Сядзіба ў Грушаўцы адраджаецца

№ 51 (1491) 19.12.2020 - 25.12.2020 г

Заканчэнне. Пачатак у №№ 49 — 50
Згодна са шматгадовай традыцыяй, напрыканцы кастрычніка або ў першай палове лістапада мы ладзім апошнюю ў “сезоне” вандроўку ў Грушаўку. Прымеркавана яна да дня нараджэння Тадэвуша Рэйтана (каля 28 кастрычніка). Пачынаецца маршрут з Ляхавічаў, дзе на старых могілках пад лістоўніцай знайшлі апошні спачын малодшыя браты Тадэвуша, пляменнікі, а таксама бацькі апошняга прадстаўніка роду Юзафа. А завяршаецца — у родавым котлішчы Рэйтанаў, на падворку сядзібы. Гэтым разам вандроўка была перанесена на канец лістапада. Сёлета, цягам вясны — лета, мы ўжо шмат разоў наведваліся ў Грушаўку, каб назіраць за павольным ходам рэстаўрацыйных прац. Таму хацелася ўбачыць нейкія кардынальныя змены. На вялікі жаль, зладзіць гэтым годам летнік і фестываль “ДАХ” у Грушаўцы, па пэўных прычынах, не ўдалося. Замест гэтага спярша ў Пашкоўцах (вёсцы, у мінулым шырокавядомай сваімі музыкантамі), а потым у ляхавіцкай раённай бібліятэцы імя Якуба Коласа намі былі праведзены мастацкія выставы, прымеркаваныя да 280-годдзя Тадэвуша Рэйтана. За што асобная падзяка харэографу Алене Прохаравай і дырэкцыі бібліятэкі. Нам жа застаецца толькі распавесці аб падзеях самага апошняга часу.

/i/content/pi/cult/829/17709/22.jpgШЛЯХ ДА КАПЛІЦЫ

Ад Ляхавічаў да Грушаўкі недалёка. Крыху болей трох кіламетраў добрай асфальтавай дарогі, пракладзенай акурат да пачатку рэстаўрацыйных прац. Але агляд мясцовых цікавостак пачынаецца, зазвычай, не з сядзібы. Не даязджаючы некалькіх сотняў метраў да вёскі Грушаўка, з правага боку, на краю лесу стаіць капліца-пахавальня роду Рэйтанаў. Пабудавалі яе паміж 1911 і 1914 гадамі, да пачатку Першай сусветнай вайны. Месца, куды па задумцы апошняга прадстаўніка роду Юзафа Рэйтана павінны былі быць перанесены астанкі ўсіх Рэйтанаў (у тым ліку і з ляхавіцкіх могілак), было абрана загадзя. Ён жа, магчыма, замовіў і праект. Самога Юзафа спярша пахавалі на новых каталіцкіх могілках у Ляхавічах, але потым, калі капліца была завершана, перапахавалі ў Грушаўцы. Згодна з задумкай аўтараў праекта ад капліцы да сядзібы вяла палявая дарога, якую, для зручнасці працы сельскагаспадарчай тэхнікі, даўно запахалі. Усё, што засталося ад тых часоў — алея векавых лістоўніц. Пачынаецца яна ад брамы капліцы і сёння вядзе далей, у поле, дзе ў залежнасці ад сезона, уздымаюцца жыта або кукуруза. Можа калі-небудзь, пасля аднаўлення сядзібнага комплексу, справа дойдзе і да той запаханай палявой дарогі? А пакуль можна было б пракласці нешырокую сцяжынку з вонкавага боку алеі, каб турысты не ўрываліся ў капліцу праз праломы ў агароджы, а падыходзілі да яе па алеі, з адпаведнымі думкамі, як і меркавалася калісьці. Сёлета алея выглядае даволі прывабна. Праўда нам спатрэбілася правесці некалькі суботнікаў, каб прыбраць густыя парасці ляшчыны і хмызнякоў, якія літаральна душылі лістоўніцы ў сваіх абдымках. Падчас адной такой выправы, поруч з прадстаўнікамі Арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана і журналістамі газеты “Культура”, працаваў і “вечны вандроўнік” Юрый Жыгамонт. Колькі гадоў таму паставілі мы ля капліцы і інфармацыйны шчыт.

Як за год змянілася капліца і што зроблена рэстаўратарамі?

Па-першае, праведзены працы па гідраізаляцыі падмуркаў. Па-другое, умацаваны скляпенні, якія знаходзіліся ў вельмі непрыглядным стане. Летам можна было пабачыць і драўляныя канструкцыі страхі. Праўда, на момант візіту іх яшчэ не пакрывалі бляхай (часова), як было прадугледжана праектам. З’явіліся і краткі на ўваходзе ў капліцу. Тое, што будаўнічыя лясы ад капліцы не прыбраны цалкам, дае надзею, што працы на даху будуць працягнуты.

СЯДЗІБНЫЯ МЕТАМАРФОЗЫ

/i/content/pi/cult/829/17709/23.jpgЗ красавіка, калі ў Грушаўцы пачаліся працы, сядзіба змянілася непазнавальна. Тых, хто не занадта глыбока паглыбляецца ў гісторыю сядзібы, два здымкі “да” і “падчас” рэстаўрацыі часам уганяюць ў роспач. Але, хто добра знаёмы з аб’ектам, ведае там кожную трэску, настроены больш аптымістычна. Бо, відавочна, сядзіба патрабавала неадкладнай рэстаўрацыі. Інакш яе мог напаткаць лёс падобнай сядзібы ў Лошыцы, у якой старую драўляную частку цалкам замянілі навабудам.

Як і ў выпадку з капліцай, на сядзібе спярша ўмацавалі падмуркі і зрабілі іх гідраізаляцыю. Бо ў некаторых месцах яны ўжо пачалі абвальвацца вялікімі пластамі. Старая вадаадводная сістэма не рамантавалася дзесяцігоддзямі, і сядзіба пасля моцнага дажджу літаральна стаяла “па калена” ў вадзе. Непазнавальна змяніліся і падвалы. Раней, без дадатковага рэквізіту, у іх можна было здымаць “стужку жахаў”. Сёння там чыста, суха, светла. Устаўлены вокны. Некаторыя пакоі, згодна з праектам прыстасавання, непазнавальна змяніліся. У іх з’явіліся цагляныя перагародкі, а таксама памяшканні будучага санвузла. Часткі аўтэнтычнай падлогі ў калідоры (пару слаёў цэглы) ужо няма. Замест яе бетон. Будзем спадзявацца, што другая частка застанецца. Згодна з праектам у гэтых шматлікіх пакойчыках у бліжэйшай перспектыве мусіць запрацаваць музейная экспазіцыя, “атабарыцца” мастацкая школа, павінны з’явіцца памяшканні для правядзення розных імпрэзаў.

Што ж датычыцца драўлянай часткі сядзібы, то працы, як нам падалося, яшчэ нямала, хаця і зроблена вельмі шмат. Пачнем са страхі. Большая яе частка ўжо пакрыта “дранкай” (пры Рэйтанах была крыта гонтай, а потым бляхай). Бадзёра вытыркаюцца восем новых цагляных комінаў. На светлавых вокнах на страсе з’явіліся арыгінальныя накрыўкі. Сцены сядзібы, ашалёваныя дошкамі, з-за прапіткі пакуль маюць прывабны шэры, свінцовы колер. Аднаўляюцца паціху драўляныя элементы аздаблення. Праўда, не ва ўсе вокны былі ўстаўлены рамы і толькі ў некаторых з іх ужо ўстаўлена шкло. На месцы бакавых ганкаў пакуль толькі апорныя слупкі з цэглы. А вось на месцы ганкаў з фасаднага (з боку парку) і тыльнага (куды звычайна прыязжаюць турысты) бакоў сядзібы нас сустрэлі “старыя знаёмыя” — раскапаныя яміны. З іх, нібы апоры старога свайнага маста, пазіралі на нас падмуркі былых ганкаў (а магчыма і старой сядзібы). На думку археолага Аляксандра Башкова, найстарэйшы з іх мог нарадзіцца яшчэ ў XVII стагоддзі. Па праекце да дня завяршэння прац першага этапа (31 студзеня 2021 года) на гэтых падмурках мусяць быць адбудаваны новыя ганкі. Ці трэба было б іх, пакуль працы прыпынены, нейкім чынам закансерваваць (прыкрыць ад дажджоў і снега), пытанне рытарычнае.

КАЛІ БУДЗЕ ПРАЦЯГ

Як вядома, працы ў Грушаўцы вядуцца ў тым ліку і на замежныя сродкі. Сумма гранта складае 1 327 000 еўра, з якіх 140 000 еўра — ўнёсак беларускага боку. Праектная дакументацыя была падрыхтавана спецыялістамі “Брэстрэстаўрацыі”, а генеральным падрадчыкам праекта стаў “Будтрэст № 7” (Мінск). Улетку, у разгар прац, на аб’ектах (капліца і сядзіба) працавалі дзве брыгады будаўнікоў, каля 20 чалавек. Раз-пораз далучаліся да іх і мясцовыя жыхары.

Каб даведацца аб навінах грушаўскай рэстаўрацыі, мы звязаліся з Нінай Прыхач, начальнікам аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Ляхавіцкага райвыканкама, куратарам праекта з боку мясцовых уладаў.

Вынікае, што на сённяшні момант першы транш гранта ЕС (415 000 еўра), які быў атрыманы ў чэрвені 2019-га, цалкам засвоены. Другі, які мусіў паступіць пазней, пакуль да адрасата не дайшоў. З-за гэтага частка прац на пэўны тэрмін была згорнута. І праект, які ў снежні мог завяршыцца ўрачыстым мерапрыемствам, пакуль далёкі ад завяршэння.

Частку прац будаўнікі выканалі “авансам”. Такім чынам, адсутнасць надзейнага даху на капліцы, адсутнасць ганкаў і шмат якая іншая “адсутнасць” знайшла сваё лагічнае тлумачэнне.

Аб навінах грушаўскай археалогіі мы вырашылі пацікавіцца ў археолага Аляксандра Башкова, дацэнта кафедры гісторыі славянскіх народаў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна», кандыдата гістарычных навук.

У Грушаўцы археолагі і валанцёры працавалі ў маі — чэрвені. Прычым гэта не былі паўнавартасныя археалагічныя працы. Бо археолагі ажыццяўлялі нагляд за правядзеннем земляных прац пры ўмацаванні падмуркаў сядзібы. Тым не менш, колькасць знойдзеных “артэфактаў” XVII — ХХ стагоддзяў больш за дзвесце адзінак. У гэтым спісе манеты і кавалкі паліванай кафлі, старыя газеты, фотаздымкі і нават урыўкі прыватных лістоў першай паловы ХХ стагоддзя. Цікава, што ў спісе знаходак манета “барацінка” 1666 года (гэта час, калі ў Грушаўцы пасля “невядомай вайны” 1654 — 1667 гадоў вось-вось павінен быў з’явіцца новы гаспадар — слонімскі земскі суддзя Стафан Бруханскі — аўт.). Яшчэ адна манета, праўда, маскоўская “деньга”, мае дату 1734 год (а гэта час, калі ў Грушаўцы магла распачацца будоўля новай сядзібы — аўт.). Знаходкі, якіх сапраўды нямала, раней ці пазней плануецца выставіць у музейчыку пры сядзібе.

Але галоўным “адкрыццём” спадар Башкоў назваў падмуркі старой сядзібы, якія выпадкова былі знойдзены будаўнікамі падчас расчысткі вынасных ганкаў. Пазней знаходка была даследавана археолагамі. Аказалася, што пад падмуркамі канца ХІХ стагоддзя, на глыбіні каля метра ад паверхні, залягаюць падмуркі ХVII — XVIII стагоддзяў. Пры будаўніцтве Юзафам Рэйтанам новага палацыка старыя падмуркі часткова прыбралі, а часткова накрылі новымі. Наконт варыянтаў захавання падмуркаў (кансервацыі) Аляксандр Башкоў выказаўся так: “Трэба засыпаць пяском або накрыць шчытамі”.

Тут мне ізноў узгадалася “Мураванка”, флігель праваруч ад сядзібы. Напачатку 2000-х ён быў, калі так можна сказаць, у ідэальным стане. Пакуль аднойчы, падчас навальніцы, паваленым дрэвам не было раструшчана шыфернае пакрыццё страхі. Цяпер каб аднавіць бакавую прыбудову (яна некалькі гадоў стаяла без прыкрыцця), яе прыйдзецца цалкам знесці. Ды і на самой “Мураванцы” будзе нямала працы.

Але, як бы ні было, Грушаўка адраджаецца. І гэта добры знак.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар