У “Паўночныя Афіны” да Агінскіх, або Што новага ў Залессі

№ 32 (1523) 07.08.2021 - 14.08.2021 г

Хто ў Беларусі не чуў пра славутае Залессе, Малую радзіму аўтара слыннага паланэза “Развітанне з Радзімай” Міхала Клеафаса Агінскага, палітычнага дзеяча ВКЛ і, да таго ж, музыканта. Не так даўно мы пабывалі ў гасцях у Залессі, якое некалі называлі Паўночнымі Афінамі, каб даведацца пра апошнія навіны аднаўлення культурнага цэнтра Смаргоншчыны.

/i/content/pi/cult/862/18292/07.jpgНа дальняй станцыі сайду

З чаго пачынаецца знаёмства з маёнткам графа Міхала Агінскага? Так, з чыгуначнай станцыі “Залессе” (кірунак Мінск—Вільня). Сыходзячы з цягніка, ты нібы трапляеш у свет твораў Эндру Уаета (1917—2009), аднаго з самых знакамітых амерыканскіх мастакоў ХХ стагоддзя, візітоўкай якога з’яўляецца твор “Мір Крысціны”. Верагодна, такое ўражанне робяць белыя прыстанцыйныя драўляныя будынкі, што так нагадваюць “старую Амерыку”, якую мы ведаем па мастацкіх стужках, а таксама ціхае, нетаропкае жыццё аграгарадка. Спробы высветліць, у якіх гадах былі ўзведзены гэтыя двухпавярховыя шматкватэрныя дамы, нам не ўдалося. Але з прычыны іх незвычайнасці (нідзе яшчэ я не сустракаў такіх дамкоў пры станцыі), думаю, варта было б замацаваць інфармацыйную таблічку, якая б адкрыла гэтую таямніцу, патлумачыла гасцям Залесся. А іх, то-бок нас, там бывае нямала.

Таксама не зашкодзіла б паставіць паказальнікі, якія б скіроўвалі турыстаў да сядзібы Агінскіх. Праўда, па дарозе, пры самай чыгунцы, ёсць яшчэ і нядаўна створаны і дагледжаны мемарыял, які з’явіўся на месцы масавых расстрэлаў беларускіх яўрэяў у часы Другой сусветнай вайны. Іншая справа, што згадацца аб яго наяўнасці зможа не кожны. Таму паклапаціцца пра турыстаў і спрасціць ім навігацыю па Залессі не зашкодзіла б.

Як птушка фенікс

Гісторыя аднаўлення сядзібнага комплексу ў Залессі шакуе сваёй вокамгненнасцю. Першыя працы распачаліся ў 2011 годзе. У 2014-м у сядзібе адкрыўся музей, а ўжо ў 2015-м пачала працаваць сталая музейная экспазіцыя. Каб даведацца пра навіны адраджэння “Афінаў”, мы паразмаўлялі з дырэктарам Дзяржаўнай гісторыка-культурнай установы «Музей-сядзіба M. К. Агінскага» спадарыняй Людмілай Градзіцкай.

— Спадарыня Людміла, распавядзіце, калі ласка, як ўсё пачалося?

— Адкрыццё музея адбылося 25 верасня 2014 года і было прымеркавана да Дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага (1765—1833). Год вялася праца па музеефікацыі, а ў 2015 годзе, на 250-ю гадавіну нараджэння гаспадара Залесся, музей прыняў першых наведвальнікаў. Адначасова вялася праца па аднаўленні не толькі на самім палацы, але і на іншых аб’ектах комплексу. І вялікую дапамогу тут нам аказвае літаграфія Леанарда Ходзькі 1822 года, на якой мы можам пабачыць, як выглядала Залессе ў часы Міхала Клеафаса Агінскага. Фінансаванне гэтага этапу вялося за кошт рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў у межах Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы, а таксама праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі ў межах трансгранічнага супрацоўніцтва “Латвія-Літва-Беларусь”.

— Пэўна ж, на гэтым міжнародная супраца не спынілася?

— Так, наступным этапам стала праца над праектамі. Напрыклад, былі напісаны два невялічкія праекты, якія былі часткай больш значнага праекта, падрыхтаванага Смаргонскім райвыканкамам. У выніку мы атрымалі 10 000 еўра, на якія было набыта рознае абсталяванне для кавярні, стылізаванай пад ХІХ стагоддзе. Такім чынам у нас з’явілася магчымасць пачаставаць гасцей сядзібы не толькі кавай, але сапраўднымі круасанамі. Частка сродкаў пайшла на набыццё экзатычных раслін для адноўленай у палацы аранжарэі, а таксама на ўстаноўку знакаў-паказальнікаў, якія вы бачылі на прысядзібных сцяжынках.

Наступны праект, трансгранічны, які мы падрыхтавалі сумесна з нашымі партнёрамі з Тракайскага парка (Літва). Дзякуючы яму была адрэстаўравана альтанка Амеліі, дзе мы час ад часу ладзім канцэрты. На гэтыя сродкі былі набыты г.зв. малыя архітэктурныя формы — лаўкі, вырабленыя па ўзорах часоў Агінскага.

Аказала нам спонсарскую дапамогу і Адкрытае акцыянернае таварыства “Банк развiцця Рэспублiкi Беларусь”. На вылучаныя сродкі была праведзена праца па ачыстцы возера і добраўпарадкаванні прылеглай тэрыторыі. Ідэя запусціць у возера белага амура, як бачыце, таксама дала плён, бо возера не так актыўна зарастае водарасцямі. На гэтыя ж грошы была адноўлена частка парку, пракладзены сцяжынкі і адбылася рэканструкцыя Кітайскай альтанкі. Яе выгляд быў адноўлены дзякуючы малюнку Леанарда Ходзькі. Побач з альтанкай быў усталяваны адмысловы інфармацыйны стэнд, з малюнкам.

— Спадарыня Людміла, падчас шпацыру па парку я убачыў шыкоўную белую карэту, коней, жэрабя, а ўдалечыні, у полі, яшчэ пару коней. Гэта таксама спонсарская дапамога?

— Так, быў яшчэ адзін праект, для Польскай амбасады. У выніку мы атрымалі 35 000 еўра, на якія змаглі закупіць вось гэтых нашых цудоўных жыхароў, якіх вы бачыце, — трох коней, двух поні, а таксама карэту, сані і асобна вупраж для коней. Кульмінацыяй праекта стала сумесная імпрэза з клубам “Залатая шпора”, у якой паўдзельнічалі і нашы коні. Каб катаць дзетак, мы вырашылі набыць невялічкі вазок для поні — ваганец, таму напісалі яшчэ адзін праект. А не так даўно ў нас адбылося папаўненне, бо нарадзілася тое самае жарабя, якое вы бачылі. Мы далі яму імя — Мірончык.

— Як я нядаўна чуў, вядзецца актыўная праца па аднаўленні стайні?

— На рэшту сродкаў, што былі вылучаны “Банкам развіцця” і засталіся пасля рэалізацыі праекта, мы змаглі распачаць рэканструкцыю з прыстасаваннем стайні. Але потым мы былі вымушаны часова прыпыніць працу. І вось нядаўна, за кошт сродкаў Фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва, мы змаглі працягнуць працу. Плануецца, што ў адноўленай стайні паселяцца два кані, і там мы плануем адкрыць тэматычную экспазіцыю. І калі атрымаецца, будзе вельмі прыгожа.

На сродкі, якія нам выдзеліў наш райвыканкам, мы плануем неўзабаве распачаць будоўлю вельмі актуальнага для нас аб’екта інфраструктуры — аўтастаянкі. Будзе яна размешчана непадалёк ад школы, перад ўваходам на тэрыторыю сядзібнага комплексу. Сёння праект знаходзіцца на экспертызе, калі ж ён будзе ўзгоднены, мы адразу возьмемся і за гэты адказны аб’ект.

— А што з вадзяным млынам? Падаецца, ён выглядае вельмі добра. Якое прыстасаванне для яго прадугледжана канцэпцыяй развіцця музея?

— Згодна з нашай канцэпцыяй, пасля рэстаўрацыі на другім паверсе мы плануем адкрыць мастацкую галерэю для зменных выстаў. Бо сёння мы вымушаны рабіць выставы ў кавярні, а яна таксама запатрабавана ў наведвальнікаў музея. А ў аранжарэі выставы рабіць немагчыма, бо занадта спякотна.

На першым жа паверсе млына мы плануем зрабіць экспазіцыю, прысвечаную побыту Залесся. Але яшчэ гэту ідэю мы абдумваем.

Праўда, ёсць яшчэ і іншыя ідэі. За млыном, напрыклад, пры Агінскіх была вінакурня, ад якой захаваліся падмуркі. І мы пакуль разважаем, ці там аднавіць вінакурню, ці арганізаваць хлебапякарню. Прынамсі я за другі варыянт.

Напрыканцы размовы спадарыня Людміла распавяла, што аб аднаўленні палаца марылі не толькі яна, але і яе бацькі і нават дзяды, якія бачылі, як пакінутая Агінскімі яшчэ ў ХІХ стагоддзі сядзіба гуляе “па руках” і прыходзіць у заняпад. А гонар за тое, што хутчэй за ўсё тут, у Беларусі, у маленькай вёсачцы Залессе, нарадзіўся вядомы ўсяму свету паланэз “Развітанне з Радзімай”, для сям’і спадарыні Людмілы не быў пустым гукам. Яе бацька, музыкант, не мог шанаваць калег, якія не ведалі пра паланэз, бо для яго і месцічаў гэта была святая справа.

Ну што ж, мы распавялі пра яшчэ адзін выдатны прыклад аднаўлення нашай спадчыны. Хочацца пазычыць Залессю, каб дух Міхала Клеафаса Агінскага не пакідаў гэтых месцаў, каб спрыяў аднаўленню “Паўночных Афінаў”. А мы, са свайго боку, у меру нашых сціплых мастацка-гістарычных магчымасцей, будзем спрыяць гэтаму працэсу.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар