Дыханне гісторыі на скрыжаванні з сучаснасцю

№ 20 (1511) 15.05.2021 - 21.05.2021 г

Гальшанскі замак. Першыя вынікі рэстаўрацыі

/i/content/pi/cult/850/18058/14.jpgУ Гальшанах апошні раз я быў у жніўні 2010 года. Таму маючы некалькі гадзін да пачатку імпрэзы, паспеў абысці ўжо вядомыя і яшчэ не бачаныя куткі мястэчка. Стары драўляны млын на рацэ, які да гэтага часу не мае ахоўнай шыльды, моцна трымаецца свайго месца. Але трошкі ўвагі з боку мясцовых уладаў яму б не зашкодзіла. Думаю, першае што прыходзіць да галавы любога турыста, чаму ў будынку млына не зрабіць музейчык?

На высокім пагорку за мястэчкам раскінуліся могілкі, з якіх Гальшаны нібы на далоні. Трэба адзначыць, могілкі вельмі дагледжаныя, здаецца, не толькі Радаўніцкімі днямі, і падзелены на тры часткі — каталіцкую, праваслаўную і старую мешаную частку, дзе нямала цікавых надмагілляў і стаіць адноўленая капліца.

Яшчэ адна цікавостка — у цэнтры мястэчка маецца гэтак званая Татарская гара, якую многія памылкова лічаць старым Гальшанскім гарадзішчам (пра яго будзе далей). Быў у палоне ілюзій і я. Як паведамілі дасведчаныя людзі, часам гэта пытанне выклікае спрэчкі паміж мясцовымі краязнаўцамі-турыстамі, якія “ўсё ведаюць лепей”.

Вядома ж, нельга прамінуць і касцёл францысканцаў з яго кляштарам. У той час, як стан касцёла (як і дзесяць гадоў таму) трывогі не выклікае, кляштар відавочна патрабуе клопату. Для пачатку можна было б зацягнуць вокны новай сеткай, бо старая ўжо не спыняе ні птушак, ні снег.

Адна з галоўных цікавостак Гальшанаў — старая каменная і драўляная забудова. На жаль, частка з будынкаў ужо не выкарыстоўваецца (напрыклад, амбулаторыя ў самым цэнтры). Але ж, пэўна, і з гэтай камяніцы мог бы атрымацца музейчык. Ёсць і драўляная дзвюхпавярховая сядзібка, якую з нейкай прычыны традыцыйна фарбуюць у жоўты колер. Цяжка сказаць, ці выкарыстоўваецца яна належным чынам. Усе ж цікавосткі не апішаш, ды і мэта ў нас гэтым разам іншая.

Экскурс у мінулае

Гальшаны, чыя гісторыя сягае ў ХІІІ стагоддзе, лічацца адным з найстарэйшых паселішчаў сённяшняй Гарадзеншчыны. Даволі доўгі час яны належалі роду Гальшанскіх (да 1525 года), пакуль не сталі ўласнасцю роду Сапег. Адбылося тое ў выніку шлюбу наваградскага ваяводы князя Паўла Іванавіча Сапегі і Алены, дачкі князя Юрыя Гальшанскага-Дубровіцкага. Неўзабаве пасля гэтага (у 1556 годзе) род Гальшанскіх, пачаткі якога сягаюць у XIV стагоддзе, згас.

Гісторыя ж замка пачынаецца з таго моманту, як унук Паўла Сапегі, літоўскі падканцлер і даволі вядомы вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч Павел Багданавіч Сапега (1565 — 1635), пакідае стары (драўляны?) замак князёў Гальшанскіх (гарадзішча на поўнач ад Гальшан) і закладае новы каменны, на рацэ Луста (Жыганка). Відаць, адначасова з новымі касцёлам і кляштарам францысканцаў, якія былі пабудаваны ў цэнтры мястэчка ў 1618 годзе.

Такім чынам, напачатку XVII стагоддзя Сапегі перабіраюцца ў новы замак, які годна рэпрэзентаваў іх высокі статус у ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Але неўзабаве, у сярэдзіне таго самага стагоддзя, ВКЛ стала арэнай кровапралітных войнаў. З чаго, уласна, пачалося паступовае знішчэнне гэтай сапежанскай рэзідэнціі. Пазней замак шмат разоў пераходзіў ад аднаго роду да другога, якім аднаўленне былой велічы відавочна было “не па кішэні”. Але больш сур’ёзнае выпрабаванне паўстала перад замкам напрыканцы ХІХ стагоддзя.

Справы Гарбанёва

І звязана яна з імем расіяніна, былога вайскоўца і суддзі Аляксандра Васільевіча Гарбанёва. Атабарыўшыся пасля паўстання 1863 года ў Гальшанах, ён вырашыў любым коштам авалодаць замкам, які на той час быў уласнасцю роду Корсакаў-Залескіх. Жонку Людвіка Корсака, Алімпію, пад аховай казакаў вывезлі ў Вільню, дзе прымусілі яе падпісаць акт продажу маёнтка Гарбанёву за 33 000 рублёў (1880 год). Прычым, на гэты гвалт Гарбанёў заручыўся царскім дазволам, што высветлілася пазней падчас судовага разбіральніцтва. Стаўшы гаспадаром замка, у якім была не меўшая кошту карцінная галерэя і вялікая колькасць музейных каштоўнасцяў, Гарбанёў неадкладна ўзяўся за “справу”. Замак пачало трэсці ад выбухаў. А старажытная цэгла, вызваленая такім чынам з кайданоў вапны, прадавалася Гарбанёвым усім ахвочым. У гэты ж час знік і замкавы архіў. Дарэчы, зяць Гарбанёва, наступны ўласнік таго, што калісці было замкам, інжынер Іван Максімавіч Ягмін прыстасаваў кутнюю (адноўленую вежу) пад птушнік, і трымаў там, пад сапегаўскім гербам, кур і пеўняў. Чым уганяў у роспач знакамітага мастака Фердынанда Рушчыца, які бываў у Гальшанах. Калі мы ўжо згадалі Рушчыца, то, карыстаючыся момантам, дадам, што 2 мая, ля касцёла ў Багданава (на радзіме мастака) адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка мастаку. Аўтарам помніка з’яўляецца вядомы скульптар Валер’ян Янушкевіч.

Пасля Другой сусветнай вайны ад былой велічы замка заставалася не вельмі шмат і ён мог канчаткова сысці ў нябыт. Але, хутчэй за ўсё, “чароўным кійком” стала тая слава, якую дадаў замку пісьменнік Уладзімір Караткевіч. Ён пабываў тут у 1970-х гадах разам з навукоўцамі з Акадэміі навук, сярод якіх была і яго жонка Валянціна Браніславаўна. І замак атрымаў увагу і шанец на другое жыццё.

Шлях да аднаўлення

Пасля таго візіту ў Гальшаны архітэктараў, гісторыкаў, валанцёраў і знакамітых пісьменнікаў чарговы раз навукоўцы прыехалі ў Гальшаны ў 1980 годзе.

Той час успамінае былы начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры спадар Ігар Чарняўскі, які назіраючы за тым, што ўдалося зрабіць у гальшанскім замку за апошні час, адзначыў: “Падзея (звязаная з аднаўленнем замка ў Гальшанах, — “К”) без перабольшвання знакавая. Не ведаю, як хто, а я яе чакаў крыху больш за сорак гадоў, з дажджлівага і халоднага верасня 1980-га, калі мы разам з калегамі па Навукова-даследчым праектным бюро спецыялізаваных навукова-рэстаўрацыйных вытворчых майстэрняў пры Мінкультуры БССР правялі папярэднія работы на замку… У той час былі толькі мары пра будучыню славутага замка”.

Ад тых мараў і першых захадаў незаўважна прамінула яшчэ 30 гадоў. У 2011 і 2016 гадах замак быў уключаны ў дзяржаўную праграму “Культура Беларусі”.

“За гэты час праведзена вялікая даследчая работа, якая ўключае і новыя археалагічныя даследаванні, выканана расчыстка муроў ад зямлі і смецця, слой якога месцамі дасягаў некалькіх метраў”, — паведаміў пару год таму журналісту “К” Антону Рудаку вядучы метадыст па музеях і ахове гісторыка-культурнай спадчыны Ашмянскага раённага Цэнтра культуры Сяргей Жылік. (гл. “К” № 7, 2019 год). Усяго на правядзенне прац са спецфонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва, дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” за ўвесь перыяд работ на Гальшанскім замку было выдаткавана звыш трох мільёнаў рублёў. Не засталіся ў баку і мясцовыя ўлады. Дзякуючы старшыні райвыканкама Уладзіславу Гершгорыну на стварэнне і абсталяванне візіт-цэнтра каля замка з мясцовага бюджэту было накіравана 200 тысяч рублёў.

У Паўночнай вежы

У дзень урачыстага адкрыцця адноўленай вежы надвор’е ў Гальшанах мянялася штохвілінна. То дождж, то сонца, за гэтым град і моцны вецер. Але за нейкі час да імпрэзы выйшла сонца і суцішыўся пранізлівы вецер. На пляцоўцы ля замкавых муроў было людна. Там-сям пад дрэвамі, ля сцяжынак размесціліся мастакі і ваяры, кабеты ў старажытных строях і народныя майстры. Асаблівую цікавасць выклікаў майстра, які на вачах гледачоў займаўся вырабам цэглы-пальчаткі, і прапаноўваў далучыцца да гэтага чараўніцтва ўсім ахвочым.

Сама ж тэатралізаваная імпрэза пачалася роўна апоўдзень. Бралі ў тэатралізаванай дзеі ўдзел — Ключніца, Замак, князь Сапега, Соф’я Гальшанская, Ягайла, Чорны манах і Белая Панна.

У афіцыйнай частцы мерапрыемства выступілі з прамовамі намеснік старшыні Гарадзенскага абласнога выканаўчага камітэта Віталій Нявера, старшыня Ашмянскага райвыканкама Уладзіслаў Гершгорын, начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Ірына Карповіч. Напрыканцы імпрэзы, дырэктар ТАА “Граніт +” Аляксандр Гугала перадаў сімвалічны ключ ад Паўночнай вежы Гальшанскага замка дырэктару Ашмянскага краязнаўчага музея імя Францішка Багушэвіча Алене Жастковай.

Потым удзельнікаў і гасцей імпрэзы запрасілі для агляду музейнай экспазіцыі, разгорнутай у скляпеннях і на трох паверхах Паўночнай вежы.

Ужо пасля таго, як свята завершылася, неба спахмурнела і нябёсы, што называецца, разверзліся. Паліў моцны халодны дождж. А пасля яго ізноў выйшла сонца.

Напрыканцы хочацца выказаць падзяку супрацоўнікам аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Ашмянскага раённага выканкама, а таксама спецыялістам гісторыка-краязнаўчага музея імя Францішка Багушэвіча за гасцінны прыём.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар