і, зноў падкрэслю, непаўторны. Графам Альмавівам паўстаў абаяльны, непазнавальны з прыклеенымі вусікамі Дзмітрый Якубовіч, які адначасова стварыў у гэтым спектаклі адметную, энергетычна напоўненую харэаграфію. Высакародную, кранальную і часам смешную ў сваіх памкненнях Графіню стварыла папраўдзе зорная артыстка і спявачка Ілона Казакевіч. А колькі новых імёнаў адкрывае спектакль! І ў кожным артысце падкрэслена свая акцёрская, спеўная, пластычная разыначка.
Сцэнаграфія Андрэя Меранкова і касцюмы Юліі Бабаевай — яшчэ адзін трывалы залог поспеху новай пастаноўкі. Спектакль атрымаўся не толькі яскрава феерычным і мудрым па змесце, музыцы, акцёрскім увасабленні, але і вельмі відовішчным. Выбітны грым, неверагодныя парыкі, намёк на крыналіны, памножаны на сучасныя дызайнерскія падыходы, кола фартуны і крэслы, што палётам фантазіі здольныя ператварацца ў што заўгодна. Спектакль вымушае і гледача непасрэдна падключацца да падзей: смяяцца, фантазіраваць, задумвацца. І ўсё гэта — быццам “проста так”, без асаблівых намаганняў. Ён бярэ ў палон і не адпускае, зноў і зноў пракручваючы ў памяці тыя ці іншыя мізансцэны, музычныя фрагменты, дыялогі, асобныя фразы. Мюзікл апошнім часам стаў адным з самых запатрабаваных жанраў. На розных беларускіх тэатральных пляцоўках з’явіліся самыя розныя яго прыклады — ад айчынных да замежных. Але цяперашні “Фігаро” — лепшы з усяго, што можна было прыдумаць і ўбачыць. Можа, крыху перагружаны ўсё новымі ды новымі прыдумкамі пастаноўшчыкаў (часам складаецца ўражанне, што ўсе ўдзельнікі настолькі захоплены творчым працэсам, што папросту не могуць спыніцца), але гэта — шчаслівая стомленасць тэатральным “пиршеством”, якога нам так не хапала ў складаны час.
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