Паміж Беніцай і Смалянамі, або Чаму б не пракласці маршрут для турыстаў?

№ 11 (1502) 13.03.2021 - 20.03.2021 г

Чым сёння вядома вёска Маліноўшчына, якая хаваецца ў палях і лясах пад Маладзечна? Адны адкажуць, што заводам “Аквадзіў”, другія згадаюць, што там ёсць “егіпецкая піраміда” (капліца-пахавальня Святарэцкіх). Трэція скажуць, што ў гэтым маёнтку нарадзілася Брыгіда Святарэцкая, жонка Тамаша Зана. Бываў тут і сам Тамаш Зан. Менавіта па гэтай прычыне абмінуць Маліноўшчыну, ствараючы турыстычны маршрут “Шлях Тамаша Зана”, проста нельга. У Маліноўшчыну можна патрапіць і цывілізавана, на аўтобусе, але сапраўдныя вандроўнікі не шукаюць лёгкіх шляхоў.

/i/content/pi/cult/841/17902/23.jpgАд прашчураў спакон вякоў

У ясны марозны дзень Маліноўшчыну відаць здалёк. Перш за ўсё кідаліся ў вочы завадскія будынкі. Як флатылія сучасных гандлёвых караблёў, трывалых, але безаблічных, несліся яны па хвалях маліноўскіх пагоркаў. Але, раптоўна, паміж імі бліснуў у промнях вечаровага сонца белы трохкутны ветразь. Калі б я не ведаў, што ”ён” — капліца-пахавальня роду Святарэцкіх, то пэўна б падумаў, што гэта маўклівы сведка мінулых войнаў. Аналогія ёсць. У Мінску, блізу гатэля “Планета”, і да гэтага часу стаіць жалезабетонны нямецкі дак, конус якога здалля выглядае як белы палатняны трохкутнік.

Пакуль мы набліжаемся да Маліноўшчыны, самы час распавесці яе гісторыю. Спрадвеку гэты маёнтак належаў да Лебедзеўскай воласці і разам з ёй змяняў гаспадароў. Гальшанскія, Радзівілы… вось няпоўны спіс былых уласнікаў. Адносна таго, калі Святарэцкія атабарыліся ў Маліноўшчыне, думкі даследчыкаў “разбягаюцца”. Або гэта адбылося ў 1702 годзе, калі Клеменс Святарэцкі герба Трубы набыў яе ў Радзівілаў. А ў 1826 годзе Станіслаў, унук Клеменса, дакупіў да яе Высакоўшчыну і Ушу (Раман Аўтаназі, 1993 год). Або “ў 1828 годзе, калі маёнтак набыў Станіслаў Святарэцкі” (Slownik geograficzny Krolestwa Polskiego i innych krajow slowianskich, 1885 год). Прафесар Анатоль Федарук трымаецца першай версіі, але сцвярджае, што Высакоўшчыну і Ушу Святарэцкія набылі ў 1828 годзе (Старинные усадьбы Минского края, 2000 год). А вось выдатны знаўца гэтых мясцін Чэслаў Янкоўскі падаваў гісторыю так — Маліноўшчына, адарваная ад Лебедзева, была набыта шамбелянам Юзафам-Якубам Святарэцкім, бацькам Станіслава ў князя Дамініка Радзівіла (Powiat oszmianski, 1897 год). І, падаецца, што з усіх версій пераможцам выходзіць гэтая. То-бок, Маліноўшчына перайшла да Святарэцкіх на зломе XVIII і XIX стагоддзяў і належала ім да 1939 года. Дарэчы, шамбелян і заснавальнік маліноўскай галіны роду Юзаф-Якуб памёр у Маліноўшчыне 16 красавіка 1830 года (71 год) і быў пахаваны ў Лебедзева.

Маліноўшчына вядома яшчэ і як радзіма шведскага мовазнаўцы-славіста Юзафа Трыпуцькі (1910 — 1983). У сваіх працах “Мова Уладзіслава Сыракомлі” (1955 — 1957), “Пра мову ўспамінаў Францішка Міцкевіча” (1970) “адзначаў беларусізмы аўтараў, спасылаўся на працы Яўхіма Карскага і іншых беларускіх мовазнаўцаў. Аўтар працы пра славянскія, у т.л. беларускія прыслоўі, беларускія рэаліі ў творчасці Элізы Арэшкі”.

Блукання вакол ды каля

/i/content/pi/cult/841/17902/24.jpgБудынак старой сядзібы пачатку ХІХ стагоддзя, на вялікі жаль, вайны не перажыў. Яго выгляд вядомы нам з некалькіх фотаздымкаў, зробленых да 1939 года. Сядзіба была драўляная, на высокім каменным падмурку. Мела ганак з дзвюма парамі калон. Дах быў крыты гонтам. Іншымі словамі, тыпавы праект. Такой была старая сядзіба Рэйтанаў у Грушаўцы. Першая сусветная вайна, якую і на беларускіх землях вялі паміж сабой Расійская імперыя і Германія, значна скараціла нерухомую і рухомую маёмасць Святарэцкіх. Самае каштоўнае было вывезена ў Вятку, дзе жыла іншая галіна роду, і “адтуль ужо не вярнулася”. У міжваенны час тое, што мелася ў сядзібе з мэблі або з твораў мастацтва, не ішло ўжо ні ў якае параўнанне з тымі шчаслівымі даваеннымі часамі. У лепшыя дні двор атачала вялікая колькасць гаспадарчых пабудоў — бровар, лядоўня, спіжарня, паравы млын, фабрыкі дрожжаў і крухмаля, кухня (якую, часам, атаясамляюць з афіцыняй), дом для працоўных і гэтак далей. Меліся немалы агарод і велізарны парк, рэшткі якога (15 000 м.кв.) ад 2008 года знаходзяцца пад абаронай. Аб чым сведчыць інфармацыйны стэнд — “Батанічны помнік прыроды мясцовага значэння “Парк Маліноўшчына”.

Сёння аб былым моцным гаспадарчым цэнтры Святарэцкіх напамінаў небагата. На падыходзе да завадской прахадной, на беразе става красуюць старая афіцына і дом працоўных. Які, як і сто гадоў таму, выконвае сваю функцыю. Афіцына ж, у якой дзе-нідзе новыя дзверы і вокны, закансервавана да лепшых часоў. Ніякай ахоўнай шыльды (а будынак гэты адметны, а да таго ж сярэдзіны ХІХ стагоддзя), я не заўважыў.Толькі інвентарны нумар, які намаляваны на франтоне.

Акрамя гэтых гаспадарчых будынкаў, якія ўдалося ўбачыць жыўцом, да нядаўняга часу існавалі яшчэ два (па фотаздымках у Сеціве, адзін з іх без даху і часткова зруйнаваны). Але мне яны не сустрэліся. Часу ж на адхіленні ад маршруту ўжо не было.

Піраміда Святарэцкіх

Важнай часткай вандроўкі быў агляд капліцы, звонку і ўнутры. Але і яна, і будынак былога бровара, і рэшткі прысадаў з лістоўніцы сёння знаходзяцца на тэрыторыі лікёра-гарэлачнага завода “Аквадзіў”. З гэтай прычыны патрапіць на тэрыторыю “аб’екта”, асабліва ў выхадны дзень, можна толькі па папярэдняй дамоўленасці з кіраўніцтвам. Таму мой візіт у Маліноўшчыну рыхтаваўся ўсёй рэдакцыяй “К”. Маючы на руках неабходныя паперы і згоду дырэкцыі завода на візіт “культуртрэгераў”, можна было смела рушыць наперад.

На прахадной завода “Аквадзіў” мяне сустрэлі гасцінна. Спраўдзіўшы, што я гэта “я”, мяне папрасілі прайсці тэмпературны кантроль. Пасля чаго, пад наглядам спадарыні Вольгі Кабыльскай, я накіраваўся да капліцы. Незадоўга да таго прайшлі добрыя снегапады і капліцу, каб прачытаць і зафіксваць надпісы на памятных плітах, прыйшлося літаральна абкапываць па перыметру.

Як пісаў даследчык Раман Аўтаназі, паводле сямейнага падання капліца была пабудавана ў 1820 — 1825 гадах італьянскімі архітэктарамі, якія патрапілі на нашы землі разам з Напалеонам. Праўда, як сведчаць метрыкі смерці Станіслава Святарэцкага 1838 года і некаторых ягоных сваякоў, памерлых да гэтай даты, усе яны былі пахаваны на могілках у Лебедзева. Гісторык архітэктуры Анатоль Кулагін пабудову капліцы аднёс да 1898 года. (Каталіцкія храмы Беларусі, 2008 год). Але гэта загадка вырашылася, дзякуючы фотаздымку франтона капліцы, дасланаму мне спадарыняй Таццянай Царук. На трох плітках, умураваных у франтон капліцы (над уваходам), маецца тэкст, які сведчыць, што яна была пабудавана ў 1840 годзе Юстынай Святарэцкай (цешча Тамаша Зана), як родавая пахавальня. Афтаназі сцвярджаў, што ў капліцы (на ніжнім, падземным ярусе) пахавана каля дваццаці прадстаўнікоў роду, але на што ён абапіраўся, невядома. Колькасць пліт з імёнамі (дзесяць, некаторыя на дзве асобы), умураваных па перыметры, не могуць быць доказам. Напрыклад, дакладна невядома, ці былі перанесены ў капліцу з могілак парэшткі Якуба і Станіслава. А Міхал, сын Станіслава, чыя пліта з датай нараджэння ўмуравана ў падмурак капліцы, быў пахаваны ў іншых месцах. Прычым, двойчы. Аб чым пазней.

Падаецца, капліца заслугоўвае больш пільнай увагі, больш глыбокага даследавання. А таксама ахоўнага статусу. Бо на сённяшні дзень ніякай шыльды яна не мае.

З цікавага. У 2015 годзе, як ўдалося даведацца, нехта з Мінска зрабіў вонкавы і ўнутраны рамонт гэтай капліцы, якая да таго часу выглядала не надта прэзентабельна. Зверху, як і ў ранейшыя часы, быў пастаўлены крыж.

Увогуле, пірамідальных капліц такога памеру ў Беларусі толькі дзве. Больш старая (самы пачатак XIX стагоддзя) знаходзіцца на могілках ва Уздзе. Пабудаваная як капліца-пахавальня роду Завішаў. Некалькі гадоў таму я бачыў, каля капліцы быў усталяваны інфармацыйны стэнд (вось бы так і ў Маліноўшчыне!) і вяліся рэстаўрацыйныя працы. Дарэчы, паміж родамі Завішаў і Святарэцкіх былі сваяцкія сувязі, таму не выключана, што і праект капліцы перайшоў “у спадчыну” да апошніх.

Завяршаючы каплічную эпапею, трэба сказаць, што ёй, у адрозненне ад “завішанкі” -двайняшкі, пашанцавала. Яна знаходзіцца на тэрыторыі завода, пад наглядам. Каля капліцы, якая аточана векавымі соснамі, усталявана вонкавая падсветка. Па дамоўленасці з кіраўніцтвам завода супрацоўнікі могуць правесці для турыстаў невялічкія экскурсіі (толькі ў буднія дні).

Прысады з лістоўніцы

Не магу сказаць, што я аб’ездзіў усю Беларусь і дасканала ведаю кожны яе куток. Але алею з лістоўніц я да гэтага часу бачыў толькі на радзіме Тадэвуша Рэйтана, у Грушаўцы. Праўда, дрэў у прысадах каля грушаўскай капліцы-пахавальні значна менш, але яны выглядаюць як сапраўдныя волаты, у параўнанні з больш шматлікімі маліноўскімі “танклявымі юнакамі”. Хаця розніца ў гадах паміж імі, думаецца, зусім невялікая. Дык вось, завадскі плот, як нож, падзяліў на дзве часткі прысады, якія пачынаюцца блізу капліцы і цягнуцца добрую сотню метраў у бок чыгункі (вядзе да станцыі Пруды).

Ужо за завадскім плотам, каля прысадаў, месціцца магіла паўстанца 1863 года Міхала Святарэцкага (1837 — 1891) (сын Станіслава). Згодна з яго волей, быў ён пахаваны ў лесе на глушцовым таку блізу фальварка Высакоўшчына. Але, калі фальварак быў прададзены, нашчадкі Міхала ў 1912 годзе перапахавалі яго рэшткі блізу сядзібы, над рачулкай. На яго магіле ўсталявалі высокі абеліск, які захаваўся да нашых часоў. Прайсці да яго можна ўздоўж заводскай агароджы, калі павярнуць у прахадной у правы бок.

Заразумела, што і пра маёнтак, і пра род Святарэцкіх можна і варта распавесці значна больш. Але ў іншы час.

Род Святарэцкіх, са смерцю апошняга ўладальніка Маліноўшчыны Жыгмунта (унука Міхала) не выгас. Нашчадкі шамбеляна Якуба, якія жывуць за акіянам, часам наведваюцца на радзіму.

Напрыканцы хочацца выказаць падзяку супрацоўнікам Нацыянальнага гістарычнага архіва Вользе Іўчанцы і Юрыю Снапкоўскаму за гістарычную кансультацыю.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар