БібліяКомпас — арыенцір для карыстальніка, альбо Свята, якое адбылося!

№ 32 (1523) 07.08.2021 - 14.08.2021 г

Днямі ў вёсцы Новая Мыш Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці адбыўся бібліятэчны фэст «БібліяКомпас: арыенцір на карыстальніка». Свята было прымеркавана да Года народнага адзінства і 225-годдзя з дня нараджэння пачынальніка новай беларускай літаратуры і піянера беларускай фалькларыстыкі Яна Чачота, чые дзіцячыя і юнацкія гады прайшлі ў гэтай вёсцы.

/i/content/pi/cult/862/18300/020.jpgНаш невялічкі, але прадстаўнічы дэсант высадзіўся ў Новай Мышы за гадзіну да пачатку фестывалю. Пасля знаёмства з супрацоўнікамі бібліятэкі яе дырэктар спадарыня Таццяна Лайша правяла для нас адмысловую экскурсію па бібліятэчных залах і азнаёміла з асноўнымі кірункамі дзейнасці бібліятэкі. Асобую цікавасць у нас выклікала густоўная экспазіцыя, прысвечаная Яну Чачоту, ганаровае імя якога носіць Навамышская бібліятэка.

Сам фестываль распачаўся з ускладання кветак да помніка Яну Чачоту, аўтарам якога з’яўляецца вядомы скульптар Алесь Шатэрнік. Пасля гэтага на пляцоўцы ў парку распачалася асноўная дзея.

Праграма фестывалю была даволі насычанай. На асноўнай сцэне праходзілі спаборніцтвы паэтаў — тых, што ўжо маюць за плячыма выдадзеныя зборнікі вершаў, і тых, хто толькі спрабуе свае сілы на паэтычнай ніве. Таксама адбыліся выступы спеўных калектываў і спевакоў Баранавіцкага раёна і спявачкі Марыі Аднадворцавай з Мінска, якая праспявала некалькі аўтэнтычных фальклорных спеваў.

Асобнае месца на фестывальнай пляцоўцы займалі выставачныя стэнды бібліятэк Баранавіцкага раёна — з Моўчадзі, Вольна, Перхавічаў і Гарадзішча. Лунінецкая ж цэнтральная раённая бібліятэка, акрамя кніжнай выставы “Лунінеччына літаратурная”, падрыхтавала яшчэ і стэнд Арт-студыі “У фокусе палітры”. Цэнтральнае месца ў імправізаванай выставачнай прасторы заняў літаратурны стэнд, прысвечаны самому Яну Чачоту, да якога арганічна дадаліся жывапісныя працы мінскага мастака Алеся Родзіна (ураджэнца Баранавічаў). У іх былі прадстаўлены асноўныя вехі жыцця славутага паэта.

Мерапрыемства праводзілася з мэтай падтрымкі найлепшых літаратурных традыцый, развіцця рэгіянальнага краязнаўчага руху, выяўлення станоўчага вопыту бібліятэк па папулярызацыі культурнай спадчыны роднага краю.

Для гледачоў былі падрыхтаваны конкурсы, бібліялато, квэст-гульні і віктарыны, арыентаваныя на веданне роднага краю і беларускай мовы. У конкурсе сярод бібліятэк (па раскрыцці краязнаўчай работы) пераможцамі сталі Перхавіцкая сельская бібліятэка і Лунінецкая цэнтральная раённая бібліятэка. Сярод літаратараў пераможцамі сталі Святлана Танюкевіч з Баранавіцкага раёна і Галіна Брэзіна з Лунінецкага раёна.

Выступіў перад землякамі Яна Чачота і аўтар гэтых радкоў, які распавёў гасцям фестывалю пра нядаўна знойдзеныя новыя факты аб сувязі роду Чачотаў з Новай Мышшу. Пры гэтым у падарунак бібліятэцы былі перададзеныя некаторыя знойдзеныя дакументы, датычныя самога паэта.

Застаецца дадаць, што фестываль атрымаўся дынамічным, цікавым, насычаным! Хочацца падзякаваць завадатарам гэтай цудоўнай і важнай імпрэзы за выдатную арганізацыю, а самому фестывалю, які плануецца праводзіць раз на два гады, зычу не спыняцца на дасягнутым!

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар