Ад дакументальнага вестэрна — да роўд-муві

№ 40 (1427) 05.10.2019 - 11.10.2019 г

У Санкт- Пецярбургу прайшоў кінафестываль “Пасланне да чалавека”
Андрэй Раднянскі, Сяргей Дварцавы, Гэір Хенінг Хопланд, Мерседэс Сталенхоф, Аляксандра Кандзі Лонге... — толькі некаторыя імёны з шэрагу пераможцаў Міжнароднага кінафестывалю дакументальных, кароткаметражных ігравых і анімацыйных фільмаў “Пасланне да чалавека”. Сёлета да іх ліку далучыўся Люк Ларэнцэн з ЗША — яго дакументальная стужка “Паўночная дапамога” пра працу хуткай дапамогі ў Мексіцы атрымала Гран-пры аднога з найвядомых кінафорумаў Расіі і Еўропы.

/i/content/pi/cult/765/16537/019.JPGЗдавалася б, знаёмая тэма для беларускага гледача, які толькі сёлета мог пабачыць карціну Галіны Адамовіч “Лебедзі”, галоўнымі героямі якой з’яўляюцца светлагорскія ўрачы хуткай дапамогі. Аднак “Паўночная дапамога”, якую па жанры можна акрэсліць як “дакументальны вестэрн”, фіксуючы працу сямейнай брыгады ў Мехіка, вымалёўвае карціну больш шырокую па змесце. Фільм Люка Ларэнцэна — гэта, у тым ліку, і камедыя, і драма, і трагедыя, што дае партрэт не толькі асобнай медыцынскай каманды, а цэлай сістэмы, у якой вымушаны працаваць героі. Дакументальнае кіно, дасканалае па змесце і форме, у якім героі вымушаны выратоўваць жыцці ў тых умовах, што ім даюцца, і часам цаной за памылку ў асабістым выбары можа стаць смерць пацыента.

/i/content/pi/cult/765/16537/020.JPGЯ адразу распачынаю свой агляд з непасрэдных уражанняў ад фільмаў, бо мне пашчасціла на фестывалі быць у складзе журы FIPRESCI. У фокусе ўвагі міжнароднай кінапрэсы — прагляд і ацэнка поўнаметражных дакументальных карцін конкурсу. І гэта задача аказалася як складанай, так і захапляльнай, бо праграма ХІХ Міжнароднага кінафестывалю “Пасланне да чалавека” была складзена з жарсцю і майстэрствам.

Пачнём толькі з жанраў. У конкурсе дакументальных поўнаметражных карцін панавалі фільмы самых розных стылістычных рамак. Напрыклад, стужка польскага рэжысёра Міхала Бяляўскага “Вецер. Дакументальны трылер” “замахнулася” на знаёмы жанр ігравога кіно — “трылер”. “Паўночны вандроўнік” Хасана Фазілі цалкам можна апісаць як “дакументальны роўд-муві”. У конкурснай падборцы, у пэўным сэнсе, можна адшукаць і дакументальную меладраму (“Краіна мёду”), эсе (“Парк “Лос Рэйс”), а адзначаная вышэй “Паўночная дапамога” Люка Ларэнцэна па духу і адлюстраванні ліхіх гонак машын хуткай дапамогі да месцаў здарэння цалкам можа прэтэндаваць на “дакументальны вестэрн”. Словам, неігравое кіно дэманстравала ўсе свае мастацкія грані, даказваючы, што яно ўжо даўно і ў каторы раз нічым не саступае ігравому.

Мяркую, што зараз самы час нагадаць чытачу, як нарадзіўся фестываль “Пасланне да чалавека”, праграма якога сёння выглядае такой прадстаўнічай. Гісторыя форуму сягае ў 1989 год, калі намаганнямі славутага савецкага рэжысёра-дакументаліста Міхаіла Літвякова з дакументальнай секцыі Маскоўскага кінафестывалю “вырасла” асобная кінападзея. Праз пэўны час да асноўнай праграмы форуму далучыліся конкурс ігравога і анімацыйнага кіно, фестываль перажываў часы ўзлётаў і крызісаў, але факт застаецца фактам: дакументалістыка — па-ранейшаму яго сэрца.

/i/content/pi/cult/765/16537/021.JPGЗ 2010 года прэзідэнтам “Паслання да чалавека” з’яўляецца рэжысёр Аляксей Учыцель, вядомы гледачам па ігравых стужках “Матыльда”, “Космас як прадчуванне”, “Шпацыр” “Дзённік яго жонкі”. Аднак варта адзначыць, што пачынаў Аляксей Яфімавіч менавіта як дакументаліст, і яго падтрымка фестывалю сыграла вырашальную ролю.

У цэлым, пераемнасць, каштоўнаць традыцый расійскага кіно захоўваецца на “Пасланні да чалавека”. Міхаіл Сяргеевіч Літвякоў, які да гэтай пары з’яўляецца Ганаровым прэзідэнтам “Паслання…”, мае сваю імянную ўзнагароду — сёлета яе атрымала маладая расійская рэжысёрка Ангеліна Марозава за фільм “Адзінокія сэрцы”. Уручаецца на цырымоніі закрыцця і Прыз за ўклад у кінамастацтва. Ім зараз быў уганараваны славуты савецкі рэжысёр і сцэнарыст анімацыйнага кіно Андрэй Хржаноўскі. Падчас атрымання ўзнагароды кінематаграфіст узнавіў адну са сцэн зацвярджэння ягоных стужак на студыі — карціны рэжысёра папракалі ў сюррэалізме. “Але гэта наш, савецкі сюррэалізм”, — прагучаў аргумент, што дазволіў Андрэю Хржаноўскаму зацвердзіць свае пазіцыі ў мастацтве, і далей — у гісторыі кіно.

Флёр ленінградскай дакументальнай школы, удзел знаных расійскіх кінематаграфістаў натуральным чынам спалучаецца на фестывалі з прысутнасцю замежных гасцей. Ужо выклікаў вялікую хвалю цікавасці візіт у Санкт-Пецярбург Удо Кіра — культавага нямецкага акцёра, сябра Ларса фон Трыера і паплечніка Эндзі Уорхала. Ролі, што стварылі славу артыста, — граф Дракула і Франкенштэйн у фільмах Пола Марысі… Але таксама ў яго творчай біяграфіі супрацоўніцтва з Райнерам Фасбіндэрам, Гасам Ван Сэнтам, Вернерам Хэрцагам, Дарыа Арджэнта… Яскравая дэманічная знешнасць акцёра ўраўнаважваецца яго дасціпнасцю і адкрытасцю, што паланілі ўсіх на фестывальных сустрэчах. Варта дадаць, што Удо Кір прадстаўляў на форуме ігравую стужку “Размаляваная птушка” чэшскага рэжысёра Вацлава Мархула, якая ў маі прагучала ў Канах. Фільм, заснаваны на аднайменным рамане Ежы Касінскага, дзе дзеянне адбываецца падчас Другой сусветнай вайны на ўмоўнай славянскай тэрыторыі, акцёр прадставіў так: “Многія папракаюць карціну ў празмернай жорсткасці. Але давайце ўзнавім Халакост, злачынствы якога да гэтай пары не ўкладваюцца ў галаве”. Удо Кір назваў стужку ўражвальнай, ды ўзнавіў сваё дзяцінства, якое выпала на пасляваенныя гады. “Размаляваная птушка” — кіно, якое і сапраўды можа шакаваць, але яго адметнасць — не адно знешнія рэчы, а роздум пра тое, што ёсць вайна і зло ў душы чалавека, адкуль яны прыходзяць. “Галоўны ў гэтым фільме хлопчык, а мы ўсе — толькі персанажы вакол яго”, — падсумаваў нямецкі акцёр.

Дадам, што сярод ганаровых гасцей форуму сёлета былі японскі класік дакументалістыкі Кадзуо Хара, нямецкі эксперыментатар Томас Хайзе, галандская актрыса Ёхана Тэр Стэхе… Асобы, творчасць якіх дае магчымасць адкрыць асаблівы і аўтарскі кінематограф, што штурхае да рэфлексій і самаспасціжэння.

Зрабіўшы невялікі эскіз фестывалю, дазвольце вярнуцца да яго дакументальнай праграмы, што была выбудавана з вялікім густам і вытанчанасцю. Адной з тэматычных ліній конкурсу стаў канфлікт глабальнага свету з яго культам спажывецтва, законамі рынку — і традыцыйных, лакальных культур; горада і прыроды ў самых розных праявах.

Распачынала праграму латвійская стужка Эліты Клявіня “Зарана Харобрая”, што падымала ў азначаным кантэксце праблему “бацькоў і дзяцей”. Сямнаццацігадовая дзяўчына Зарана, маладая мама двух сыноў, вымушана жыць паміж вёскай, дзе бабуля гадуе яе дзяцей, і горадам, што дае ёй працу. Умовы пражывання на аддаленым хутары ў вёсцы далёкія ад ідэальных. Тым не менш, мама Зараны пераканана: самае каштоўнае, што могуць даць бацькі малым, — гэта асабістую прастору, кантакт з прыродай, космасам, што застанецца ў душы дзяцей назаўжды. Гучыць выдатна, але калі на адваротным баку медаля магчымасць заробку, гарачая вада ў студэнцкім інтэрнаце мужа ды іншыя выгоды — у тым ліку інтэрнэт, — ёсць пра што спрачацца. Зарана ўсё ж забірае дзяцей у горад, пакідаючы маці ў яе ўласным вольным выраі са старой печкай і коткамі на ёй. Сыход традыцыйных фармацый, складаныя эканамічныя рэаліі — рэжысёрка пазначае некалькі “балявых кропак” постсавецкага грамадства, пакідаючы адкрытым пытанне пра будучыню маладога пакалення.

Супрацьстаянне паміж сваім, адкрытым і добразычлівым, і чужым — як староннім ды беспрынцыпным — адлюстроўваецца ў македонскай стужцы “Краіна мёду” Любаміра Стэфанава і Тамары Катэўскай. Перад намі — новая грань канфлікту розных поглядаў на жыццё, і адпаведна ладу жыцця.

Хаціжа жыве ў закінутай македонскай вёсцы і разводзіць пчол, кіруючыся прынцыпамі беражлівага стаўлення да атачэння. Многае змяняецца з прыходам у сяло Хусейна з вялікай сям’ёй і статкам у 150 кароў. Заўважаючы поспех суседкі, гаспадар таксама пачынае шчыраваць на пчалярскай ніве, але робіць гэта з мэтай спажывы, прыкрываючыся клопатам пра блізкіх. Ён літаральна разарае Хаціжу, спусташаючы яе прыродныя вуллі. Фільм зачароўвае сваім неразыграным, жыццёвым сюжэтам і адначасова сузіральнасцю, прыгажосцю. Тут і маляўнічыя віды македонскіх гор, і выразная знешнасць галоўнай гераіні, ігра святла і ценю ў пакоі, дзе жыве яе старая маці, неверагодныя сцэны збору мёду: спакой і песня Хаціжы, і, у суседнім двары — пакусаныя дзеці Хусейна. Вядома, канфлікт у стужцы нельга зводзіць да літаральнага сутыкнення вёскі і горада — гаворка тут больш пра ўплыў спажывецкай культуры, ды увогуле пра чалавечую прагнасць, якая пераўтварае “краіны мёду”, багаты край у спустошаныя землі.

Цалкам нечаканы погляд на прыцягальны свет замежных краін прапанавала стужка “За морам” французскай рэжысёркі паўднёва-карэйскага паходжання Сун-Юн-а. У аснове фільма — фіксацыя будняў вучэбнага цэнтра на Філіпінах, дзе пераважна маладыя жанчыны праходзяць адмысловую школу персанала. Слухачкі курсаў вучацца накрываць на стол, прыбіраць дом, даглядаць за дзецьмі, старымі людзьмі — быць кваліфікаванай абслугай. Мэта — уладкавацца на працу “за мяжу”, бо зарабіць на радзіме амаль немагчыма. Акрамя асноўных прадметаў, жанчын у ігравой форме знаёмяць з тымі сітуацыямі, у якія яны могуць патрапіць “за морам”. І вось тут адкрываецца ўся праўда пра далёкі свет: сярод цяжкасцяў — і заўвагі з боку гаспадынь, адсутнасць вольнага часу, нават каб паесці, урэшце, харасмент, гвалт з боку мужчын. Пры гэтым, як можна заўважыць, выклік паліцыі — сярод апошніх сродкаў абароны філіпінскіх работніц. У першую чаргу жанчыны мусяць звяртацца ў свае агенцтвы па працаўладкаванні, абараняцца самім.

Карціна Сун-Юн-а выразна дэманструе, што ў сённяшнім глабальным свеце паняцце “клас”, на жаль, далёка не зніклая з’ява. Жыхары развітых краін пераважна наймаюць у прыслугу жыхароў бяднейшых дзяржаў, і зрабіць з гэтым тут анічога нельга. “Памятайце першае правіла, — нагадвае трэнерка слухачкам. — Мы трываем усё дзеля сям’і”. “За морам” выкрывае заганы капіталістычнай сістэмы, і мужнасць тых жанчын, якія, нягледзячы на ўсе магчымыя праблемы, імкнуцца забяспечыць сваім дзецям лепшую будучыню.

Ад пытання пра класавыя межы — да знаёмай позвы пра бежанцаў. “Паўночны вандроўнік” Хасана Фазілі  (сбіваючы магчымы скепсіc) — адна з лепшых карцін праграмы. (Ды, забягаючы наперад, менавіта ёй журы FIPRESCI аддало свой голас). Стужка зроблена на тры мабільныя тэлефоны. Анічога звыш — фіксацыя паўсядзённасці афганскай сям’і, што вымушана шукаць прытулак за межамі сваёй краіны. Яе глава — і аўтар карціны — Хасан Фазілі — зрабіў кіно, за якое талібы аб’явілі на яго паляванне на радзіме.

Колькі навінаў ужо бачыў глядач пра падарожжы эмігрантаў у Еўропу, але “Паўночны вандроўнік” — гэта сапраўдны твор мастацтва. Блізкая дыстанцыя — вось што кранае спакушаную разнастайнымі рэпартажамі публіку. Рэжысёр адлюстроўвае не толькі сваё падарожжа, небяспечнае па шматлікіх параметрах, але інтымную гісторыю сям’і. Па-сутнасці, у стужцы ёсць і яшчэ адзін расказчык — маленькія дзяўчынкі, дачкі, асабліва старэйшая, Наргіз, што рэагуе на падзеі з непрыхаванай непасрэднасцю. Тут вам і начлег на халоднай зямлі ў лесе, і насякомыя, што “грызуць” малых у прытулку для бежанцаў, і пагрозы кантрабандыстаў, і слёзы ад стомленасці і страху. А таксама — смех і свавольствы, любоў і радасць, ды танцы пад песні Майкла Джэксана ў адным з чарговых лагераў. У фільме аўтар знаходзіць месца і размовам пра кіно, уласнай рэфлексіі з таго, як далёка можа зайсці рэжысёр дзеля фільма, абмеркаванням, ці варта яго дачцы пакрываць галаву, жартам з жонкай... Прыватная Адысея, што высвечвае знаёмую тэму ў нечаканым ракурсе. Асабісты дзённік у эпоху постпраўды. І варта адзначыць, што выбітнай гэтую гісторыю робіць менавіта талент рэжысёра, які паказаў, што любоў і чалавечнасць — каштоўнасці без пазнакі нацыянальнасці — іх убачыць і зразумее кожны.

Як захаваць уласную культуру, сям’ю і любоў у грамадстве, хваробы якога: ад спажывецтва — да беднасці? Як паступаць правільна, калі няма дакладных правіл і справядлівасці? Як зразумець сябе і свае патрэбы? Як супрацьставіць гвалту чалавечнасць? У кожным фільме праграмы “Паслання да чалавека” гучаў асабісты голас аўтара, што адрасаваў свой пасыл людзям па той бок экрана. І выдатна, што гэты зварот быў пачуты, адгукнуўшыся ў сэрцы гледача.

Ды яшчэ мне падумалася вось пра што. Залы міжнароднага кінафестывалю ў Санкт-Пецярбургу ніколі не пуставалі. Па словах яго каманды, гэта плён шматгадовай працы, і — адпаведна — фарміраванне сваёй публікі. Узнаўляючы цудоўны конкурс дакументальнага кіно на “Лістападзе”, куратарам якога з’яўляецца Ірына Дзям’янава, мне падаўся цалкам магчымым і перспектыўным яго рост у асобны кінафестываль дакументальнага кіно. Гэта мая выснова і пасланне з расійскага форуму — давайце ладзіць свой дакументальны фэст. Ён таго варты.

Фота прадстаўлена прэс-цэнтрам фестывалю “Пасланне да чалавека”.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"