Дабратворны прыклад

№ 2 (1494) 08.01.2021 - 15.01.2021 г

Прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” сёлета быў узнагароджаны протаіерэй Алег Абрамовіч, святар Свята-Траецкай царквы аграгарадка Салтанаўшчына Нясвіжскага благачыння Слуцкай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Святар быў адзначаны высокай узнагародай за вялікі асабісты ўклад ва ўмацаванне духоўных каштоўнасцяў сярод дзяцей і моладзі, арганізацыю дабрачыннай дзейнасці.

/i/content/pi/cult/832/17738/006_opt.jpegПа словах протаіерэя Алега Абрамовіча, у маленькі сельскі прыход, у гонар Найсвяцейшай Тройцы, ён прыйшоў настаяцелем у 1997 годзе. Доўгія гады царква была прыпісаная да суседніх храмаў, адкуль прыязджалі бацюшкі для правядзення богаслужэнняў. Людзі не так часта мелі магчымасць кантактаваць са святаром і таму яны звярталіся ў Мінскае епархіяльнае ўпраўленне з просьбай даць ім свайго святара.

У гады ганенняў на Царкву прыход быў зачынены, і калі яго адрадзілі зноў, то ні адзін са святароў не наважваўся выракчы сябе на шматгадовую працу па рашэнні неадкладных праблем. Людзей на прыходзе жыло не шмат, спонсарскай дапамогі было чакаць не ад каго...

На той момант Мінскую епархію ўзначальваў Патрыяршы Экзарх Мітрапаліт Філарэт, які вырашае высвеціць у святары для гэтага прыхода маладога чалавека, але які мае ўжо пэўны жыццёвы досвед.

— Працаваў я, — кажа протаіерэй Алег Абрамовіч, — у мясцовым аддзяленні АСБ “Беларусбанк” старшым інкасатарам, быў ужо жанаты і меў дачку, жыў у Нясвіжы. Да гэтага часу я прайшоў добрую школу жыцця: два гады службы ў выведцы ВДВ, асвоіў некалькі спецыяльнасцяў, працаваў і на пасадзе кіраўніка. Працы не баяўся ніякай, але цяжка было так, што некалькі разоў намагаўся прасіцца пакінуць пасаду настаяцеля гэтай царквы. Сорамна было не справіцца з тым, што даручылі, і я стараўся з апошніх сіл. І Бог, бачачы мае патугі, явіў на мне сваю ласку.

Перад маладым святаром быў пастаўлены шэраг задач. Галоўнае — арганізаваць царкоўнае жыццё. Тэрмінова трэба было стварыць хор. Па магчымасці, неабходна было вырашыць пытанне рамонту і рэканструкцыі старадаўняй Салтанаўшчынскай царквы, якая знаходзілася ў аварыйным стане, пры гэтым набажэнствы павінны былі весціся рэгулярна. Прыхадская тэрыторыя таксама пакідала жадаць лепшага..

Што ж было зроблена з таго часу руплівасцю святара?

Над старадаўнім храмам узнесліся купалы, была праведзена рэканструкцыя і рамонт. Прыведзена ў належны выгляд прыхадская тэрыторыя, на якой пабудаваны гарадок з некалькіх хатак. Штогод тут праводзяцца злёты і іншыя мерапрыемствы па праграме “Святая Русь”, якая была створана для аздараўлення, выхавання і рэабілітацыі як маладога, так і старэйшага пакалення. Вядзецца праца з інвалідамі і дзецьмі з дзіцячых дамоў і прытулкаў. Удзельнікамі гэтай праграмы сталі прадстаўнікі не толькі з усіх куткоў нашай краіны, але і з Расіі, Грэцыі, Германіі, Украіны і Грузіі.

За гэтыя гады, пры правядзенні розных мерапрыемстваў сацыяльнай і духоўна-асветніцкай скіраванасці, на дадзенай тэрыторыі ўтварыўся добры калектыў аднадумцаў, намаганнямі якога Свята-Траецкі прыход аграгарадка Салтанаўшчына стаў адным з актыўных прыходаў. Тут было створана першае за ўсю гісторыю Нясвіжчыны Праваслаўнае брацтва ў гонар Праабражэння Гасподняга, кіраўніком і духоўнікам якога з’яўляецца протаіерэй Алег Абрамовіч.

Брацтва аб’ядноўвае валанцёраў, якія вядуць бескарыслівую сацыяльную, дабрачынную, асветніцкую, выхаваўчую, адукацыйную, аздараўленчую і рэабілітацыйную працу сярод моладзі і падрастаючага пакалення. Таксама надаецца неабходная ўвага праблемам інвалідаў, ахвяр гвалту і бежанцаў на тэрыторыі Нясвіжскага раёна і за яго межамі. Алег Абрамовіч адзначае той факт, што пры гэтым члены брацтва выкарыстоўваюць свае матэрыяльныя сродкі і асабісты транспарт, чым падаюць дабратворны прыклад навакольным. Некаторыя прадстаўнікі брацтва самі маюць цялесныя хваробы, інваліднасць і з’яўляюцца людзьмі сярэдняга дастатку.

Створаны імі ў Нясвіжы цэнтр сацыяльнай дапамогі насельніцтву Праабражэнскага брацтва ў маштабах Нясвіжчыны і суседніх раёнаў аказвае разнастайную дапамогу пэўным слаям насельніцтва, асобам БОМЖ, уцекачам, а таксама тым, хто прыбыў з месцаў пазбаўлення волі.

— Думаю, — дадае протаіерэй Алег Абрамовіч, — дадзеная ўзнагарода — знак увагі да працы нашага згуртаванага калектыву.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар