Нягледзячы на магчымую другую хвалю пандэміі, што прагназуецца медыкамі, дырэкцыя “Лістапада” спадзяецца, што адна з найпрэстыжных культурных падзей Беларусі ўсё ж адбудзецца ў афлайн фармаце. Яшчэ ў сакавіку быў аб’яўлены старт прыёму заявак ад кінематаграфістаў, і, нагадаем, што падаць сваю работу ў рамках шасці конкурсных праграм можна яшчэ да 31 жніўня.
Колькі інфармацыі па фарматам конкурсаў.
Асноўны конкурс ігравога кіно — у ім чакаюць фільмы з краін былога камуністычнага блока.
Конкурс ігравога кіно “Маладосць на маршы” — тут спаборнічаюць дэбюты з усяго свету.
У асноўны конкурс дакументальнага кіно прымаюцца поўнаметражныя і дакументальныя карціны сярэдняга метру з краін былога камуністычнага блока.
Конкурс нацыянальных кінашкол запрашае да ўдзелу дакументальныя студэнцкія, у тым ліку дыпломныя работы з усяго свету.
Пяты конкурс “Лістападзік” — фільмы для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі.
Асобна некалькі слоў пра Нацыянальны конкурс. Фармат яго гучна абмяркоўваўся ў мінулым годзе, і сёлета ён мае такія патрабаванні. “[У конкурсе] удзельнічаюць поўнаметражныя, сярэднеметражныя і кароткаметражныя ігравыя, дакументальныя і анімацыйныя карціны, створаныя беларускімі аўтарамі на тэрыторыі Беларусі і за яе межамі, а гэтаксама фільмы, знятыя замежнымі кінематаграфістамі, у цэнтры якіх — Беларусь, яе мінулае і цяперашняе”. На дадзены момант, як паведаміў каардынатар Нацыянальнага конкурсу Мікалай Лаўрынюк, на ўдзел у беларускай праграме даслана 19 заявак.