Паміж Беніцай і Смалянамі, або Чаму б не пракласці маршрут для турыстаў?

№ 12 (1503) 20.03.2021 - 27.03.2021 г

Пачынаючы гэты шэраг тэкстаў, нельга было і падумаць, што з цягам часу ён перарасце ў нешта значна большае, чым спачатку планавалася. Бо жаданне прыцягнуць увагу да такой асобы як Тамаш Зан, распавесці пра яго род, сваякоў, розныя цікавыя падзеі і аб’екты прымусіла нямала паездзіць. І адначасова — распачаць і працягваць архіўныя пошукі. Сёння нават тое, што ўжо апублікавана — фактычна гатовы турыстычны маршрут. Нам застаецца дадаць толькі некалькі штрышкоў, без якіх ён не будзе мець лагічнага завяршэння. Сёння мы дадаем да маршруту прастору паміж Маладзечна і Аляхновічамі. А гэта мясціны, дзе Тамаш Зан нарадзіўся.

/i/content/pi/cult/842/17914/011.jpgВельмі прыемна, калі на публікацыі ёсць жывая рэакцыя чытачоў. І “Шлях Тамаша Зана” — не выключэнне. Дзякуючы зваротнай сувязі ўдалося нямала даведацца цікавага пра мясціны, якія трапілі ў публікацыю. Пішуць у асноўным людзі, чые продкі паходзяць з тых месцаў або яны самі калісьці жылі там. Напрыклад, спадар Міхаіл Міхалевіч паведаміў, што ў Маліноўшчыне, блізу парку, яшчэ ў 2019 годзе знаходзіўся адзін з самых старых ябланевых садоў Беларусі (захаваўся з ХІХ стагоддзя!). І што “каб здабыць чаранок “Антонаўкі самых чыстых крывей” садаводы ехалі туды з ўсёй Беларусі і нават усяго былога СССР. І што былі там унікальныя сарты мясцовай селекцыі”. Шкада, не ведаў, а то б абавязкова пашукаў той “Яблыневы сад”, каб праверыць, ці захаваўся ён да нашых дзён.

Дзве “малыя
радзімы”

Наша вандроўка да аднаго з двух месцаў нараджэння Тамаша Зана пачалася ад станцыі Раманы (маладзечанскі напрамак). Чаму аднаго з двух? Бо я маю дзве метрыкі дапаўнення яго хросту. У адной напісана, што гэта адбылося ў Халецкаўшчыне (цяпер ускраіна Аляхновічаў), а ў другой, што ў Мясаце. І адлегласць паміж гэтымі пунктамі немалая. Падаецца, кіламетраў каля дванаццаці. І, што вельмі зручна, ад чыгункі і да Халецкаўшчыны, і да Мясаты ісці не так далёка.

Каб “адчуць” гэтыя мясціны, да першага пункта я запланаваў дабрацца акольным шляхам. Ад Баяраў, праз Пазнякі, садовае таварыства, лес і поле, якое маглі, калі верыць “занаўскай міфалогіі”, абрабляць падданыя Караля Зана, бацькі філамата. Мясціны гэтыя, асабліва калі шмат снегу, неверагодна маляўнічыя. Пагоркі, пагоркі і яшчэ раз пагоркі. А лес, у якім бачыліся толькі рэдкія сляды невядомых звяроў і птушак, папраўдзе выглядаў чароўна.

Як аказалася, фальварак і вёска Халецкаўшчына сёння афіцыйна ўжо не існуюць. Фальварак інтэграваны ў склад вёскі Старынкі, а вёска Халецкаўшчына “з’едзена” мястэчкам Аляхновічы. І сёння там — Гарадоцкая вуліца. Але, калі глядзець з поля, якое дамінуе над наваколлем, апошні з дамоў, у атачэнні старых ялінаў, з заснежаным вальмавым дахам, здалля выглядае так, як колішнія сядзібкі незаможных шляхціцаў. Ёсць непадалёк і прыхаваны ў густым хмызняку ставок, які калісьці мог быць пры фальварку. Побач з ім торны гасцінец, які ад Аляхновічаў вядзе ў вёску Гарадок. Пры дарозе, акурат паміж Старынкамі і мяжой Аляхновічаў, на адхоне, ляжыць валун, які можна было б аздобіць згадкай пра род Занаў, маўляў, гэтыя мясціны — адно з верагодных месцаў нараджэння Тамаша.

Наступны пункт за Аляхновічамі, куды неабходна было патрапіць — вёска Плябань (станцыя Ласі). Хоць яна і не звязана з Занамі, але абмінуць яе было нельга. Плябань вядома, па-першае, сваёй царквой у гонар Успення Прасвятой Багародзіцы. Будавалася яна (з 1800 года) не як царква. Гэта былы касцёл, які пасля паўстання 1863 года быў зачынены. Пазней перададзены РПЦ, перароблены на царкву (1872 год) і ў наш час працягвае сваю дзейнасць як царква. Мае храм свой адметны стыль, бо “з’яўляецца “помнікам архітэктуры пераходнага стылю ад барока да класіцызму”. Побач з касцёлам стаіць дзвюхярусная (камень-дрэва) званіца. Блізу касцёла — драўляны будынак былой плябані, які сёння выконвае функцыю літаратурна-гістарычнага музея.

