Дызайн. Трамвай. УНОВИС.

№ 18 (1457) 02.05.2020 - 08.05.2020 г

У горадзе на Дзвіне завяршыўся Міжнародны конкурс плакатаў
“Пакуль тэрмін рэалізацыі праекта вызначыць складана, але мы перадалі канцэпты афармлення трамваяў у Віцебскае трамвайна-тралейбуснае ўпраўленне”, — дзеліцца звесткамі завадатар яшчэ адной яскравай ініцыятывы ў год 100-годдзя УНОВИСа, дацэнт кафедры дызайна і моды Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Наталья Тарабука. Гаворка зараз — пра Міжнародны конкурс плаката “УНОВИС. ХХІ стагоддзе”, што ўпершыню сёлета прайшоў у горадзе на Дзвіне, і сабраў работы амаль паўтары сотні ўдзельнікаў з 15 краін. Адна з намінацый конкурсу так і называлася — плакат-канцэпт трамвая “утвердителей нового искусства”. Арганізатары спадзяюцца, што пандэмія ўсё ж не перашкодзіць увасабленню ідэй мастакоў, што даслалі свае творы на конкурс.

/i/content/pi/cult/796/17112/06.JPG— Мы хацелі працягнуць гэту традыцыю, распачатую сто гадоў таму, аб’яднаннем навучэнцаў і педагогаў Віцебскага народнага вучылішча на чале з Казімірам Малевічам, — распавядае Наталля Тарабука. — УНОВИС афармляў транспарт і дэкарыраваў наш горад да рэвалюцыйных святаў. Ужо ў нашым стагоддзі практыку аздаблення трамваяў працягнула ў свой час Валянціна Кірылава, рэалізаваўшы праект маладых віцебскіх мастакоў. Мы са свайго боку вырашылі падхапіць гэту эстафету, уключыўшы падобны кірунак у новую ініцыятыву.

/i/content/pi/cult/796/17112/05.JPGУсяго ж у міжнародным конкурсе было тры намінацыі: “УНОВИC 100” — прысвечаная юбілею аб’яднання, “УНОВИС+УНОВИС-”, якая прапаноўвала разгледзець у цэлым уздзеянне спадчыны “утвердителей нового искусства” на дызайн, шляхі трансфармацыі мастацтва і дызайна, і вышэйзгаданая намінацыя — плакат-канцэпт трамвая УНОВИС.ХХІ век, спалучаная ў пэўнай ступені з ідэяй самаідэнтыфікацыі Віцебска.

— УНОВИС — гэта ўнікальная з’ява ў культуры, што паўплывала на дызайн ХХ і ХХІ стагоддзяў, — падкрэслівае Наталля Тарабука, — таму мне падаецца, што падобны конкурс плакатаў цалкам заканамерна мусіць ладзіцца пад эгідай “утвердителей нового искусства”. І для Віцебска — гэта спадчына, якая робіць горад унікальным.

Арганізатары творчага агляду, у лік якіх уваходзіў Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт і Музей гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва, былі ўсцешаны той цікавасцю, якую выявілі мастакі да конкурснай ініцыятывы: у Віцебск было даслана больш за 300 плакатаў.

— Першы блін выйшаў не камяком, а цалкам ядомым, — жартуе старшы навуковы супрацоўнік Віцебскага цэнтра сучасных мастацтваў Алена Свістунова. — Мы атрымалі шмат яскравых работ. Нам даслалі свае творы мастакі нават з такіх краін як Эквадор і Чылі.

У рамках конкурснай ініцыятывы ў сценах Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва была зладжана адмысловая выстава “100 плакатаў #UNOVIS100”, якая прэзентавала публіцы найбольш цікавыя творы па меркаванні міжнароднага журы конкурсу. Эксперты на чале з Петэрам Банковым з Чэхіі здзейснілі адбор, нагадаем, больш чым з 300 работ. Рэалізацыі выставачнага праекта садзейнічала кампанія А1, якая дапамагла з якасным друкам плакатаў.

— Зараз калекцыя конкурсных твораў уключаецца ў фонды ўстановы, — удакладняе Алена Свістунова. — Ёсць ужо далейшыя планы зладзіць выставу лаўрэатаў і журы “УНОВИС. ХХІ стагоддзе” ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі, а таксама ў Нідэрландах. Але пакуль з-за сітуацыі, якая склалася, цяжка гаварыць аб пэўных тэрмінах, — дадае супрацоўніца ВЦСМ.

Важна зазначыць, што ў конкурсе прадугледжваўся ўдзел дзвюх груп: прафесіяналаў і студэнтаў. І, як адзначаюць спецыялісты, маладое пакаленне паказала сябе не менш яскрава і ўпэўнена за старэйшых калег.

— Плакаты маладых мастакоў былі не ніжэй па ўзроўні за прафесіяналаў, — кажа Наталля Тарабука.— Работы Мікіты Расолькі з Польшчы, лічу, цалкам заслужана атрымалі першае месца ў сваёй групе.

Поспех выставы плакатаў у маладога пакалення адзначае і Алена Свістунова.

— Шмат маладых людзей было на адкрыцці выставачнага праекта. Ды ў цэлым — заўважна, што моладзь не засталася абыякавай да твораў дызайнераў. Яна ахвотна прымала ўдзел у галасаванні паводле сцвярджэння ўладальніка Прыза глядацкіх сімпатый.

На сёння арганізатары не адмаўляюцца ад ідэі паўторнага правядзення Міжнароднага конкурсу плаката — праз год.

— Выявілася, што гэта першы міжнародны конкурс дызайнерскіх плакатаў, які ладзіцца ў нашай краіне,  — пазначае трапнасць і своечасовасць віцебскай ініцыятывы Наталля Тарабука. — На маю думку, ён стаў выдатнай магчымасцю паказаць, што ідэі УНОВИСа не застылі, а працягваюць аказваць уплыў на сучаснае мастацтва, графічную і сэнсавую мову плаката, у цэлым, візуальны асяродак.

— Гэта ініцыятыва — адна са шматлікіх вялікіх праектаў у год 100-годдзя УНОВИСа, — каментуе культурную падзею і дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва Андрэй Духоўнікаў. — У нас не так шмат прэстыжных мерапрыемстваў, і “УНОВИС. ХХІ стагоддзе” стаў адным з іх. У цэлым, тое, што сёлета ідзе асэнсаванне феномена віцебскага мастацкага аб’яднання, яго спадчыны — мяне не можа не цешыць. УНОВИС — без перабольшання — з’яўляецца нацыянальным здабыткам, якім варта ганарыцца, і я вітаю кожны крок, які садзейнічае яго папулярызацыі. У хуткім часе Нацыянальны банк мусіць прэзенатаваць памятную манету ў гонар УНОВИС — і гэта таксама яшчэ адзін доказ прызнання мастацкага феномена віцебскай школы.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"