Фактычна насупраць ад яго, праз чыгунку, на старых могілках ёсць магіла паўстанцаў, якія загінулі ля вёскі Свечкі 23 сакавіка 1863 года. Помнік мае ахоўны статус і даглядаецца.

Ад Плябані да Краснага можна без праблем дайсці пешшу. Ісці недалёка і ў Краснае, у турыстычных мэтах, лепей заходзіць з усходняга боку мястэчка.

Краснае.
Тышынскія.
Апошні паўстанец

Мястэчка гэта вельмі старажытнае. Згадваецца ў другой палове XIV стагоддзя як уласнасць вялікалітоўскіх князёў. Праўда, як і Лебедзева, пра якое было ў папярэдняй частцы, Краснае мае значна больш глыбокія карані, чым зафіксавалі “архівісты”. На ўсходнім ускрайку мястэчка (а “наш шлях” акурат праходзіць побач) ёсць старажытнае гарадзішча, якое мясцовыя жыхары называюць “Замак”. Месціцца яно на беразе рачулкі Уша, якая змяіцца ад Плябані праз Краснае і далей на захад. На гарадзішчы не так даўно нехта пакапаўся, бо з боку ракі з’явілася немалая яміна. Як і ў Плябані, першы касцёл у Красным пабудавалі каля 1500 года.

Старыя каталіцкія могілкі таксама знаходзяцца з усходняга боку мястэчка. Арыенцірам можа служыць вежа сотавай сувязі. Першае, што кідаецца ў вочы, гэта “мадэрновая” крыпта роду Тышынскіх, якая размешчана на самым высокім месцы пагорка. Зразумела, што крыпта даўно разрабавана, але не завалена смеццем. Як, на жаль, часам бывае. Захавалася некалькі надмагільных пліт, дзве з якіх калісьці мацаваліся на самой крыпце, якая здалля нагадвае бетонны дак. Пра Тышынскіх неабходна дадаць наступнае. Доўгі час лічылася (без спасылак на крыніцы), што менавіта ў сядзібе гэтага роду ў Мясаце, у 1796 годзе, прыйшоў на свет Тамаш Зан. Але ёсць звесткі, што Мясата, якая напачатку XIX стагоддзя належала Агінскім, потым была перададзена ў 1813 годзе Эразму Тышынскаму. А юрыдычна перадачу аформілі ў 1816 годзе. І ад таго часу да ХХ стагоддзя яна заставалася ва ўласнасці гэтага роду. Таму, каб звязаць Тышынскіх і Занаў, патрэбны больш важкія аргументы. А вось сувязь Тышынскіх з мастаком Юзафам Аляшкевічам ёсць, і вельмі трывалая. Справа ў тым, што Аляшкевіч, калі і не бываў у Мясаце (а гэта цалкам выключаць нельга), то выдатна ведаў гаспадароў маёнтка. Аб чым пакінуў успамін — партрэт сям’і Тышынскіх, які сёння захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

Блізу крыпты месціцца сціплы помнік, аточаны пахіленымі слупкамі, якія злучаюцца металёвымі ланцугамі. Гэта цудам ацалелая магіла “апошняга паўстанца 1863 года” Ігната Абрамовіча, які пражыў доўгае жыццё і памёр вельмі старым: амаль 110 гадоў. Было бачна, што на магіле яго даўно ніхто не быў, бо яна зарасла палынам. Здзівіла мяне і вялікая колькасць надмагілляў на беларускай мове. Бо сустрэць нават на вясковых могілках надпіс на роднай мове ўжо лічыцца амаль рэдкасцю.

Дарэчы, крыпта Тышынскіх і магіла Ігната Абрамовіча лічацца мясцовымі адметнасцямі, аб чым “паведамляе” інфармацыйны стэнд, які ўсталяваны ў цэнтры мястэчка. Праўда, усталявалі яго так нязручна, што ад ходніка да яго даволі далёка, і не кожны наважыцца таптаць газон (хай сабе і заснежаны), каб прачытаць пра гісторыю Краснага.

Красненскія бажніцы

Іх у мястэчку дзве. Калі ісці з боку могілак у цэнтр, то спярша не мінуць царквы ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Пабудавалі яе ў псеўдарускім стылі ў 1889 годзе. Храм даволі тыповы. Шукаючы хоць якую-небудзь вонкавую адметнасць, як, напрыклад, раслінныя ўзоры на мурах падобнай царквы ў Маркава, я абышоў яе па перыметру. Але, дарэмна.

Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі знаходзіцца ў цэнтры, насупраць станцыі. Пабудавалі яго ў 1912 — 1914 гадах на высокім пагорку. Ды і сам ён даволі высокі, таму ў ясны дзень можа служыць выдатным арыенцірам для заблукаўшых пад Красным турыстычных душ.

Касцёл быў зачынены, таму ўнутр я не патрапіў. Паназіраўшы за спаборніцтвам мясцовай дзятвы, якая выкарыстоўвала стромкі схіл пагорка як гарналыжную трасу, я рушыў да станцыі Уша (у Красным). Дарэчы, дзятва паставілася да мяне з павагай. Бо як толькі я дастаў камеру, каб зрабіць некалькі здымкаў касцёла “без масоўкі”, спартсмены “па-партызанску” заляглі ў снег. Ды яшчэ і запыталіся, ці не перашкаджаюць яны. Што ж, дзякуй вялікі!

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар